ЁЎ 21 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Ёў 21

1 І адказаў Ёў, і сказаў:

2 «Паслухайце ўважліва словы мае, і няхай будуць яны на пацяшэньне вашае.

3 Дазвольце, і я буду казаць, а пасьля словаў маіх сьмейцеся сабе.

4 Ці ж я гавару супраць чалавека, і ці ж няслушна маю быць нецярплівы?

5 Паглядзіце на мяне і аслупянейце, і ўдарце рукою ў вусны свае.

6 Калі я ўзгадваю гэта, я палохаюся, і дрыжаньне калоціць цела маё.

7 Чаму жывуць бязбожнікі, дажываюць да старасьці, і багацеюць?

8 Насеньне іхняе моцнае ў іх, і ўнукі іхнія гадуюцца на вачах іхніх.

9 Дамы ў іх забясьпечаныя ад страху, і няма кары Божай над імі.

10 Бугай у іх заўсёды плодны і не зьнемагае, і карова целіцца, і не скідае.

11 Дзеці іхнія, як статак, выходзяць, і малыя іхнія гуляюць вакол іх.

12 Яны сьпяваюць пад бубны і гусьлі і весяляцца пры гуках жалейкі,

13 і праводзяць у радасьці дні свае, і спакойна зыходзяць у адхлань.

14 Яны кажуць Богу: “Адыйдзіся ад нас! Ня хочам ведаць шляхоў Тваіх.

15 Хто такі Усемагутны, каб служыць Яму, і што Ён нам дапаможа, калі будзем маліць Яго?”

16 Маюць яны ў руках сваіх дабрабыт, хоць думкі іхнія далёка ад Яго.

17 Як часта тухне лямпа бязбожнікаў і нахлынае на іх загуба? Ці ў гневе прыходзяць на іх пакуты?

18 Ці яны падобныя да мякіны на ветры і да попелу гарачага, які вецер разносіць?

19 “Бог захоўвае для дзяцей ягоных кару Сваю”. Няхай аднагародзіць Ён яму, каб ён ведаў.

20 Няхай убачаць вочы ягоныя загубу яго, і няхай нап’ецца ён гневу Усемагутнага.

21 Бо які будзе клопат яму пра дом ягоны, калі лік месяцаў ягоных спыніцца?

22 Ці ж можа хто вучыць веданьню Бога? А Ён судзіць найвышэйшых.

23 Адзін памірае ў сіле і здаровы, багаты і ў супакоі.

24 Начыньні ягоныя поўныя малака, і косткі ягоныя напоўнены сьвежым шпікам.

25 А іншы памірае ў горычы душы і ня цешыўся дабром.

26 Аднак разам будуць яны спаць у парахне, і абодвух апануюць чэрві.

27 Вось, я ведаю думкі вашыя і намеры вашыя, каб нашкодзіць.

28 Бо вы кажаце: “Дзе дом шляхетнага, а дзе намёт бязбожніка?”

29 Ці вы не пыталіся некага з падарожнікаў і словаў іхніх вы не зразумелі,

30 што ліхотнік захаваны ў дзень загубы і збаўлены ў дзень гневу?

31 Хто будзе дакараць яго за шляхі ягоныя? І за тое, што ён зрабіў, хто аднагародзіць яму?

32 Яго прынясуць да магілы, і пра дамавіну ягоную задбаюць.

33 Салодкімі яму будуць груды зямлі, бо за ім ідуць усе людзі, і перад ім — безьліч.

34 Дык чаму ж вы надарма пацяшаеце, калі ў адказе вашым адзін падман?»

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help