2 ЛЕТАПІСАЎ 29 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

2 Лет 29

1 Эзэкія пачаў валадарыць, дваццаць пяць гадоў, і дваццаць дзевяць гадоў валадарыў у Ерусаліме. А імя маці ягонай — Абія, дачка Захарыі.

2 І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, усё так, як рабіў Давід, бацька ягоны.

3 Ён у першы год валадараньня свайго, у першы месяц адчыніў дзьверы Дому ГОСПАДА і ўмацаваў іх;

4 і прывёў сьвятароў і лявітаў, і сабраў іх на ўсходняй плошчы,

5 і сказаў ім: «Паслухайце мяне, лявіты! Цяпер асьвяціцеся і асьвяціце Дом ГОСПАДА, Бога бацькоў вашых, і выкіньце нячыстае са сьвятыні.

6 Бо бацькі нашыя былі няверныя, і рабілі ліха ў вачах ГОСПАДА, Бога нашага, і пакінулі Яго, і адвярнулі абліччы свае ад Сялібы ГОСПАДА, і павярнуліся каркам;

7 таксама замкнулі дзьверы прысенка, і згасілі лямпы, і не кадзілі каджэньняў, і не складалі цэласпаленьняў у сьвятыні для Бога Ізраіля.

8 І быў гнеў ГОСПАДА на Юдзе і Ерусаліме, і ён аддаў іх на ганьбаваньне, на спусташэньне і на насьмешку, як вы бачыце вачыма вашымі.

9 І вось, пападалі бацькі нашыя ад мяча, а сыны нашыя, і дочкі нашыя, і жонкі нашыя ў палоне за гэта.

10 Цяпер у сэрцы маім — заключыць запавет з ГОСПАДАМ, Богам Ізраіля, і Ён адверне ад нас полымя гневу Свайго.

11 Сыны мае! Цяпер ня будзьце нядбайныя, бо вас выбраў ГОСПАД стаяць перад абліччам Ягоным, і быць Яму служыцелямі, і кадзіць Яму».

12 І ўсталі лявіты: Махат, сын Амасая, і Ёэль, сын Азарыі, з сыноў Кегата; і з сыноў Мэрары: Кіш, сын Абадыі, і Азарыя, сын Егальлелеля; і з сыноў Гершона: Ёах, сын Зіммы, і Эдэн, сын Ёаха,

13 і з сыноў Эліцафана: Шымты і Еіэль; і з сыноў Асафа: Захарыя і Маттанія;

14 і з сыноў Гэмана: Ехіэль і Шымэй; і з сыноў Едутуна: Шэмая і Узіэль.

15 І яны сабралі братоў сваіх, і асьвяціліся, і прыйшлі на загад валадара паводле слова ГОСПАДА, каб ачысьціць Дом ГОСПАДА.

16 І ўвайшлі сьвятары ў сярэдзіну Дому ГОСПАДА, каб ачысьціць, і вынесьлі ўсё нячыстае, што знайшлі ў сьвятыні ГОСПАДА, на панадворак Дому ГОСПАДА; а лявіты ўзялі, каб вынесьці навонкі да ручая Кедрон.

17 І яны пачалі асьвячэньне ў першы дзень першага месяца, і ў восьмы дзень месяца ўвайшлі ў прысенак ГОСПАДА; і асьвячалі Дом ГОСПАДА восем дзён, і ў шаснаццаты дзень першага месяца скончылі.

18 І ўвайшлі яны ў сярэдзіну да валадара Эзэкіі, і сказалі: «Мы ачысьцілі Дом ГОСПАДА, і ахвярнік цэласпаленьня, і ўсё начыньне ягонае, і стол пакладных, і ўсё начыньне ягонае;

19 і ўсе начыньні, якія закінуў валадар Ахаз валадараньня свайго ў нявернасьці сваёй, мы падрыхтавалі і асьвяцілі, і вось, яны перад ахвярнікам ГОСПАДА».

20 І ўстаў рана валадар Эзэкія, і сабраў князёў гораду, і ўвайшоў у Дом ГОСПАДА.

21 І прывялі сем бычкоў, і сем бараноў, і сем ягнятаў, і сем казлоў у ахвяру за грэх за валадарства і за Сьвятыню і за Юду; і ён сказаў сынам Аарона сьвятара скласьці цэласпаленьне на ахвярніку ГОСПАДА.

22 І зарэзалі валоў, і ўзялі сьвятары кроў, і пакрапілі ахвярнік; і зарэзалі бараноў, і пакрапілі крывёй ахвярнік; і зарэзалі ягнятаў, і пакрапілі крывёй ахвярнік.

23 І прывялі казлоў у ахвяру за грэх перад аблічча валадара і царквы, і яны ўсклалі рукі свае на іх.

24 І зарэзалі іх сьвятары, і ачысьцілі крывёю іхняй ахвярнік на перамольваньне за грахі ўсяго Ізраіля; бо за ўвесь Ізраіль сказаў валадар цэласпаленьне і ахвяру за грэх.

25 І паставіў ён лявітаў у Доме ГОСПАДА з цымбаламі, псалтырамі і гусьлямі паводле загаду Давіда і Гада, відушчага валадара, і Натана прарока, бо з рукі ГОСПАДА загад гэты праз рукі прарокаў Ягоных.

26 І сталі лявіты з музычнымі інструмэнтамі Давіда, і сьвятары — з трубамі.

27 І сказаў Эзэкія скласьці цэласпаленьні на ахвярніку. І ў час, калі пачалося цэласпаленьне, пачаўся сьпеў ГОСПАДУ і трубаў і музычных інструмэнтаў Давіда, валадара Ізраіля.

28 І ўся царква пакланялася, і сьпевакі сьпявалі, і ў трубы, трубячы, трубілі, пакуль ня скончылася цэласпаленьне.

29 І калі скончылі цэласпаленьне, укленчылі валадар і ўсе, што былі з ім, і пакланіліся.

30 І сказаў валадар Эзэкія і князі лявітам, каб яны хвалілі ГОСПАДА словамі Давіда і Асафа відушчага, і яны хвалілі з радасьцю, і кленчылі, і пакланяліся.

31 І адказаў Эзэкія, і сказаў: «Цяпер вы напоўнілі рукі вашыя для ГОСПАДА. Падыйдзіце і прынясіце ахвяры і падзякі ў Дом ГОСПАДА». І ахвяроўвала царква ахвяры і падзякі, і ўсе, якія былі ахвотныя сэрцам, цэласпаленьні.

32 І быў лік цэласпаленьняў, якія прынесла царква: семдзясят валоў, сто бараноў, дзьвесьце ягнятаў; усё гэта — на цэласпаленьне для ГОСПАДА.

33 І для пасьвячэньня шэсьцьсот валоў і тры тысячы авечак.

34 Толькі сьвятароў было мала, і яны не маглі абдзіраць скуру з усіх ахвяраў і цэласпаленьняў; і дапамагалі ім браты іхнія, лявіты, пакуль праца не была скончана і пакуль іншыя сьвятары не асьвяціліся; бо лявіты былі больш правыя сэрцам, каб асьвяціцца, чым сьвятары.

35 І таксама цэласпаленьняў было шмат з тлушчам ахвяраў мірных, і з ахвярамі вадкімі для цэласпаленьня. Гэтак адноўлена было служэньне Дому ГОСПАДА.

36 І радаваўся Эзэкія і ўвесь народ з таго, што Бог падрыхтаваў народ, бо неспадзявана сталася рэч гэтая.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help