ЛЯВІТ 14 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Ляв 14

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Гэта закон адносна пракажонага ў дзень ачышчэньня ягонага. Няхай прывядуць яго да сьвятара,

3 і сьвятар выйдзе па-за табар, і агледзіць яго сьвятар, і вось, хвароба праказы вылечаная ў пракажонага.

4 І загадае сьвятар, каб за таго, які ачышчаны, узялі дзьве птушкі жывыя, чыстыя, і дрэва кедровага, і ніткі кармазыновыя, і гізоп.

5 І сьвятар загадае забіць адну птушку над гліняным начыньнем, вадой жывою.

6 І возьме другую жывую птушку разам з дрэвам кедровым, і ніткі кармазыновыя, і гізоп, і ўмочыць іх і птушку жывую ў крыві, забітай над вадою жывою,

7 і папырскае на ачышчанага ад праказы сем разоў, і прызнае яго чыстым. А птушку жывую выпусьціць у поле.

8 Ачышчаны памые адзеньне сваё, абголіць усе валасы свае, і вымыецца ў вадзе, і будзе чысты. Пасьля ачышчаны ўвой­дзе ў табар і будзе жыць сем дзён па-за намётам сваім.

9 У сёмы дзень абголіць ён усе валасы свае, абголіць галаву і бараду, і бровы свае, вымые адзеньне, абмые цела сваё вадой і будзе чысты.

10 У восьмы дзень возьме ён двух ягнятаў без заганы, адну авечку аднагадовую без заганы і тры дзясятыя пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, як ахвяру хлебную, і адзін лог алею.

11 І сьвятар, які ачышчае, паставіць чалавека ачышчанага з усім гэтым перад абліччам ГОСПАДА каля ўваходу ў Намёт Спатканьня.

12 І сьвятар возьме адно ягня, і складзе яго ў ахвяру аднагараджэньня, і лог алею, і прынясе ўсё гэта, патрэсваючы перад абліччам ГОСПАДА.

13 І заб’е ягня гэтае на месцы, на якім забіваюцца ахвяры за грэх і ахвяры цэласпаленьня, на месцы сьвятым, бо ахвяра аднагараджэньня, як і ахвяра за грэх, сьвятару; гэта сьвятое сьвятых.

14 І возьме сьвятар кроў ахвяры аднагараджэньня, і памажа ёю верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.

15 І возьме сьвятар лог алею, і вылье яго на левую далонь.

16 І памочыць сьвятар палец правай рукі сваёй у алеі, які на яго левай далоні, і пакра­піць пальцам, памочаным у алеі, сем разоў перад абліччам ГОСПАДА.

17 Рэштаю алею, што на далоні ягонай, сьвятар памажа верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі над крывёй ахвяры аднагараджэньня.

18 А рэшту алею, якая на далоні сьвятара, вылье ён на галаву таго, хто ачышчаецца. Гэтак перапросіць за яго сьвятар перад абліччам ГОСПАДА.

19 І складзе сьвятар ахвяру за грэх, і перапросіць за таго, хто ачышчаецца, за нячыс­тасьць ягоную, і пасьля складзе ахвяру цэласпаленьня.

20 І складзе сьвятар ахвяру цэласпаленьня на ахвярніку разам з ахвярай хлебнай. І так сьвятар ачысьціць таго, і будзе ён чысты.

21 Калі ж хто бедны і няма ў руцэ ягонай дастатку, няхай возьме адно ягня ў ахвяру аднагараджэньня для патрэс­ваньня, каб быць ачышчаным, а таксама дзясятую частку мукі, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную, і лог алею,

22 і дзьве туркаўкі або два маладыя галубы, на што будзе здольная рука ягоная; адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую — на цэласпаленьне.

23 І прынясе іх на восьмы дзень ачышчэньня свайго да сьвятара да ўваходу ў Намёт Спатканьня перад аблічча ГОСПАДА.

24 І сьвятар возьме ягня ў ахвяру аднагараджэньня і лог алею, і будзе патрэсваць патрэс­ваньнем перад абліччам ГОСПАДА.

25 І заб’е ягня ў ахвяру аднагараджэньня, і возьме сьвятар кроў ахвяры аднагараджэньня, і памажа верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, і вялікі палец яго правай рукі, і вялікі палец яго правай нагі.

26 І налье сьвятар алей на левую далонь сваю,

27 і, памачыўшы ў ім палец правай рукі сваёй, пакрапіць сем разоў перад абліччам ГОСПАДА.

28 І сьвятар памажа алеем, які ў яго на далоні, верх правага вуха таго, хто ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі ў месцы крыві ахвяры аднагараджэньня.

29 А рэшту алею, што застаўся на левай руцэ яго, вылье сьвятар на галаву таго, хто ачышчаецца, каб перапрасіць за яго перад абліччам ГОСПАДА.

30 І ахвяруе адну туркаўку або маладога галуба, якога прынясе рука таго, хто ачышчаецца,

31 і ахвяруе аднаго за грэх, а другога на цэласпаленьне разам з ахвярай хлебнай, і так ачысьціць яго сьвятар перад абліччам ГОСПАДА.

32 Гэта закон адносна пракажонага, якому не стае ў руцэ ягонай дзеля ачышчэньня свайго».

33 І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:

34 «Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, якую Я дам вам на ўласнасьць, і калі спашлю хваробу праказы на нейкі дом у зямлі пасяленьня вашага,

35 няхай той, чый гэта дом, ідзе і паведаміць сьвятару, кажучы: “Хваробу я ўгледзеў у доме”.

36 І сьвятар загадае, каб прыбралі ўсё з дому, пакуль ён увойдзе ў яго, каб агледзець заразу, каб яна не апаганіла ўсяго, што ў доме. І ўвойдзе сьвятар, каб агледзець дом.

37 І ён агледзіць хваробу тую, і вось, на сьценах хвароба дому, нібы ямінкі, зелянявыя ці чырвоныя, што ўеліся ў сьцяну.

38 І выйдзе сьвятар з дому да дзьвярэй дому, і зачыніць дом на сем дзён.

39 У сёмы дзень вернецца сьвятар і агледзіць. І вось, пашырылася хвароба на сьцяне дому.

40 І загадае сьвятар, і выр­вуць тыя камяні заражаныя, і выкінуць іх за горад на месца нячыстае.

41 А дом кругом унутры аб­скра­буць, і тынк, які абскрэб­лі, выкінуць на месца нячыстае за горадам.

42 І возьмуць іншыя камяні, і пакладуць на месца папярэдніх камянёў, і возьмуць іншую заправу, і атынкуюць дом.

43 Калі ж зараза зноў закрасавала ў доме, хоць вырвалі камяні, а дом абскрэблі і атынкавалі,

44 прыйдзе сьвятар і агледзіць яго. І вось, зараза ў доме пашырылася, гэта ліхая праказа ў доме гэтым, і ён нячысты.

45 І дом гэты зруйнуюць, а камяні, і дрэва, і ўвесь тынк дому таго выкінуць за горад у месца нячыстае.

46 І калі нехта ўвойдзе ў дом, калі ён зачынены, будзе ён нячысты да вечара.

47 А калі нехта сьпіць у доме гэтым або есьць у доме гэтым, няхай памые адзеньне сваё.

48 А калі сьвятар прыйдзе, і агледзіць яго, і вось, зараза не пашырылася ў доме гэтым пасьля атынкаваньня, сьвятар прызнае гэты дом чыстым, бо зараза была вылекавана.

49 І дзеля ачышчэньня дому сьвятар возьме дзьве птушкі, кавалак дрэва кедровага, ніткі кармазыновыя і гізоп.

50 І заб’е адну птушку над пасудзінай глінянай над вадою жывою.

51 І возьме дрэва кедровае, гізоп, ніткі кармазыновыя і жывую птушку, памочыць іх у крыві забітай птушкі і ў вадзе жывой, і пакрапіць сем разоў дом.

52 І ачысьціць дом той крывёй птушкі, і вадой жывой, і дрэвам кедровым, і ніткамі кармазыновымі, і гізопам.

53 А жывую птушку пусьціць за горадам у полі. І перапросіць за дом гэты, і ён будзе чыстым.

54 Гэта закон адносна ўсякай заразы, праказы і паршывасьці,

55 праказы на адзеньні і ў доме,

56 пухліны, скулаў і белых плямаў,

57 каб навучыць, калі што чыстае, а калі нячыстае. Гэта закон адносна праказы».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help