2 ВАЛАДАРОЎ 6 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

2 Вал 6

1 І сказалі сыны прарокаў Элісэю: «Вось, месца, у якім мы перад абліччам тваім жывем, цеснае для нас.

2 Няхай мы пойдзем да Ярдану і возьмем адтуль кожны па адным бервяне, і зробім сабе месца на пражываньне». Ён сказаў: «Ідзіце!»

3 І сказаў нехта: «Ідзі таксама і ты са слугамі тваімі». І ён адказаў: «Пайду».

4 І пайшоў ён з імі. І прыйшлі яны да Ярдану, і секлі дрэвы.

5 І сталася, калі адзін сек бервяно, сякера ягоная ўпала ў ваду. І закрычаў ён, і сказаў: «Аёй, гаспадару мой! Яна ж пазычаная!»

6 І сказаў чалавек Божы: «Дзе яна ўвалілася?» І той паказаў яму месца. І адсек ён дрэва, і ўкінуў туды, і выплыла сякера.

7 І ён сказаў: «Вазьмі яе!» І той выцягнуў руку сваю, і ўзяў яе.

8 А валадар Сірыі ваяваў з Ізраілем. І радзіўся ён са слугамі сваімі, кажучы: «У такім і такім месцы зробім засаду».

9 А паслаў чалавек Божы да валадара Ізраіля, кажучы: «Сьцеражыцеся пераходзіць у тым месцы, бо там заляглі Сірыйцы».

10 І валадар Ізраіля паслаў у тое месца, пра якое сказаў яму чалавек Божы і перасьцерагаў яго, і ўсьцярог сябе так ня раз і ня два.

11 І ўстрывожылася сэрца валадара Сірыі дзеля гэтай справы. І склікаў ён слугаў сваіх, і сказаў ім: «Чаму вы не паведамляеце мне, хто нас валадару Ізраіля?»

12 І сказаў адзін са слугаў ягоных: «Ніхто, гаспадару мой, валадар, бо прарок Элісэй, які ў Ізраілі, паведамляе валадару Ізраіля словы, якія ты гаворыш у спальні сваёй».

13 І ён сказаў: «Ідзіце і даведайцеся, дзе ён, а я пашлю і вазьму яго». І паведамілі яму, кажучы: «Вось, у Датане».

14 І паслаў ён туды коней, калясьніцы і моцную дружыну ваяроў. І прыйшлі яны ўначы, і атачылі горад.

15 І ўстаў рана слуга чалавека Божага, і выйшаў, і вось, войска вакол гораду, коні і калясьніцы. І сказаў юнак ягоны: «Аёй, гаспадару мой! Што будзем рабіць?»

16 А ён сказаў: «Ня бойся. Болей тых, хто з намі, чым тых, хто з імі».

17 І маліўся Элісэй, і сказаў: «ГОСПАДЗЕ, адкрый вочы ягоныя, і ён убачыць». І адкрыў ГОСПАД вочы юнаку, і ён убачыў, і вось, гара поўная коней і калясьніцаў вогненных вакол Элісэя.

18 І калі Сірыйцы зыходзілі да яго, Элісэй маліўся да ГОС­ПАДА і сказаў: «Дакраніся да народу гэтага сьлепатою!» І ўдарыў іх сьлепатою, паводле слова Элісэя.

19 І сказаў ім Элісэй: «Гэта ня тая дарога і ня той горад. Ідзіце за мною, і я завяду вас да чалавека, якога вы шукаеце». І ён завёў іх у Самарыю.

20 І сталася, калі прыйшлі яны ў Самарыю, сказаў Элісэй: «ГОСПАДЗЕ, адкрый вочы іхнія, каб бачылі». І адкрыў ГОСПАД вочы іхнія, і яны ўбачылі, і вось, яны пасярод Самарыі.

21 І сказаў валадар Ізраіля Элісэю, калі ўбачыў іх: «Ці маю, забіваючы, забіць іх, бацька мой?»

22 Але сказаў: «Не забівай. Ці ж мячом тваім і лукам тваім ты ўзяў іх у палон, каб іх забіваць? Дай ім хлеба і вады, каб паелі і напіліся, і няхай ідуць да гаспадара свайго».

23 І справіў ім вялікае частаваньне, і яны елі і пілі, і ён выправіў іх, і яны пайшлі да гаспадара свайго. І ўжо дружыны Сірыйцаў не прыхо­дзілі больш у зямлю Ізраіля.

24 І сталася пасьля таго, што Бэн-Гадад, валадар Сірыі, сабраў усё войска сваё, і пайшоў, і аблёг Самарыю.

25 І быў голад вялікі ў Самарыі, бо вось, аблягалі яе. І галава асла восем­дзясят срэбнікаў, а чвэрць каба галубячага лайна — пяць срэбнікаў.

26 І сталася, калі валадар Ізраіля абыходзіў муры, адна жанчына закрычала да яго, кажучы: «Ратуй мяне, гаспадару мой, валадар!»

27 І сказаў ён: «Калі ня выратуе цябе ГОСПАД, як я выратую цябе? З гумна або з тоўчні?»

28 І сказаў ёй валадар: «Што табе?» Яна сказала: «Гэтая жанчына сказала мне: “Дай сына твайго, і мы зьямо яго сёньня, а сына майго зьямо заўтра”.

29 І зварылі мы сына майго, і зьелі яго, і на другі дзень я сказала ёй: “Дай сына твайго, і мы зьямо яго”, але яна схавала сына свайго».

30 І сталася, калі пачуў валадар слова жанчыны, ён разьдзёр шаты свае. А ён абыходзіў муры, і народ глядзеў, і вось, зрэбніца пад сподам на целе ягоным.

31 І сказаў ён: «Няхай гэта і гэта зробіць мне Бог і яшчэ дадасьць, калі галава Элісэя, сына Шафата, застанецца на ім сёньня!»

32 А Элісэй сядзеў у доме сваім, і старшыні сядзелі з ім. І валадар паслаў перад абліччам сваім чалавека, але перш, чым пасланец увайшоў да, ён сказаў старшыням: «Ці вы бачыце, што гэты сын забойцы паслаў чалавека, каб сьцяць галаву маю? Глядзіце, калі прыйдзе пасланец, замкніце дзьверы і перахапіце яго ў дзьвярах. Ужо чуваць тупат ног гаспадара ягонага за ім».

33 І калі ён яшчэ гаварыў з імі, вось, валадар зыйшоў да яго і сказаў: «Вось, колькі ліхоты ад ГОСПАДА! Што яшчэ маю чакаць ад ГОСПАДА?»

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help