КАЛАСЯНАЎ 3 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Кал 3

1 Дык калі вы ўваскрэсьлі з Хрыстом, шукайце ўзгор­нага, дзе Хрыстос ся­дзіць праваруч Бога.

2 Пра ўзгорнае думайце, а не пра зямное,

3 бо вы памерлі, і жыцьцё вашае схаванае з Хрыстом у Богу.

4 Калі зьявіцца Хрыстос, жыцьцё нашае, тады і вы зьявіцеся разам з Ім у славе.

5 Дык мярцьвіце члены вашыя, што на зямлі: распусту, нячыстасьць, жарсьць, благое пажаданьне і хцівасьць, якая ёсьць ідалапаклонствам,

6 за што гнеў Божы прыходзіць на сыноў непакорнасьці,

7 сярод якіх і вы раней хадзілі, калі жылі між імі.

8 А цяпер вы адкіньце ўсё: гнеў, ярасьць, ліхоту, блюзьнерствы, брыдкаслоўе з вуснаў вашых;

9 не хлусіце адзін аднаму, распрануўшыся са старога чалавека з учынкамі ягонымі

10 і апрануўшыся ў новага, які абнаўляецца ў пазнаньні паводле вобразу Таго, Хто яго стварыў,

11 дзе няма Грэка і Юдэя, абразаньня і неабразаньня, барбара, Скіфа, слугі, свабоднага, але ўсё і ў-ва ўсім Хрыстос.

12 Дык апраніцеся, як выбраныя Божыя, сьвятыя і ўлюбёныя, у міласэрнасьць, ласкавасьць, пакору, ціхасьць, доўгацярплівасьць,

13 церпячы адзін аднаго і прабачаючы адзін аднаму, калі хто на каго мае крыўду, як Хрыстос дараваў вам, гэтак і вы.

14 А па-над усё ў любоў, якая ёсьць вузел дасканаласьці,

15 і няхай гаспадарыць у сэрцах вашых супакой Божы, да якога вы і пакліканыя ў адным целе, і будзьце ўдзячныя.

16 Слова Хрыстовае няхай жыве ў вас багата, у-ва ўсякай мудрасьці; навучайце і настаўляйце адзін аднаго псальмамі, і гімнамі, і сьпевамі духоўнымі, у ласцы сьпяваючы Госпаду ў сэрцах вашых.

17 І ўсё, што вы робіце, словам або справаю, усё ў імя Госпада Ісуса, дзякуючы праз Яго Богу і Айцу.

18 Жонкі, падпарадкоўвайцеся мужам вашым, як прыстойна ў Госпадзе.

19 Мужы, любіце жонак і ня будзьце для іх прыкрымі.

20 Дзеці, слухайцеся бацькоў у-ва ўсім, бо гэта падабаецца Госпаду.

21 Бацькі, не зьнеахвочвайце дзяцей вашых, каб яны не гублялі духа.

22 Слугі, у-ва ўсім слухайцеся паноў паводле цела, не на вачах толькі паслугуючы, як тыя, што людзям дагаджаюць, але ў шчырасьці сэрца, баючыся Бога.

23 І ўсё, што робіце, рабіце ад душы, як для Госпада, а не для людзей,

24 ведаючы, што ад Госпада атрымаеце ў нагароду спадчыну, бо вы служыце Госпаду Хрысту.

25 А хто робіць крыўду, атрымае паводле зробленае крыўды, бо няма ўзіраньня на аблічча.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help