1Ярам, сын Ахаба, узяў уладу над Ізраэлем у Самарыі на васемнаццаты год Язафата, цара Юдэі, і цараваў дванаццаць гадоў.
2І дапускаўся ён усякага ліха перад Госпадам, але не так, як бацька яго і маці; бо ён прыняў слуп Баала, які зрабіў бацька яго.
3Трываў ён, аднак, у грахах Ерабаама, сына Набата, які навучыў грашыць Ізраэль, і не адступіў ад іх.
4А Мэса, цар Мааба, гадаваў многа жывёлы і даваў цару Ізраэля сто тысяч авечак і воўну са ста тысяч бараноў.
5 2Цар. 1:1 Але пасля смерці Ахаба ён парушыў дагавор, які меў з царом Ізраэля.
6Такім чынам, цар Ярам выйшаў у той дзень з Самарыі і зрабіў агляд усяго Ізраэля;
7 1Цар. 22:4 і ў дарозе ён паслаў Язафату, цару Юдэі, пасланцоў, паведамляючы: «Цар Мааба ўзбунтаваўся супраць мяне. Ці хочаш пайсці са мной ваяваць супраць Мааба?» Той адказаў: «Пайду. Як ты, так і я, як твой народ, так і мой народ, як твае коннікі, так і мае коннікі».
8І запытаўся: «Якой дарогай мы пойдзем?» А ён адказаў: «Праз Эдомскую пустыню».
9Такім чынам, рушылі цар Ізраэля, і цар Юдэі, і цар Эдома і ішлі па дарозе сем дзён; і не было вады ў войска, ані ў жывёлы, што ішла за імі.
10І сказаў цар Ізраэля: «Бяда! Сабраў Госпад трох цароў, каб выдаць у рукі Мааба».
11І запытаўся Язафат: «Ці няма тут прарока Госпадава, каб праз яго спытаць Госпада?» І адказаў адзін з паслугачоў цара Ізраэля: «Ёсць тут Элісей, сын Сафата, які паліваў вадой рукі Іллі».
12І кажа Язафат: «Ён мае слова Госпада». І пайшлі да яго цар Ізраэля, і Язафат, і цар Эдома.
13І сказаў Элісей цару Ізраэля: «Што табе да мяне? Ідзі да прарокаў бацькі твайго і да прарокаў маці сваёй». І сказаў яму цар Ізраэля: «Ці ж не сабраў Госпад трох цароў гэтых, каб аддаць іх у рукі Мааба?»
14І сказаў Элісей: «Жыве Госпад Магуццяў, перад абліччам Якога я стаю, калі б я не паважаў Язафата, цара Юдэі, не звярнуў бы ўвагі на цябе і не глянуў бы.
15Цяпер жа прывядзіце да мяне гусляра». І, калі гусляр зайграў, усклаў на Элісея руку Госпад,
16і ён пачаў прамаўляць: «Гэта кажа Госпад: “Выкапайце ў гэтай лагчыне равы побач равоў”.
17Бо гэта кажа Госпад: “Не ўбачыце ветру, ані дажджу, і лагчына гэтая запоўніцца вадою; і будзеце вы піць, і ваш статак, і ваша жывёла”.
18І гэтага яшчэ мала ў вачах Госпада: выдасць таксама Ён Мааб у рукі вашы,
19і вы зруйнуеце ўсе гарады ўмацаваныя і ўсе гарады лепшыя, і вы пассякаеце ўсе пладаносныя дрэвы, і засыплеце ўсе крыніцы водаў, і ўсе добрыя палі закідаеце камянямі».
20Такім чынам, сталася раніцай, калі звычайна складаецца ахвяра, і, вось, вада пацякла дарогаю Эдомскай. І запоўнілася зямля вадою.
21А ўсе маабцы, даведаўшыся, што падыходзяць цары, каб ваяваць супраць іх, склікалі ўсіх, здатных насіць зброю, ды сталі на мяжы.
22І, вельмі рана ўстаўшы, яшчэ на ўзыходзе сонца, на ўзвышшы, убачылі маабцы насупраць ваду чырвоную, як кроў,
23і закрычалі яны: «Гэта кроў сечы! Цары змагаліся паміж сабой і пазабівалі адзін аднаго. Цяпер хадзем па здабычу, маабцы!»
24І пайшлі яны ў лагер Ізраэля. Падняліся ж ізраэльцы і ўдарылі маабцаў так, што тыя кінуліся перад імі ўцякаць. Такім чынам, яны ішлі наперад, пераследуючы і забіваючы маабцаў.
25І зруйнавалі гарады, і закідалі ўсе добрыя палі камянямі, і засыпалі ўсе крыніцы водаў, і пассякалі ўсе пладаносныя дрэвы, так што засталіся толькі муры Кірхарэса; і абкружылі горад прашчнікі і закідвалі каменнямі.
26Калі цар Мааба ўбачыў, што перамагаюць ворагі яго, то ўзяў з сабой семсот чалавек, валодаючых мечам, каб прабіцца да цара Эдома; і не змаглі яны.
27Тады ўзяў ён сына свайго першароднага, які па ім меў цараваць, і склаў яго ў ахвяру цэласпалення на муры. І паўстала вялікая агіда ў ізраэльцаў, і яны адразу ж адышлі ад яго, і вярнуліся ў сваю зямлю.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
