БЫЦЬЦЁ 41 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Бц 41

1 I сталася, што мінула два гады часу, і сьніў фараон, і вось, ён стаіць каля ракі.

2 I вось, з ракі выходзяць сем кароваў прыгожых з выгляду і сытых целам; і пасьвіліся на поплаве.

3 I вось, сем іншых кароваў выходзяць за імі з ракі, брыдкіх з выгляду і худых целам, і сталі каля тых кароваў на беразе ракі.

4 I пажэрлі каровы брыдкія з выгляду і худыя целам сем кароваў прыгожых з выгляду і сытых. I прачнуўся фараон.

5 I ён заснуў, і сьніў другі раз, і вось, сем каласоў вырасьлі на адной сьцябліне, здаровых і добрых.

6 I вось, сем каласоў пустых і высушаных усходнім ветрам вырастаюць пасьля іх.

7 I праглынулі каласы пустыя сем каласоў здаровых і поўных. I прачнуўся фараон, і вось, сон.

8 I сталася раніцаю, што быў устрывожаны дух ягоны, і ён паслаў, і паклікаў усіх варажбітоў Эгіпту і ўсіх мудрацоў яго, і распавёў ім фараон сон свой; і не было, хто б патлумачыў яго фараону.

9 I прамовіў начальнік чашнікаў фараону, кажучы: «Грахі мае ўзгадваю я сёньня.

10 Фараон загневаўся на слугаў сваіх і аддаў мяне пад нагляд у дом начальніка варты, мяне і начальніка пекараў.

11 I мы сьнілі сон у адну ноч, я і ён, кожны са значэньнем сон свой мы сьнілі.

12 I быў там з намі юнак Гебрай, нявольнік начальніка варты. I мы распавялі яму, і ён патлумачыў нам сны нашыя, кожнаму сон ягоны патлумачыў.

13 I сталася, што як ён патлумачыў нам, так і адбылося: мяне вярнулі на становішча маё, а таго павесілі».

14 I паслаў фараон, і паклікаў Язэпа; і хутка вывялі яго з лёху. I ён пагаліўся, і зьмяніў адзеньне сваё, і прыйшоў да фараона.

15 I сказаў фараон Язэпу: «Я сьніў сон, і няма нікога, хто б патлумачыў яго. І я чуў, што пра цябе кажуць, што ты, выслухаўшы сон, тлумачыш яго».

16 I адказаў Язэп фараону, кажучы: «Ня я, але Бог можа казаць на супакой фараону».

17 I сказаў фараон Язэпу: «У сьне маім, вось, стаю я на беразе ракі.

18 I вось, з ракі выходзяць сем кароваў сытых целам і прыгожых з выгляду, і пасьвіліся яны на поплаве.

19 I вось, сем кароваў іншых выходзяць пасьля іх, някшталтныя, вельмі брыдкія з выгляду і худыя целам, я ня бачыў падобных, што да брыдкасьці, у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.

20 I пажэрлі каровы худыя і брыдкія першых сем кароваў сытых.

21 I ўвайшлі яны ў чэравы іхныя, і не было пазнаць, што яны ўвайшлі ў чэравы іхныя, і выгляд іхні быў паганы, як і спачатку. I я прачнуўся.

22 I ўбачыў я ў сьне, і вось, сем каласоў вырастаюць на адной сьцябліне, поўных і добрых.

23 I вось, сем каласоў ценькіх, пустых і высушаных усходнім ветрам растуць пасьля іх.

24 I праглынулі каласы пустыя сем каласоў добрых. Я расказаў гэта варажбітам, але няма патлумачыў мне».

25 I сказаў Язэп фараону: «Сон фараона — адзін ён. Што Бог зробіць, Ён паведаміў фараону.

26 Сем кароваў добрых — гэта сем гадоў; і сем тых каласоў добрых — гэта сем гадоў. Гэта сон адзін.

27 I сем кароваў худых і брыдкіх, якія выйшлі пасьля іх — гэта сем гадоў; і сем каласоў пустых, высушаных усходнім ветрам — гэта будзе сем гадоў голаду.

28 Гэта слова, якое я прамовіў да фараона. Што Бог зробіць, Ён паказаў фараону.

29 Вось, прыйдзе сем гадоў вялікага дабрабыту ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.

30 I настануць пасьля іх сем гадоў голаду; і забудзецца ўвесь той дабрабыт у зямлі Эгіпецкай, і вынішчыць голад гэтую зямлю.

31 I ня будзе відно дабрабыту ў зямлі з прычыны голаду, які будзе пасьля, бо будзе ён вельмі цяжкі.

32 А тое, што паўтарыўся гэты сон фараону двойчы,, што вызначана гэта справа ў Бога і неўзабаве Бог зьдзейсьніць гэта.

33 I цяпер няхай прыгледзіць фараон мужа кемлівага і мудрага, і няхай паставіць яго над зямлёю Эгіпецкай.

34 Няхай зробіць фараон, і прызначыць наглядчыкаў над краем, і зьбірае пятую частку з зямлі Эгіпецкай у сем гадоў дабрабыту.

35 I зьбяруць усякае харчаваньне падчас гэтых добрых гадоў, якія надыйдуць, і няхай зьбіраюць збожжа пад руку фараона на харчаваньне ў гарадах, і няхай захоўваюць.

36 I будзе гэтае харчаваньне на запас зямлі на сем гадоў голаду».

37 I добрае было гэтае слова ў вачах фараона і ў вачах усіх слугаў ягоных.

38 I сказаў фараон слугам сваім: «Ці знойдзецца такі чалавек, як гэты, які мае ў сабе Духа Божага?»

39 I сказаў фараон Язэпу: «Пасьля таго, як Бог паведаміў табе ўсё гэта, няма нікога такога кемлівага і мудрага, як ты.

40 Ты будзеш над домам маім, і вуснаў тваіх будзе слухацца ўвесь народ мой; толькі пасадам я буду перавышаць цябе».

41 I сказаў фараон Язэпу: «Глядзі, я паставіў цябе над усёй зямлёю Эгіпецкай».

42 I зьняў фараон пярсьцёнак свой з рукі сваёй, і даў яго на руку Язэпу; і апрануў яго ў адзеньне з вісону, і ўзлажыў ланцуг залаты на шыю ягоную;

43 і загадаў вазіць яго на другой калясьніцы сваёй, і крычалі перад ім: «Кланяйцеся!» I паставіў яго над усёй зямлёю Эгіпецкай.

44 I сказаў фараон Язэпу: «Я — фараон, але без цябе ніхто не падыме рукі сваёй і нагі сваёй у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай».

45 I назваў фараон імя Язэпава Цафнат-Панэах, і даў яму за жонку Аснат, дачку Паты-Пэра, сьвятара з Ону. I ўзьняўся Язэп над зямлёю Эгіпецкаю.

46 Язэпу было трыццаць гадоў, калі ён стаў перад фараонам, валадаром Эгіпту. I выйшаў Язэп ад аблічча фараона, і прайшоў па ўсёй зямлі Эгіпецкай.

47 I выдала зямля ў сем гадоў дабрабыту поўныя жмені.

48 I зьбіраў ён усякае харчаваньне тых сямі гадоў, якія былі ў зямлі Эгіпецкай, і разьмясьціў харчаваньне ў гарадах; харчаваньне з вакалічных палёў гораду ён складаў у іх.

49 I назьбіраў Язэп збожжа, як пяску марскога, так шмат, ажно перасталі лічыць, бо не было ліку.

50 I ў Язэпа нарадзіліся два сыны перш, чым прыйшоў год голаду, якіх нарадзіла яму Аснат, дачка Паты-Пэра, сьвятара з Ону.

51 I назваў Язэп імя першароднага Манаса, бо «Даў мне Бог забыцца ўсе цяжкасьці мае і ўвесь дом бацькі майго».

52 А імя другога назваў Эфраім, бо казаў: «Распладзіў мяне Бог у зямлі нядолі маёй».

53 I мінулі сем гадоў дабрабыту, які быў у зямлі Эгіпецкай.

54 I пачалі прыходзіць сем гадоў голаду, як сказаў Язэп. I быў голад у-ва ўсіх краінах, але ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай быў хлеб.

55 I галадавала ўся зямля Эгіпецкая, і крычаў народ да фараона пра хлеб, і сказаў фараон усім Эгіпцянам: «Ідзіце да Язэпа і рабіце, што ён вам скажа».

56 I быў голад на ўсім абліччы зямлі, і адчыніў Язэп усе, якія былі ў іх, і прадаваў Эгіпцянам. I павялічваўся голад у зямлі Эгіпецкай.

57 I з усёй зямлі прыходзілі ў Эгіпет купляць у Язэпа, бо павялічваўся голад па ўсёй зямлі.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help