ЭФЭСЦАЎ 4 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Эф 4

1 Дык я, вязень у Госпадзе, малю вас хадзіць дастойна пакліканьня, якім вы пакліканыя,

2 з усёй пакорай розуму і ціхасьцю, з доўгацярплівасьцю, церпячы адзін аднаго з любоўю,

3 намагаючыся захаваць еднасьць духа ў саюзе супакою.

4 Адно Цела і адзін Дух, як вы і пакліканыя да аднае надзеі вашага пакліканьня;

5 Адзін Госпад, адна вера, адно хрышчэньне,

6 Адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ў-ва ўсіх вас.

7 А кожнаму з нас дадзена ласка паводле меры дару Хрыстовага.

8 Дзеля гэтага і кажа: «Узыйшоўшы на вышыню, паланіў палон і даў дары людзям».

9 А «ўзыйшоў» што ёсьць, як ня тое, што ён спачатку зыходзіў у прадонныя месцы зямлі?

10 Зыйшоўшы, Ён ёсьць і Той, Які ўзыйшоў вышэй за ўсе нябёсы, каб споўніць усё.

11 І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых эвангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі

12 дзеля ўдасканальваньня сьвятых на справу служэньня, на будаваньне Цела Хрыстовага,

13 пакуль усе дойдзем да еднасьці веры і пазнаньня Сына Божага, да мужа дасканалага, да меры ўзросту поўні Хрыстовае,

14 каб мы не былі больш немаўлятамі, якіх хістае і захапляе ўсякі вецер вучэньня ў хітрыках чалавечых, у подступе хітрага падману,

15 але каб, кажучы праўду ў любові, узрасталі ў-ва ўсім у Таго, Які ёсьць Галава, — Хрыстос,

16 з Якога ўсё Цела, складзенае і злучанае ўсякімі вязямі дапамогі, праз дзейнасьць у сваю меру кожнага члена, расьце дзеля будаваньня самога сябе ў любові.

17 Дык кажу гэта і сьведчу ў Госпадзе, каб вы больш не хадзілі, як іншыя народы ходзяць, у марнасьці розуму свайго,

18 з зацемненым разуменьнем, адлучаныя ад жыцьця Божага праз няведаньне, якое ў іх праз скамяненьне сэрца іхняга.

19 Яны, стаўшыся нячулымі, аддаліся бессаромнасьці, каб рабіць усякую нячыстасьць з хцівасьцю.

20 Але вы ня гэтак пазналі Хрыста,

21 калі чулі Яго і ў Ім навучыліся, — бо праўда ў Ісусе,—

22 каб адкінуць вам ранейшы лад жыцьця старога чалавека, які зьнішчаецца ў манлівых пажаданьнях,

23 а абнавіцца духам розуму вашага

24 і апрануцца ў новага чалавека, які створаны паводле Бога ў праведнасьці і сьвятасьці праўды.

25 Дзеля гэтага, адкінуўшы хлусьню, гаварыце кожны праўду бліжняму свайму, бо мы члены адзін аднаму.

26 Гневайцеся, ды не грашыце: няхай сонца не заходзіць у гневе вашым;

27 і не давайце месца д’яблу.

28 Хто краў, няхай больш не крадзе, а лепш працуе, робячы добрае рукамі сваімі, каб меў што даць таму, хто мае патрэбу.

29 Аніякае благое слова няхай не выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае дзеля збудаваньня ў веры, каб ласку давала тым, што слухаюць.

30 І не засмучайце Сьвятога Духа Божага, Якім вы запячатаныя на дзень адкупленьня.

31 Усякая горыч, і ярасьць, і гнеў, і крык, і блюзьнерствы няхай будуць аддаленыя ад вас разам з усім ліхім.

32 Будзьце ж адзін да аднаго добрымі, спагадлівымі, прабачаючы адзін аднаму, як і Бог у Хрысьце прабачыў вам.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help