БЫЦЬЦЁ 28 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Бц 28

1 I паклікаў Ісаак Якуба, і дабраславіў яго, і загадаў яму, і сказаў яму: «Не бяры сабе жонкі з дачок Ханаану.

2 Устань, ідзі ў Падан-Арам, у дом Бэтуэля, бацькі маці тваёй, і вазьмі сабе адтуль жонку з дачок Лявана, брата маці тваёй.

3 І Бог Усемагутны дабраславіць цябе, і зробіць цябе плодным, і памножыць цябе, і ты станешся супольнасьцю народаў,

4 і Ён дасьць табе дабраславеньне Абрагама, табе і насеньню твайму з табою, каб ты ўзяў у спадчыну зямлю вандраваньня твайго, якую Бог даў Абрагаму».

5 I паслаў Ісаак Якуба, і ён пайшоў у Падан-Арам да Лявана, сына Бэтуэля Арамейца, брата Рэбэкі, маці Якуба і Эзава.

6 I бачыў Эзаў, што дабраславіў Ісаак Якуба, і, дабраслаўляючы яго, паслаў яго ў Падан-Арам узяць сабе адтуль жонку, і загадаў яму, кажучы: «Не бяры жонкі з дачок Ханаану»;

7 і што паслухаў Якуб бацьку свайго і маці сваю, і пайшоў у Падан-Арам.

8 I бачыў Эзаў, што ліхія дочкі Ханаану ў вачах Ісаака, бацькі ягонага.

9 I пайшоў Эзаў да Ізмаэля, і ўзяў за жонку сабе Махалят, дачку Ізмаэля, сына Абрагама, сястру Наваёта, акрамя тых жонак, якія меў.

10 I выйшаў Якуб з Бээр-Шэвы, і пайшоў у Харан.

11 I трапіў ён на адно месца, і заначаваў там, бо зайшло сонца. I ўзяў камяні з таго месца, і палажыў пад галаву сваю, і лёг спаць на тым месцы.

12 I сьніў ён, і вось, лесьвіца стаіць на зямлі, а верх яе дакранаецца да неба; і вось, анёлы Божыя ўзыходзяць і зыходзяць па ёй.

13 I вось, ГОСПАД стаў над ім і сказаў: «Я — ГОСПАД, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ты ляжыш, Я дам табе і насеньню твайму.

14 I станецца насеньне тваё, як пясок зямлі; і ты распаўсюдзішся на захад, і на ўсход, і на поўнач, і на поўдзень, і будуць дабраслаўлёныя ў табе і ў насеньні тваім усе плямёны зямлі.

15 I вось, Я з табою, і буду захоўваць цябе ўсюды, куды ты пойдзеш, і вярну цябе ў гэтую зямлю, бо Я не пакіну цябе, пакуль не зраблю таго, што Я сказаў табе».

16 I прачнуўся Якуб зо-сну свайго, і сказаў: «Сапраўды ГОСПАД ёсьць на месцы гэтым, а я ня ведаў!»

17 I спалохаўся, і сказаў: «Якое страшнае месца гэтае! Гэта нішто іншае, як дом Божы, і гэта брама неба».

18 I ўстаў Якуб рана раніцай, і ўзяў камень, які ён палажыў пад галаву сваю, і паставіў яго як слуп, і наліў алей на верх ягоны.

19 I назваў імя месца таго Бэтэль; а раней імя гораду таго было Люз.

20 I абяцаў Якуб абяцаньне, кажучы: «Калі Бог будзе са мною, і будзе захоўваць мяне на гэтым шляху, якім я іду, і дасьць мне хлеб есьці і адзежу адзецца,

21 і я вярнуся ў супакоі ў дом бацькі майго, і будзе ГОСПАД мне Богам,

22 дык камень гэты, які я паставіў як слуп, будзе домам Божым, і з усяго, што Ты дасі мне, я аддзялю Табе дзесяціну».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help