ДАНІІЛ 5 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Дан 5

1 Бэльшацар валадар справіў банкет вялікі для магнатаў сваіх і перад вачыма тысячы піў віно.

2 Бэльшацар сказаў, калі пакаштаваў віна, каб прынесьлі начыньне залатое і срэбнае, якое вынес Навухаданосар, бацька ягоны, са сьвятыні, што ў Ерусаліме, каб пілі з іх валадар, магнаты ягоныя, жонкі ягоныя і наложніцы ягоныя.

3 Тады прынесьлі начыньні залатыя, якія былі ўзятыя са сьвятыні, з Дома Божага, што ў Ерусаліме, і пілі з іх валадар, магнаты ягоныя, жонкі ягоныя і наложніцы ягоныя.

4 Пілі віно і хвалілі багоў залатых і срэбных, мядзяных, жалезных, драўляных і каменных.

5 У той момант зьявіліся пальцы рукі чалавечай і пісалі насупраць сьвечніка на тынку сьцяны палацу валадара, і валадар бачыў пясьць рукі, якая пісала.

6 Тады ў валадара зьмяніўся выгляд, і думкі ягоныя ўстрывожылі яго, вязі сьцёгнаў ягоных саслабелі, і калені ягоныя біліся адно аб адно.

7 Крыкнуў валадар моцна, каб прывялі астролягаў, Халдэяў і варажбітоў. Адказаў валадар і сказаў мудрацам Бабілонскім: «Кожны чалавек, які прачытае гэты надпіс і патлумачыць мне значэньне ягонае, будзе апрануты ў пурпур, і залаты ланцуг на шыі ягонай, і трэцім у валадарстве ён будзе панаваць».

8 Тады прыйшлі ўсе мудрацы валадара, але не маглі прачытаць надпісу і паведаміць валадару значэньне ягонае.

9 Тады валадар Бэльшацар вельмі ўстрывожыўся, і выгляд ягоны зьмяніўся, і магнаты ягоныя былі зьбянтэжаныя.

10 З прычыны словаў валадара і магнатаў ягоных валадарка ўвайшла ў дом банкетаваньня. Адказала валадарка і сказала: «Валадару, жыві на вякі! Няхай не трывожаць цябе думкі твае, і выгляд твой няхай не зьмяняецца!

11 Ёсьць муж у валадарстве тваім, у якім Дух Сьвятога Бога. І ў дні бацькі твайго знойдзены былі ў ім сьвятло і розум, і мудрасьць, як мудрасьць Божая, і валадар Навухаданосар, бацька твой, валадару, прызначыў яго начальнікам чараўнікоў, астролягаў, Халдэяў і вяшчуноў.

12 Бо надзвычайны дух і веданьне, і разуменьне, каб тлумачыць сны, вырашаць загадкі і разьвязваць вузлы былі знойдзены ў ім, у Даніілу, якога валадар назваў імем Бэльтэшацар. Цяпер няхай паклічуць Данііла, і ён патлумачыць значэньне».

13 Тады Данііл быў прыведзены да валадара. Адказаў валадар і сказаў Даніілу: «Ці ты той Данііл з сыноў выгнаньня Юдэйскага, якога валадар, бацька мой, прывёў з Юдэі?

14 І я чуў пра цябе, што Дух Божы ў табе, і сьвятло, і розум, і мудрасьць незвычайная знойдзены ў табе.

15 І цяпер былі прыведзены да мяне мудрацы і астролягі, каб прачыталі гэты надпіс і паведамілі мне значэньне ягонае, але яны не змаглі значэньне слова гэтага патлумачыць мне.

16 І я чуў пра цябе, што ты можаш тлумачыць значэньне і разьвязваць вузлы. Цяпер, калі можаш прачытаць гэты надпіс і паведаміць мне значэньне ягонае, ты будзеш апрануты ў пурпур, і ланцуг залаты на шыі тваёй, і трэцім у валадарстве будзеш панаваць».

17 Адказаў Данііл і сказаў валадару: «Няхай дары твае будуць табе, а падарункі твае дай іншаму! Але надпіс я прачытаю для валадара і паведамлю табе значэньне ягонае.

18 Ты — валадар. Бог Найвышэйшы даў Навухаданосару, бацьку твайму, валадарства і веліч, і славу, і маестат.

19 Дзякуючы велічы, якую Ён даў яму, усе народы, плямёны і мовы трымцелі і жахаліся перад ім. Каго хацеў, таго забіваў, і каго хацеў, таго пакідаў жывым; і каго хацеў, таго вывышаў, і каго хацеў, таго паніжаў.

20 Але калі сэрца ягонае ўзвысілася і дух ягоны вырас у пыхлівасьці, ён быў скінуты з пасаду валадарства свайго, і слава ягоная была забраная ад яго,

21 і ад сыноў чалавечых быў ён выгнаны, і сэрца ягонае стала падобным да зьвярынага, і з дзікімі асламі жытло ягонае, кармілі яго травой, як валоў, і раса нябесная мачыла цела ягонае, пакуль ён не даведаўся, што Бог Найвышэйшы пануе над валадарствам чалавечым і ставіць над ім, каго хоча.

22 А ты, сын ягоны, Бэльшацар, не скарыў сэрца твайго, хоць ты ведаў усё гэта.

23 І ты падняўся супраць Госпада Нябеснага, і начыньні Дому Ягонага прынесьлі да цябе, і ты, і магнаты твае, і жонкі твае, і наложніцы твае пілі віно з іх, і ты ўслаўляў багоў срэбных і залатых, мядзяных, жалезных, драўляных і каменных, якія ня бачаць і ня чуюць, і ня ведаюць, а Бога, у руцэ Якога дыханьне тваё і ў Якога ўсе шляхі твае, ты не праславіў.

24 Дзеля гэтага была пасланая ад Яго пясьць рукі, і гэты надпіс быў напісаны.

25 І гэты надпіс, які напісаны: “Мэнэ, Мэнэ, Тэкел, Упарсін”.

26 Вось значэньне словаў: “Мэнэ” — палічыў Бог валадарства тваё і канец яму.

27 “Тэкел” — ты ўзважаны на шалях і знойдзены недастатковым;

28 “Пэрэс” — падзелена валадарства тваё і дадзена Мідзянам і Пэрсам».

29 Тады сказаў Бэльшацар, і апранулі Данііла ў пурпур, і ланцуг залаты на шыю ягоную, і абвясьцілі пра яго, што ён будзе панаваць як трэці ў валадарстве.

30 У тую ноч быў забіты Бэльшацар, валадар Халдэйскі.

31 І Дарый Мідзянін атрымаў валадарства, маючы шэсцьдзясят два гады.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help