1-я Кніга Макабэяў 7 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 2Мак. 14:1-10 У сто пяцьдзесят першым годзе Дэмэтрый, сын Сэлеўцыя, адправіўся з Рыма і з невялікім войскам высадзіўся ў марскім горадзе і стаў там царом.

2І здарылася, што, калі ён увайшоў у палац бацькоў сваіх, войска схапіла Антыёха і Лісію, каб прывесці іх да яго.

3І калі яму аб гэтым далі знаць, сказаў ён: «Не паказвайце мне твараў іх».

4Ды войска замардавала іх да смерці, і Дэмэтрый сеў на пасадзе царства свайго.

5І прыйшлі да яго ліхотнікі і бязбожнікі з Ізраэля, і іх кіраўніком быў Альцым, які хацеў стаць святаром.

6І абвінавацілі яны народ перад царом: «Юда разам з братамі сваімі знішчыў усіх прыяцеляў тваіх дый нас выгнаў з зямлі нашай;

7дык цяпер пашлі чалавека, якому верыш, хай пойдзе ён і ўбачыць вялікую крыўду, якую ён зрабіў нам і царскай зямлі, ды хай пакарае іх і ўсіх, хто ім дапамагае».

8І цар выбраў аднаго з прыяцеляў сваіх, Бакхіда, які спраўляў уладу за ракой, паважанага ў царстве і вернага цару.

9І яго паслаў цар разам з бязбожным Альцымам, якога паставіў святаром, і загадаў яму ўчыніць помсту сынам Ізраэля.

10І пайшлі яны, і прыбылі разам з вялікім войскам у зямлю Юды; і ён паслаў пасольства да Юды і да яго братоў, з прапановай супакою, але з падступнай.

11І яны не паверылі іх словам; убачылі бо, што яны прыбылі з вялікім войскам.

12І ў Альцыма і Бакхіда сабраўся сход кніжнікаў, каб параіцца, як справядліва дзейнічаць;

13і першыя з сыноў Ізраэля – асыдэйцы – стараліся супакой заключыць з імі.

14Казалі бо яны: «Разам з войскам прыйшоў святар з роду Аарона, і не павінен нас падмануць».

15І ён пагаварыў з імі словамі супакою і пакляўся ім, кажучы: «Не прычынім вам ліха, ані прыяцелям вашым».

16І паверылі яны яму. І ён схапіў шэсцьдзесят з іх і ў адзін дзень забіў іх паводле слоў Святога Пісання:

17 Пс. 79:2, 3 «Целы Тваіх святых кінулі і кроў іх разлілі вакол Ерузаліма, і не было каму іх пахаваць».

18Ды ахапіў страх перад імі і боязь увесь народ, бо яны казалі: «Няма ў іх праўды і законнасці; бо зламалі клятву, якою кляліся, і дагавор».

19І Бакхід адступіў ад Ерузаліма і наблізіўся да Бэтсайды; і ён загадаў схапіць многіх з тых, якія ўцяклі ад яго, і некаторых паміж людзей забіў і ўкінуў у вялікі вадаём.

20І Бакхід даручыў край той Альцыму, і пакінуў з ім войска ў дапамогу яму, і вярнуўся ён да цара.

21І Альцым змагаўся за ўладу першасвятара;

22і да яго сышліся ўсе, якія прыгняталі народ свой, і авалодалі яны зямлёй Юды, і спрычынілі Ізраэлю вялікае гора.

23І Юда ўбачыў усё ліха, якога дапусціўся Альцым і яго прыхільнікі адносна сыноў Ізраэля, значна большае, чым пагане;

24ды абышоў вакол усе землі Юдэі, спаганяючы помсту на адступнікаў, так што яны не маглі перамяшчацца па краіне.

25А калі Альцым пераканаўся, што Юда і яго прыхільнікі набралі сілы, і зразумеў, што не можа ім супрацьстаяць, дык вярнуўся да цара і абвінаваціў іх у злачынствах.

26 2Мак. 14:12, 13 Тады цар паслаў Міканора, аднаго з выдатнейшых сваіх кіраўнікоў, які ненавідзеў Ізраэль і варожа адносіўся да яго; і загадаў яму знішчыць народ.

27 2Мак. 14:19 Дык прыбыў Міканор у Ерузалім разам з вялікім войскам і паслаў да Юды і братоў яго пасольства, дзе ў супакойных словах, але падступна прапанаваў:

28«Хай між мною і вамі не будзе вайны; прыбуду з нямногімі ваярамі з супакоем, каб пазнаёміцца з вамі».

29І прыбыў да Юды, і ўзаемна па-сяброўску прывіталіся, і непрыяцелі прыгатаваліся, каб схапіць Юду.

30 2Мак. 14:30 І Юда даведаўся, што ён падступна прыйшоў да яго, і спалохаўся яго, і болей не пажадаў бачыць аблічча яго.

31І Міканор здагадаўся, што намер яго раскрыты, ды выступіў супраць Юды ў бой каля Хафарсаламы;

32і з войска Міканора пала каля пяцісот ваяроў, а іншыя ўцяклі ў горад Давідаў.

33І па гэтых словах Міканор узышоў на гару Сіён, і некаторыя святары выйшлі са свяцілішчаў, каб мірна прывітаць яго і паказаць яму цэласпаленне, якое прыносілася за цара.

34І ён высмеяў іх з пагардай, і зняважыў іх, і гаварыў пыхліва,

35і пакляўся з абурэннем, кажучы: «Калі зараз не будзе выдадзены ў рукі мае Юда і войска яго, то спалю гэты дом, калі шчасліва вярнуся». Ды выйшаў з вялікаю злосцю.

36І святары ўвайшлі, і сталі перад ахвярнікам і перад святыняй, і, плачучы, маліліся:

37«Ты выбраў гэты дом, каб быў пасвячоны Імю Твайму і каб для Твайго народа быў домам мальбы і малітвы;

38даканай помсту над гэтым чалавекам і над войскам яго, каб палі ад меча; помні пра іх блюзнерствы і не дай ім жыць».

39І Міканор адышоў ад Ерузаліма і наблізіўся да Бэтарона; і далучылася да яго войска сірыйскае.

40І Юда наблізіўся да Гадасы разам з трохтысячным войскам. І Юда маліўся, кажучы:

41 2Цар. 18:22; 19:35; 2Мак. 8:19; 15:22-24; Іс. 36:18-20; 37:36 «Яны пасланы былі царом Сірыі; і калі блюзнілі, выйшаў анёл і знішчыў сярод іх сто восемдзесят пяць тысяч.

42Так сатры гэтае войска на віду ў нас сёння, і хай ведаюць іншыя, што страшна ён сказаў адносна Тваіх святынь, і асудзі яго па яго злачыннасці».

43 2Мак. 15:25-36 І трынаццатага дня месяца Адар войскі пачалі бой; і войска Міканора было разбіта, і ён сам першы паў у баі,

44а калі яго войска ўбачыла, што Міканор забіты, кінула зброю ды ўцякло.

45І гналіся за імі дарогаю адзін дзень ад Гадасы, пакуль не прыйшлі ў Газару, і на трубах далі знак за імі.

46І з усіх умацаванняў вакол Юдэі выйшлі жыхары і акружылі іх, і яны павярнуліся супраць іх; і ўсе яны палі ад меча і не застаўся з іх аніводзін.

47 2Мак. 15:35 І ўзялі яны здабычу іх і нарабаваныя рэчы, і галаву Міканора і яго правую руку, якую працягваў пыхліва, – адрэзалі і даставілі ў Ерузалім, і павесілі каля горада.

48І народ надта цешыўся; і дзень гэты святкавалі з вялікаю радасцю, і вырашылі святкаваць дзень гэты – трынаццаты дзень Адара – ва ўсе гады.

50І на нейкі час зямля Юды супакоілася.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help