Першая кніга Хронікаў Раздзел 29 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 1Пар. 22:5 І прамовіў цар Давід да ўсяго сходу: «Саламона, сына майго, адзінага выбраў Госпад — яшчэ маладога і кволага, — а справа важная: бо не для чалавека рыхтуецца жытло, але для Госпада Бога.

2 1Пар. 22:14 Я ж па магчымасцях усіх сваіх прыгатаваў матэрыял для дома Бога майго: золата на пасудзіны залатыя, і срэбра на срэбраныя, медзь — на медныя, жалеза — на жалезныя, дрэва — на драўляныя, камяні оніксавыя і камяні ўкладныя, цвёрды цэмент ды камяні розных колераў, і ўсякі каштоўны камень, і вельмі шмат мармуру пароскага.

3І звыш таго, з любові да дома Бога майго, аддаю з маёмасці маёй на дом Бога майго золата і срэбра, за выключэннем таго, што ўжо прыгатаваў на дом святы:

4тры тысячы талентаў золата з золата Афіра, сем тысяч талентаў срэбра найлепшага на пакрыццё сцен святыні;

5і дзе будзе патрэба: золата на прадметы залатыя, і дзе будзе патрэба: срэбра на прадметы срэбраныя і на ўсялякія ручныя вырабы мастакоў; і калі хто з вас мае ахвоту ўскласці ахвяру, хай напоўніць руку сваю сёння ды ахвяруе, што жадае, Госпаду».

6Так добраахвотна ўсклалі ахвяру кіраўнікі родаў, і кіраўнікі пакаленняў Ізраэля, таксама тысячнікі і сотнікі, і загадчыкі работ царскіх;

7і далі яны на пабудову дома Божага: золата — пяць тысяч талентаў і дзесяць тысяч салідаў золата; срэбра дзесяць тысяч талентаў; і медзі — васемнаццаць тысяч талентаў; таксама жалеза — сто тысяч талентаў.

8 1Пар. 26:20, 21 І ў каго знайшліся дарагія камяні, то аддалі іх у скарбоўню дома Госпадава на рукі Ягіэля Гэрсаніта.

9Дык цешыўся народ дзеля ахвотнага сэрца тых, што ўсім сэрцам ускладалі ахвяру Госпаду; але і Давід цар быў перапоўнены вялікаю радасцю.

10І дабраславіў Госпада перад усёй супольнасцю, кажучы: «Дабраславёны Ты, Госпадзе, Божа Ізраэля, бацькі нашага, спакон вякоў.

11 Мц. 6:13 Твая, Госпадзе, веліч і магутнасць, слава, хвала і хараство. Усё бо, што ў небе і што на зямлі, — Тваё ёсць. Тваё, Госпадзе, валадарства, і Ты, як Галава, узносішся над усім.

12Ад Цябе багацце і слава, Ты валадарыш над усім. У руцэ Тваёй моц і магутнасць, Рукою Сваёю ўзвышаеш і ўмацоўваеш усё.

13Дык цяпер, Божа наш, дзякуем Табе і славім праслаўленае імя Тваё.

14Хто я, хто народ мой, каб маглі мы Табе ўсё гэта скласці ў ахвяру? Тваё ўсё гэта і тое, што з рукі Тваёй мы атрымалі, аддалі Табе.

15 Пс. 39:13 Пілігрымы мы перад Табою і чужынцы, як былі ўсе бацькі нашыя; дні нашыя, як цень над зямлёю, і няма надзеі.

16Госпадзе, Божа наш, усё гэта багацце, якое мы прыгатавалі, каб пабудаваць дом святому імю Твайму, — з рукі Тваёй і Тваё ёсць усё.

17Ведаю, Божа мой, што Ты выпрабоўваеш сэрцы і любіш шчырасць; таму і я ў шчырасці сэрца свайго радасна ахвяраваў усё гэта, і народ Твой, які тут прысутнічае, як я бачыў, з вялікаю радасцю, ахвотна, ускладаў Табе дары.

18О Госпадзе, Божа Абрагама, і Ізаака, і Ізраэля, бацькоў нашых, захавай навек гэтую волю сэрца іх; і хай заўсёды сэрца іх ставіцца да Цябе з пашанаю.

19Саламону ж, сыну майму, дай таксама сэрца дасканалае, каб захоўваў прыказанні Твае, сведчанні Твае і законнасць Тваю, і хай зробіць усё і пабудуе святыню, на якую я ўсё прыгатаваў».

20І Давід загадаў усёй супольнасці: «Дабраславіце Госпада, Бога вашага!» І дабраславіла ўся супольнасць Госпада, Бога бацькоў сваіх; і пакланіліся, і аддалі паклон Госпаду і пасля цару.

21І ў наступны дзень склалі ахвяры Госпаду і ахвяравалі цэласпаленні: тысячу быкоў, тысячу бараноў ды тысячу ягнят разам з іх ахвярамі вадкімі ды найбагацейшымі ахвярамі за ўвесь Ізраэль.

22Ды елі і пілі перад Госпадам у той дзень з вялікаю радасцю; і ў другі раз абвясцілі царом Саламона, сына Давіда, дый намасцілі яго ў імя Госпада валадаром, і Садока — першасвятаром.

23 1Цар. 2:12 І Саламон сеў на пасадзе Госпада, каб быць царом замест Давіда, бацькі свайго, і шчаслівілася яму, і ўвесь Ізраэль быў яму паслухмяны.

24Ды ўсе князі, і асілкі, і сыны цара Давіда падпарадкаваліся цару Саламону.

25Так Госпад узвялічыў Саламона ў вачах усяго Ізраэля і даў яму славу царскую, якой не меў перад ім ніводзін цар Ізраэля.

26Гэтак Давід, сын Ясэя, быў царом усяго Ізраэля.

27 2Сам. 5:4, 5; 1Пар. 3:4 І час царавання над Ізраэлем — сорак гадоў: у Геброне цараваў сем гадоў, і ў Ерузаліме — трыццаць тры.

28І памёр у добрай старасці, у поўні дзён, і ў багацці, і ў славе, і па ім цараваў сын яго — Саламон.

29Дзеянні ж цара Давіда, першыя і апошнія, былі апісаны ў Кнізе Самуэля Прадракальніка ды ў Кнізе Натана Прарока і ў Кнізе Гада Прадракальніка,

30і ўсё цараванне яго, і магутнасць, і час, што прайшоў пад яго ўладаю, і ва ўсіх царствах зямлі.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help