БЫЦЬЦЁ 39 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Бц 39

1 А Язэп быў заведзены ў Эгіпет, і купіў яго Патыфар, урадовец фараона, начальнік варты, Эгіпцянін, з рук Ізмаэльцаў, якія завялі яго туды.

2 I быў ГОСПАД з Язэпам, і стаўся ён чалавекам, які мае посьпех, і быў у доме гаспадара свайго, Эгіпцяніна.

3 I бачыў гаспадар ягоны, што ГОСПАД з ім, і ўсяму, што ён робіць, ГОСПАД дае посьпех у руках ягоных.

4 I знайшоў Язэп ласку ў вачах ягоных, і служыў яму, і ён паставіў яго над домам сваім, і ўсё, што меў, аддаў у рукі ягоныя.

5 I сталася, што ад таго часу, як ён паставіў яго над домам сваім і над усім, што меў, ГОСПАД дабраславіў дом Эгіпцяніна дзеля Язэпа, і было дабраславеньне ГОСПАДА на ўсім, што меў ён у доме і ў полі.

6 I аддаў ён усё, што меў, у рукі Язэпа; і ня рупіўся ні пра што, акрамя хлеба, які ён еў. А Язэп меў зграбную постаць і прывабны выгляд.

7 I сталася пасьля гэтых падзеяў, і ўзьняла жонка гаспадара ягонага вочы свае на Язэпа, і сказала: «Ляж са мною».

8 Але ён адмовіўся, і сказаў жонцы гаспадара свайго: «Вось, гаспадар мой ня рупіцца пры мне ні пра што ў доме, і ўсё, што мае, аддаў у руку маю.

9 Няма нікога, важнейшага за мяне, у доме гэтым; і ён не забараняе мне нічога, акрамя толькі цябе, бо ты — жонка ягоная. І як я магу ўчыніць такое вялікае злачынства і зграшыць супраць Бога».

10 I сталася, што яна зьвярталася да Язэпа штодня, а ён ня слухаў яе, каб легчы каля яе, і быць з ёю.

11 I сталася аднаго дня, і ён увайшоў у дом рабіць працу сваю, і нікога з людзей дому не было ў доме.

12 I яна схапіла яго за адзеньне ягонае, кажучы: «Ляж са мною». Але ён пакінуў адзеньне сваё ў руцэ ейнай, і ўцёк, і выйшаў навонкі.

13 I сталася, калі яна ўбачыла, што ён пакінуў адзеньне сваё ў руцэ ейнай і выбег навонкі,

14 яна паклікала людзей дому свайго, і сказала ім, кажучы: «Гляньце, прывялі да нас Гебрая, каб ён сваволіў у нас. Ён прыйшоў да мяне, каб легчы са мною, і я закрычала голасам вялікім.

15 I сталася, калі ён пачуў, што я ўзьняла голас мой і закрычала, ён пакінуў адзеньне сваё ў мяне, і ўцёк, і выйшаў навонкі».

16 I пакінула адзеньне ягонае ў сябе да прыходу гаспадара ягонага да дому свайго.

17 I гаварыла з ім гэткімі словамі, кажучы: «Прыйшоў да мяне гэты нявольнік Гебрай, якога ты прывёў да нас, каб сваволіць са мною.

18 I сталася, калі я ўзьняла голас мой і закрычала, ён пакінуў адзеньне сваё ў мяне і ўцёк навонкі».

19 I сталася, што пачуў гаспадар ягоны словы жонкі сваёй, якія яна гаварыла яму, кажучы: «Гэткую рэч учыніў мне нявольнік твой!», і ўзгарэўся гнеў ягоны.

20 I ўзяў гаспадар Язэпаў яго, і кінуў яго ў вязьніцу, месца, дзе былі ўвязьнены вязьні валадара. І быў ён там у вязьніцы.

21 I быў ГОСПАД з Язэпам, і зьявіў да яго міласэрнасьць, і даў ласку яму ў вачах начальніка вязьніцы.

22 I аддаў начальнік вязьніцы ў руку Язэпу ўсіх вязьняў, якія былі ў вязьніцы, і ўсё, што там рабілі, ён рабіў.

23 Не пільнаваў начальнік вязьніцы нічога, што было ў руках ягоных, бо ГОСПАД быў з ім, і ў тым, што ён рабіў, ГОСПАД даваў посьпех.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help