АДКРЫЦЬЦЁ 21 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Адкр 21

1 І ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля прамінулі, і мора ўжо няма.

2 І я, Ян, убачыў горад сьвяты, новы Ерусалім, які зыходзіў ад Бога з неба, падрыхтаваны як нявеста, аздобленая дзеля мужа свайго.

3 І пачуў я голас вялікі з неба, які казаў: «Вось, намёт Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі; і яны будуць народам Ягоным, і Сам Бог будзе з імі Богам іхнім.

4 І абатрэ Бог усякую сьлязу з вачэй іхніх; і сьмерці ўжо ня будзе, і ня будзе ўжо ані плачу, ані крыку, ані болю, бо ранейшае прамінула».

5 І сказаў Той, Які сядзіць на пасадзе: «Вось, Я раблю ўсё новае». І кажа мне: «Напішы, бо гэтыя словы праўдзівыя і верныя».

6 І сказаў мне: «Сталася. Я — Альфа і Амэга, Пачатак і Канец. Таму, хто смагне, Я дам з крыніцы вады жыцьця дарма.

7 Той, хто пераможа, возьме ў спадчыну ўсё, і Я буду яму Богам, і ён будзе Мне сынам.

8 А для палахлівых і бязьверных, і брыдотных, і забойцаў, і распусьнікаў, і чараўнікоў, і ідалапаклоньнікаў, і ўсіх хлусьлівых частка іхняя — у возеры, якое палае агнём і серкаю. Гэта — другая сьмерць».

9 І прыйшоў да мяне адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чараў, напоўненых сямю апошнімі плягамі, і загаварыў са мною, кажучы: «Хадзем, пакажу табе жанчыну, нявесту Ягняці».

10 І ён павёў мяне ў духу на вялікую і высокую гару, і паказаў мне горад вялікі, сьвяты Ерусалім, які зыходзіць з неба ад Бога

11 і мае славу Божую. І сьвятло ягонае падобнае да найкаштоўнейшага камяня, накшталт камяня ясьпісу, што зіхціць, як крышталь.

12 І ён мае мур вялікі і высокі, і мае дванаццаць брамаў, і на брамах — дванаццаць анёлаў і напісаныя імёны дванаццаці каленаў сыноў Ізраіля:

13 ад усходу — тры брамы, ад поўначы — тры брамы, ад поўдня — тры брамы, ад захаду — тры брамы.

14 І мур гораду мае дванаццаць падмуркаў, і на іх — імёны дванаццаці апосталаў Ягняці.

15 І той, які гаварыў са мною, меў трысьціну залатую, каб абмераць горад, і брамы ягоныя, і мур ягоны.

16 І горад ляжыць чатырохкутнікам, і даўжыня ягоная такая самая, як і шырыня. І ён абмераў горад трысьцінай на дванаццаць тысячаў стадыяў; і даўжыня, і шырыня, і вышыня ягоныя аднолькавыя.

17 І ён абмераў мур ягоны на сто сорак чатыры локці меры чалавечае, якая і анёльская.

18 І мур быў пабудаваны з ясьпісу; а горад — з чыстага золата, падобнага да шкла чыстага.

19 І падмуркі муру гораду аздобленыя ўсякім каштоўным камянём: першы падмурак — ясьпісам, другі — сапфірам, трэці — хальцэдонам, чацьвёрты — шмарагдам,

20 пяты — сардоніксам, шосты — сардам, сёмы — хрызалітам, восьмы — бэрылем, дзявяты — тапазам, дзясяты — хрызапразам, адзінаццаты — гіяцынтам, дванаццаты — амэтыстам.

21 І дванаццаць брамаў — з дванаццаці пэрлінаў, кожная брама — з аднае пэрліны. І вуліца гораду — з чыстага золата, празрыстага, як шкло.

22 І бажніцы ў ім ня ўбачыў я, бо Госпад, Бог Усеўладны, і Ягня — гэта бажніца ягоная.

23 І горад ня мае патрэбы ані ў сонцы, ані ў месяцы, каб асьвятлялі яго, бо слава Божая асьвяціла яго, і сьветач ягоны — Ягня.

24 І народы збаўленых будуць хадзіць у сьвятле ягоным, і валадары зямныя прынясуць у яго славу і гонар свае.

25 І брамы ягоныя ня будуць замыкацца ўдзень, а ночы там ня будзе.

26 І прынясуць у яго славу і гонар народаў.

27 І ня ўвойдзе ў яго ніхто апаганены і той, хто чыніць агіду і хлусьню, а толькі запісаныя ў кнізе жыцьця Ягняці.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help