2 САМУЭЛЯ 22 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

2 Сам 22

1 І прамовіў Давід словы гэтага сьпеву для ГОСПАДА ў дзень, калі вызваліў яго ГОСПАД з рук усіх ворагаў ягоных і з рукі Саўла.

2 І ён сказаў: «ГОСПАД — скала мая і замчышча маё, Ён — Збаўца мой.

3 Бог мой, скала мая, у якой хаваюся, шчыт мой, рог збаўленьня майго! Ты — прыстанішча маё і Абаронца мой, Збаўца мой, ад гвалту Ты выз­валіў мяне.

4 Паклічу я ГОСПАДА, Які годны хвалы, і ад ворагаў маіх збаўлены буду.

5 Ахапілі мяне хвалі сьмерці, віры Бэліяла стрывожылі мяне,

6 путы пякельныя аплялі мяне, і пасткі сьмерці схапілі мяне.

7 У прыгнечаньні маім я клікаў ГОСПАДА і галасіў да Бога майго. І Ён пачуў са сьвятыні Сваёй голас мой, і лямант мой да вушэй Ягоных.

8 І дрыжучы, задрыжэла зямля, і падваліны нябесныя зварухнуліся і захісталіся, бо ўгня­віўся Ён.

9 Узьняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных — агонь палючы; вугольле распальваецца ад Яго.

10 Нахіліў Ён нябёсы, і зыйшоў, і імгла пад нагамі Ягонымі.

11 Ён сеў на херувіма, і паляцеў, і ўзьнёсься на крылах ветру.

12 І зрабіў цемру заслонай сабе, намёт Ягоны з цёмных водаў, з густых хмараў.

13 Ад бляску перад Ім загарэлася вугольле вогненнае.

14 І загрымеў у небе ГОСПАД, і Найвышэйшы падаў голас Свой.

15 І Ён пусьціў стрэлы Свае, і расьцярушыў іх, і мноствам маланак зьбянтэжыў іх.

16 І выявіліся глыбіні мора, і адкрыліся падваліны сусьвету ад пагрозаў Тваіх, ГОСПАДЗЕ, і ад подыху духу гневу Твайго.

17 Паслаўшы з вышыні, Ён схапіў мяне, выцягнуў мяне з водаў вялікіх,

18 вызваліў мяне ад ворага майго моцнага, і ад тых, якія ненавідзяць мяне, бо яны дужэйшыя за мяне.

19 Яны схапілі мяне ў дзень няшчасьця майго, але ГОСПАД быў падпорай для мяне.

20 І Ён вывеў мяне на месца прасторнае, Ён выратаваў мяне, бо мне спагадае.

21 І даў мне ГОСПАД паводле праведнасьці маёй, паводле чыстасьці рук маіх мне аднагародзіў,

22 бо я захоўваў шляхі ГОС­ПАДА, і не адступаў бязбожна ад Бога майго.

23 Бо ўсе суды Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не ўхіляўся,

24 Я быў беззаганны перад Ім, і захоўваў сябе ад беззаконьня.

25 І аднагародзіў мне ГОСПАД паводле праведнасьці маёй, і паводле чыстасьці рук маіх перад вачыма Ягонымі.

26 З багабойным Ты будзеш багабойным, з чалавекам беззаганным будзеш беззаганны,

27 для чыстага сэрцам Ты чыс­ты сэрцам, а для крывадушнага Ты падступны,

28 бо людзей прыгнечаных Ты збаўляеш, а вочы пыхлівыя паніжаеш.

29 Бо Ты, ГОСПАДЗЕ, — сьветач мой, ГОСПАД асьвятляе цемру маю.

30 Бо з Табою я атакую войска, і з Богам маім узыйду на муры.

31 Бог, беззаганны шлях Ягоны, слова ГОСПАДА ачышчана, Ён — шчыт для ўсіх, хто ў Ім мае надзею.

32 Бо хто Бог, апрача ГОСПАДА? І хто скала, апрача Бога нашага?

33 Бог, Які падпярэзвае мяне сілаю і робіць беззаганным шлях мой.

34 Ён робіць ногі мае, як у аленя, і на вышыні ставіць мяне.

35 Ён навучае рукі мае для бітвы, і рамёны мае напінаюць лук мядзяны.

36 І ты даў мне шчыт збаўленьня Твайго, і ласкавасьць Твая ўзьвялічвае мяне.

37 Ты пашырыў крокі мае, і не хісталіся ногі мае.

38 Я перасьледаваў ворагаў маіх, і даганяў іх, і не вяртаўся, пакуль ня зьнішчыў іх.

39 Я зьнішчыў іх так, што яны не маглі ўстаць і падалі пад ногі мае.

40 Ты падперазаў мяне сілай дзеля бітвы, і Ты паваліў перада мною тых, якія паўсталі суп­раць мяне.

41 Ты даў мне карак ворагаў маіх, і тых, што мяне ненавідзяць, я вынішчыў.

42 Яны галасілі, і не было таго, хто іх збавіць. Яны да ГОС­ПАДА, але Ён не адказаў ім.

43 Я стоўк іх як пыл зямлі, як балота на вуліцы я таптаў іх.

44 Ты выратаваў мяне ад звадак людзей, паставіў мяне за галаву плямёнам. Людзі, якіх я ня ведаў, будуць служыць мне.

45 Чуючы вушамі, яны слухаюцца мяне. Сыны чужынцаў падпарадкаваліся мне.

46 Сыны чужынцаў млеюць і трымцяць у агароджах сваіх.

47 Жыве ГОСПАД, дабраслаўлёная скала мая, і няхай узвысіцца Бог збаўленьня майго.

48 Бог, Які адпомсьціў за мяне і схіліў народы перада мною,

49 Які выратаваў мяне ад ворагаў маіх, і ўзвысіў мяне па-над тымі, што паўсталі супраць мяне, ад чалавека злачыннага вызваліў мяне.

50 Дзеля гэтага буду славіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сярод народаў, і буду імя Тваё выслаўляць,

51 бо Ты ўзьвялічыў збаўленьнем валадара Твайго і зьявіў міласэрнасьць памазанцу Твайму, Давіду, і насеньню ягонаму на вякі».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help