1 Дык як Хрыстос цярпеў за нас целам, і вы ўзбройцеся такой думкаю, што той, хто церпіць целам, перастае грашыць,
2 каб рэшту часу ў целе жыць не паводле чалавечых пажаданьняў, але паводле волі Божае.
3 Бо досыць ужо, што мы ў мінулы час жыцьця выконвалі волю паганаў, ходзячы ў бессаромнасьці, пажаданьнях, абпіваньні віном, гулянках, банкетаваньнях і агідным ідалапаклонстве.
4 Таму яны зьдзіўляюцца, што вы не бежыцё з імі на гэты разьліў распусты, і блюзьняць.
5 Яны дадуць справаздачу Таму, Хто гатовы судзіць жывых і мёртвых.
6 Бо дзеля гэтага і мёртвым было дабравешчана, каб яны, суджаныя па-чалавечаму целам, жылі па-Божаму духам.
7 А канец усяму набліжаецца. Дык будзьце пры розуме і цьвярозымі ў малітвах.
8 А перш за ўсё мейце нязьменную любоў адзін да аднаго, бо любоў прыкрые мноства грахоў.
9 Будзьце гасьцінныя адны да адных без нараканьняў.
10 Служыце адзін аднаму кожны тым дарам, які атрымаў, як добрыя аканомы разнастайнае ласкі Божае.
11 Калі хто гаворыць — як словы Божыя; калі хто служыць — па сіле, якую дае Бог, каб у-ва ўсім славіўся Бог праз Ісуса Хрыста, Якому слава і ўлада на вякі вякоў. Амэн.
12 Улюбёныя! Не зьдзіўляйцеся вогненнаму, якое стаецца дзеля спакушэньня вас, нібы нешта дзіўнае здарылася.
13 Але, як супольнікі ў пакутах Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў адкрыцьці славы Ягонай радавацца і весяліцца.
14 Калі зьневажаюць вас за імя Хрыста, вы шчасьлівыя, бо Дух славы, Дух Божы супачывае на вас. Тыя блюзьняць, а вы славіце.
15 Абы толькі не цярпеў хто з вас мукі як забойца, або злодзей, або ліхадзей, або той, хто квапіцца на чужое;
16 а калі як Хрысьціянін, не саромся, але слаў Бога за гэткі ўдзел.
17 Бо час пачацца суду ад дому Божага. А калі спачатку ад нас, дык які канец тых, якія не скарыліся Эвангельлю Божаму?
18 І калі праведны ледзьве збавіцца, дык бязбожнік і грэшнік дзе апынуцца?
19 Так што тыя, якія церпяць паводле волі Божай, няхай перададуць Яму, як вернаму Творцу, душы свае, робячы дабро.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.