1 Гора тым, якія зыходзяць у Эгіпет па дапамогу. Яны абапіраюцца на коней, спадзяюцца на калясьніцы, бо іх шмат, і на коньнікаў, бо яны вельмі моцныя, але не глядзяць на Сьвятога Ізраіля і ГОСПАДА не шукаюць.
2 Але Ён у мудрасьці Сваёй прыводзіць ліха і слова Свайго не адменіць. І Ён паўстане супраць дому бязбожнікаў і супраць дапамогі тых, якія робяць беззаконьне.
3 Бо Эгіпет — чалавек, а ня Бог; і коні іхнія — гэта цела, а ня дух! І ГОСПАД узьніме руку Сваю, і спатыкнецца той, які дапамагае, і ўпадзе той, якому дапамагаюць, і ўсе яны разам загінуць.
4 Бо гэта сказаў ГОСПАД да мяне: «Як леў і львянятка вуркоча над здабычай сваёй, калі супраць яго зьбіраецца грамада пастухоў, і ён не палохаецца голасу іхняга, не пужаецца гармідару іхняга, так ГОСПАД Магуцьцяў зыйдзе, каб ваяваць на гары Сыён і на ўзгорку ейным.
5 Як птушкі, якія лётаюць, так ГОСПАД Магуцьцяў заслоніць Ерусалім, засланяючы яго, і вызваліць, і пашкадуе, і выратуе».
6 Вярніцеся да Таго, ад Каго вы далёка адыйшліся, сыны Ізраіля!
7 Бо ў той дзень кожны адкіне ідалаў сваіх срэбных і ідалаў сваіх залатых, якіх зрабілі на грэх рукі вашыя.
8 І ўпадзе Асірыя не ад мяча мужа, і ня меч чалавечы заб’е яе. І ўцячэ яна перад абліччам мяча, і юнакі ейныя стануцца нявольнікамі.
9 І скала ейная ад страху ўпадзе, і князі ейныя спалохаюцца знаку, кажа ГОСПАД, Які агонь на Сыёне, а печ — у Ерусаліме.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
