2 ЛЕТАПІСАЎ 26 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

2 Лет 26

1 І ўзяў увесь народ Юды Узію, а ён шаснаццаць гадоў, і паставілі яго за валадара пасьля Амазіі, бацькі ягонага.

2 Ён пабудаваў Элят і вярнуў яго Юдзе, калі супачыў валадар з бацькамі сваімі.

3 Шаснаццаць гадоў Узія, калі пачаў валадарыць, і пяцьдзясят два гады валадарыў у Ерусаліме. А імя маці ягонай — Ехолія з Ерусаліму.

4 І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, усё так, як рабіў Амазія, бацька ягоны.

5 І шукаў ён Бога ў дні Захарыі, які разумеў відзежы Божыя; і ў тыя дні, калі ён шукаў ГОСПАДА, Бог даваў яму посьпех.

6 І ён выйшаў, і ваяваў з Філістынцамі; і разбурыў муры Гату, муры Яўнэі, і муры Ашдоду; і пабудаваў гарады ў Ашдодзе і ў Філістынцаў.

7 І дапамагаў яму Бог супраць Філістынцаў і супраць Арабаў, якія жылі ў Гур-Баале, і супраць Мэунянаў.

8 І Аманяне давалі дары Узіі. І разыйшлася імя ягонае аж да ўваходу ў Эгіпет, бо ўзмацніўся ён незвычайна.

9 І пабудаваў Узія вежы ў Ерусаліме пры Браме Вуглавой, пры Браме Даліны і на рагу, і ўмацаваў іх.

10 І пабудаваў ён вежы ў пустыні, і выкапаў шмат сажалак, бо ў яго было шмат статкаў, і ў Шэфэлі, і на раўніне, і земляробаў, і вінаградараў у гарах і на Кармэлю, бо ён быў аматарам земляробства.

11 І было ў Узіі войска, якое выходзіла на вайну дружынамі, паводле ліку попісу іхняга, рукою Еіэля пісара і Маасэі наглядчыка, пад рукою Хананіі, з князёў валадара.

12 Увесь лік галоваў бацькоў, ваяроў мужных — дзьве тысячы шэсьцьсот.

13 І пад рукою іхняю здатных да войска — трыста сем тысячаў пяцьсот тых, якія ідуць на вайну з вайсковай мужнасьцю, на дапамогу валадару супраць ворага.

14 І прыгатаваў для іх Узія, для ўсяго войска, шчыты, дзіды, шаломы, панцыры, лукі і камяні для пушчалак.

15 І зрабіў ён у Ерусаліме махіны вайсковыя, вынаходліва прадуманыя, каб яны былі на вежах і на кутах дзеля страляньня стрэламі і камянямі вялікімі. І разыйшлося імя ягонае далёка, бо ён меў цудоўную дапамогу і стаўся моцным.

16 Але калі ён узмацніўся, заганарылася сэрца ягонае аж да загубы, і ён стаў няверным ГОС­ПАДУ, Богу свайму, і ўвайшоў ён у сьвятыню ГОСПАДА, каб кадзіць на ахвярніку каджэньня.

17 І ўвайшоў за ім Азарыя сьвятар, і з ім восемдзясят сьвятароў ГОСПАДА, людзей мужных.

18 І супрацівіліся яны Узіі валадару, і сказалі яму: «Не табе, Узія, кадзіць ГОСПАДУ, бо гэта для сьвятароў, сыноў Аарона, якія пасьвячоныя для каджэньня. Выйдзі са сьвятыні, бо ты стаў няверным, і ня будзе табе славы ў ГОСПАДА Бога».

19 І загневаўся Узія, а ў руцэ ягонай кадзільніца для каджэньня. І калі загневаўся ён на сьвятароў, праказа закрасавала на чале ягоным перад абліччам сьвятароў у Доме ГОСПАДА каля ахвярніка каджэньня.

20 І павярнуўся да яго Азарыя, сьвятар найвышэйшы, і ўсе сьвятары, і вось, праказа на чале ягоным. І яны выпхнулі яго адтуль, і ён сам пасьпяшаўся выйсьці, бо наведаў яго ГОСПАД.

21 І быў валадар Узія пракажоны аж да дня сьмерці сваёй, і жыў у асобным доме, як пракажоны, бо адлучаны быў ад Дому ГОСПАДА. І Ётам, сын ягоны, быў над домам валадарскім, судзячы народ зямлі.

22 А іншыя дзеяньні Узіі, першыя і апошнія, запісаў Ісая, сын Амоса, прарок.

23 І супачыў Узія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі на полі магілаў валадарскіх, бо казалі: “Ён пракажоны”. І пачаў валадарыць Ётам, сын ягоны, пасьля яго.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help