ПЛАЧ 1 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Плач 1

1 Як сядзіць самотна сталіца, шматлюдная! Сталася як удава тая, якая вялікай сярод народаў. Княгіня сярод краінаў сталася нявольніцай!

2 Яна плачма плача ўначы, і сьлёзы ейныя на шчоках у яе. Няма для яе пацяшальніка з усіх, што любілі яе; усе сябры ейныя здрадзілі ёй, сталі ворагамі для яе.

3 Юдэя ўзята ў палон, ў горы і няволі вялікай, яна жыве паміж паганамі, не знаходзіць супачынку; усе перасьледвальнікі ейныя дагналі яе ў цесных.

4 Смутныя шляхі Сыёну, ніхто ня прыйдзе на сьвяты; усе брамы яе спустошаныя; сьвятары яе енчаць; дзяўчаты яе пакутуюць, і горка ёй.

5 Прыгнятальнікі яе сталіся галавою, ворагі яе маюць посьпех, бо ГОСПАД даў ёй пакуты за мноства правінаў яе; дзеці яе пайшлі ў палон перад абліччам прыгнятальніка.

6 І адыйшла ад дачкі Сыёну ўся велічнасьць яе; князі яе сталіся як алені, якія не знаходзяць пашы, і ідуць яны бяз сілы перад перасьледвальнікам.

7 Узгадвае Ерусалім у дні нядолі сваёй і гаротнасьці сваёй усе каштоўнасьці свае, якія былі ў дні даўнейшыя, як патрапіў народ ягоны ў руку прыгнятальніка, і няма нікога, хто дапаможа яму, і бачаць гэта прыгнятальнікі, і сьмяюцца з руінаў ягоных.

8 Грэхам зграшыла Ерусаліму, дзеля гэтага сталася нячыстаю; усе, хто шанавалі яе, пагарджаюць ёю, бо бачылі голасьць ейную; яна таксама енчыць і адварочваецца.

9 Нячыстасьць ейная — на прыполах ейных, яна ня ўзгадвала пра канец свой; і яна ўпала незвычайна, не было пацяшальніка ў яе. «Глянь, ГОС­ПАДЗЕ, на нядолю маю, бо ўзьвялічыўся вораг».

10 Прыгнятальнік выцягнуў руку сваю на ўсе каштоўныя рэчы ейныя, яна бачыла, што ўвайшлі ў сьвятыню ейную пагане, пра якіх Ты загадаў, што яны ня ўвойдуць у царкву Тваю.

11 Увесь народ ейны енчыць, шукаючы хлеба, яны аддалі каштоўныя рэчы свае за ежу, каб ажывіць душу сваю. «Глянь, ГОСПАДЗЕ, і прыгледзься, бо я сталася нікчэмнаю».

12 «Гэта нішто для вас! Усе вы, што ідзеце па дарозе, прыгледзьцеся і пабачце, ці ёсьць такі боль, як мой боль, які зроблены мне, якім ГОСПАД даў пакуты ў дзень палючага гневу Свайго.

13 З вышыні Ён паслаў агонь у косткі мае і запанаваў над імі; расьцягнуў сетку на ногі мае, павярнуў мяне назад, зрабіў мяне спустошанаю і мляваю ўвесь дзень.

14 Ярмо правінаў маіх зьвязана рукою Ягонай; яны сплеценыя, узыйшлі на шыю маю; Ён паваліў сілу маю; Госпад аддаў мяне ў рукі, з якіх я не магу вырвацца.

15 Госпад сапхнуў усіх дужых сярод мяне, склікаў грамаду супраць мяне, каб струшчыць юнакоў маіх; як у тоўчні, стаптаў Госпад дзяўчыну, дачку Юды.

16 З гэтае прычыны я плачу; вока маё, вока маё выцякае вадою, бо далёка ад мяне пацяшальнік, які ажывіў бы душу маю; сыны мае зьнішчаныя, бо ўзьвялічыўся вораг».

17 Выцягвае рукі свае Сыёну, няма каму пацешыць яе. ГОСПАД загадаў пра Якуба, вакол яго прыгнятальнікі ягоныя; Ерусаліму сталася нячыстаю сярод іх.

18 «Праведны ГОСПАД, бо я бунтавалася супраць вуснаў Ягоных. Слухайце, прашу, усе народы, і пабачце боль мой: дзяўчаты мае і юнакі мае пайшлі ў палон.

19 Я клікала каханкаў маіх, але яны падманулі мяне; сьвятары мае і старшыні мае гінуць у горадзе, шукаючы ежы сабе, каб ажывіць душы свае.

20 Глянь, ГОСПАДЗЕ, бо цесна мне, унутранасьць мая скорчылася, сэрца маё пераварочваецца ў-ва мне, бо бунтуючыся, я збунтавалася; звонку меч забірае дзяцей, а ў доме — сьмерць.

21 Яны пачулі, што я енчу, і няма каму пацешыць мяне; усе ворагі мае пачулі пра нядолю маю і цешацца, што Ты ўчыніў. Прывядзі дзень, які Ты прадказаў, і няхай бу­дзе з імі, як са мною!

22 Няхай уся ліхота іхняя прыйдзе перад аблічча Тваё, і ўчыні ім так, як Ты ўчыніў мне за ўсе правіны мае, бо вялікі енк мой, і сэрца маё млоснае».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help