Кніга Эзэкіэля Раздзел 34 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:

2«Сын чалавечы, праракуй пра пастыраў Ізраэля, праракуй і кажы пастырам: гэта кажа Госпад Бог: “Гора пастырам Ізраэля, якія пасвілі самі сябе! Ці ж пастыры не павінны пасвіць статак?

3Вы пілі малако, і апраналіся ў воўну, і забівалі, што тлустае, аднак статак авечак не пасвілі:

4што слабое было — не ўзмацнілі, і што хворае — не аздаравілі; што было скалечанае — не перавязалі, і што выгнана было — не прывялі назад, і згубленага не шукалі, і абыходзіліся з тым, што дужае, з гвалтам.

5 Ліч. 27:17; 1Цар. 22:17; Мц. 9:36; Мк. 6:34 Ды рассыпаліся авечкі Мае, бо не мелі пастыра; і сталі здабычаю ўсіх дзікіх палявых звяроў, і разбегліся.

6Блукалі статкі Мае на ўсіх гарах і на кожным высокім узгорку, і па ўсёй паверхні зямлі разбегліся статкі Мае; і ніхто пра іх не пытаўся, ніхто іх не шукаў”.

7Дзеля таго вы, пастыры, слухайце слова Госпада:

8“Жыву Я, — кажа Госпад Бог, — за тое, што статак Мой стаў рабункам і авечкі Мае сталі здабычай дзікім палявым звярам, бо не мелі пастыра, бо пастыры Мае не шукалі статак Мой, але пасвілі пастыры саміх сябе і статка Майго не пасвілі”,

9дзеля таго вы, пастыры, слухайце слова Госпада.

10Вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я Сам супраць пастыраў. З рукі іх Я запатрабую статак Мой і спыню іх, каб яны болей не пасвілі статка і каб больш тыя пастыры не пасвілі саміх сябе; і Я вызвалю статак Мой з іх пашчы, і не будзе ён больш служыць ім на жыраванне”.

11Бо вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я Сам буду шукаць Маіх авечак і буду наведваць іх.

12Як аглядае пастух статак свой у дзень, калі знаходзіцца сярод рассыпаных авечак сваіх, так Я наведаю авечак Маіх ды вызвалю іх з усіх месцаў, у якія былі яны рассыпаны ў дзень хмарны і туманны.

13І выведу іх з народаў, і збяру іх з земляў, і вярну іх у зямлю Сваю, і буду пасвіць іх на гарах Ізраэля, па лагчынах і па ўсіх абжытых месцах зямлі.

14Буду пасвіць іх на самых сакавітых пашах, і пашы іх будуць на высокіх гарах Ізраэля; там будуць адпачываць на зялёных травах і на сакавітых пашах будуць пасвіцца на гарах Ізраэля.

15Я буду пасвіць авечак Маіх, і Я дазволю ім адпачыць, — кажа Госпад Бог.

16Што было згублена — знайду, і што было выгнана — прывяду, і што было скалечана — перавяжу, і што было хворае — вылечу, і тлустае і моцнае знішчу. Буду пасвіць іх справядліва”.

17 Мц. 25:32, 33 Да вас жа, статак Мой, вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я буду судзіць авечак, бараноў і казлоў.

18Ці ж мала вам было добрай пашы на выпасы? Чаму ж і астатнія вашы пашы вы павытоптвалі нагамі сваімі і чаму калі пілі вы найчысцейшую ваду, то астатнюю каламуцілі вашымі нагамі?

19І авечкі Мае мусілі пасвіцца на тых месцах, якія вытаптаны былі вашымі нагамі, і піць тое, што забрудзілі вашы ногі”.

20Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог да іх: “Вось, Я Сам буду судзіць між авечкай сытай і худою;

21дзеля таго, што вы ўсіх слабых жывёл адпіхвалі бакамі і плячамі ды піхалі іх сваімі рагамі, пакуль не рассыпаліся яны звонку,

22Я збаўлю Мой статак, і больш не будзе ён здабычай, і буду судзіць між авечкай і авечкай.

23 Эзэк. 37:24-26 Адкр. 7:17 Вось, Я пастаўлю для іх аднаго пастыра, паслугача Майго Давіда, які будзе іх пасвіць; ён будзе іх пасвіць, і ён будзе ім пастырам.

24 Ярэм. 30:9; Эзэк. 37:24 А Я, Госпад, буду для іх Богам, і паслугач мой Давід будзе князем сярод іх. Я, Госпад, сказаў гэта.

25 Ос. 2:18 Ды заключу з імі запавет міру, і дзікіх звяроў найгоршых вынішчу з зямлі, і будуць яны пражываць спакойна ў пустыні і адпачываць у лясах;

26і дабраслаўлю іх, і землі вакол узвышша Майго, і буду пасылаць дождж у свой час: гэта будзе дождж дабраславенства.

27І палявое дрэва будзе даваць плады свае, і зямля радзіць будзе, і будуць яны жыць спакойна ў сваёй зямлі, і даведаюцца, што Я — Госпад, калі скрышу кайданы іх і вырву іх з рукі прыгнятальнікаў іх.

28І не будуць яны больш здабычай народаў, ані дзікія звяры зямлі не будуць іх пажыраць, але будуць яны жыць спакойна і без аніякага страху.

29І вырашчу ім парастак слаўны, і не будуць яны болей гінуць з голаду на зямлі, ды не будуць болей зносіць знявагі народаў;

30І зразумеюць, што Я — Госпад Бог з імі, і яны — народ Мой, дом Ізраэля”, — кажа Госпад Бог.

31“А вы — статак Мой, статак пашы Маёй, і Я Госпад, Бог ваш”, — кажа Госпад Бог».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help