ЛІКІ 31 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Лікі 31

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Помстай адпомсьці за сыноў Ізраіля Мадыянцам, а потым будзеш далучаны да народу свайго».

3 І прамовіў Майсей да народу, кажучы: «Узбройце спаміж сябе мужчынаў на вайну, і няхай яны выйдуць супраць Мадыянцаў, і выканаюць помсту ГОСПАДА над Мадыянцамі.

4 па тысячы з пакаленьня, з кожнага пакаленьня Ізраіля і пашліце на вайну».

5 І выдзелена было па тысячы з кожнага пакаленьня Ізраіля, дванаццаць тысячаў узброеных да бою.

6 І паслаў іх Майсей па тысячы з пакаленьня, і Пінхас, сын Элеазара сьвятара, на вайну. І посуд сьвяты, і трубы ў руцэ ягонай.

7 І ваявалі яны супраць Мадыянцаў, як загадаў ГОСПАД Майсею, і выбілі ўсіх мужчынаў,

8 і валадароў Мадыяну пазабвалі, акрамя тых, якія загінулі ў бітве: Эвія, Рэкема, Цура, Хура, Рэву, пяць валадароў Мадыяну; і Білеама, сына Бэора, забілі мячом.

9 І ўзялі ў палон сыны Ізраіля жанчынаў Мадыянскіх і дзяцей іхніх. І ўсю жывёлу іхнюю, і ўсе статкі іхнія, і ўсю маёмасьць іхнюю забралі,

10 а ўсе гарады іхнія, усе паселішчы іхнія і ўсе мястэчкі іхнія спалілі агнём.

11 І забралі яны здабычу сваю, як людзей, так і жывёлу.

12 І прывялі яны палонных, і здабычу, і нарабаванае да Майсея і Элеазара сьвятара, і да ўсёй грамады сыноў Ізраіля ў табар на раўнінах Мааву над Ярданам насупраць Ерыхону.

13 І выйшлі Майсей і Элеазар сьвятар, і ўсе князі грамады на сустрэчу ім па-за табар.

14 І загневаўся Майсей на начальнікаў войска, на тысячнікаў і сотнікаў, якія вярталіся з вайны.

15 І сказаў ім Майсей: «Чаму вы пакінулі пры жыцьці ўсіх жанчынаў?

16 Ці ж не яны за намовай Білеама сыноў Ізраіля зрабілі нявернымі перад ГОСПАДАМ праз Пэора, і была пляга сярод грамады ГОСПАДА?

17 І цяпер забіце ўсіх дзяцей мужчынскага роду і ўсіх жанчынаў, якія пазналі мужчынаў.

18 А ўсіх дзяўчат, якія не пазналі мужчынаў, пакіньце пры жыцьці.

19 І вы будзеце па-за табарам сем дзён. Усе, хто забіў або дакрануўся да забітага, мусіць ачысьціцца ў трэці і ў сёмы дзень, вы і палонныя вашыя.

20 І ўсё адзеньне, і ўсе вырабы са скуры, і ўсё, што зроблена з воўны казінай, і ўсе драўляныя рэчы будуць ачышчаны».

21 І сказаў Элеазар сьвятар ваярам, якія былі на вайне: «Гэта пастанова закону, якую загадаў ГОСПАД Майсею.

22 Золата, срэбра, медзь, жалеза, цына, волава

23 і ўсе рэчы, якія мо­гуць прайсьці праз агонь, няхай пройдуць праз агонь і будуць чыстымі. Тое, што ня можа прайсьці праз агонь, няхай пройдзе праз ваду, і будзе ачышчана нячыстасьць.

24 І ў сёмы дзень вы памыеце адзеньне вашае, і будзеце ачышчаныя, і ўвойдзеце ў табар».

25 І сказаў ГОСПАД Майсею, кажучы:

26 «Палічыце здабычу, якая здабытая, ад чалавека да жывёлы, ты і Элеазар сьвятар, і галовы дамоў грамады.

27 І падзеліш здабычу паміж тымі, што ваявалі і выйшлі на вайну, і паміж усёй грамадой.

28 І выдзеліш частку ГОСПАДУ ад ваяроў, якія былі на вайне — адну душу на пяцьсот, як з людзей, так і з валоў, аслоў і авечак.

29 І з гэтай паловы возьмеш і дасі Элеазару сьвятару як ахвярны дар ГОСПАДУ.

30 А з паловы сыноў Ізраіля вазьмі адну частку з пяцідзесяці: з людзей, валоў, аслоў і авечак, з усяго быдла, і дасі гэта лявітам, якія служаць пры Сялібе ГОСПАДА».

31 І зрабілі Майсей і Элеазар сьвятар, як загадаў ГОСПАД Майсею.

32 І была здабыча, якую народ здабыў на вайне, — шэсьцьсот семдзясят пяць тысячаў авечак,

33 семдзясят дзьве тысячы валоў,

34 шэсьцьдзясят адна тысяча аслоў,

35 а душаў людзкіх, жанчынаў, якія не пазналі мужчынаў, было разам трыццаць дзьве тысячы.

36 І была палова дадзена тым, якія былі на вайне: трыста трыццаць сем тысячаў пяцьсот авечак.

37 І была частка ГОСПАДУ з авечак — шэсьцьсот семдзясят пяць авечак.

38 валоў трыццаць шэсьць тысячаў, а частка ГОСПАДУ семдзясят два.

39 трыццаць тысячаў пяцьсот аслоў, а частка ГОСПАДУ шэсьцьдзясят адзін.

40 шаснаццаць тысячаў душаў людзкіх, а частка ГОСПАДУ трыццаць дзьве душы.

41 І аддаў Майсей Элеазару сьвятару частку гэтую як дар ахвярны ГОСПАДУ, як загадаў ГОСПАД Майсею.

42 А палова для сыноў Ізраіля, якую ўзяў Майсей у ваяроў,:

43 трыста трыццаць сем тысячаў пяцьсот авечак,

44 трыццаць шэсьць тысячаў валоў,

45 трыццаць тысячаў пяцьсот аслоў

46 і шаснаццаць тысячаў душаў людзкіх.

47 І ўзяў Майсей з паловы сыноў Ізраіля адну пяцідзясятую частку з людзей і жывёлы, і аддаў яе лявітам, якія служаць пры Сялібе ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею.

48 І прыйшлі да Майсея правадыры, начальнікі дружынаў войска, тысячнікі і сотнікі,

49 і сказалі Майсею: «Мы, слугі твае, палічылі ваяроў, якія пад рукой нашай, і не загінуў ніводзін з іх.

50 І прынесьлі мы як дар ахвярны ГОСПАДУ знойдзеныя вырабы з золата: ланцужкі, бранзалеты, пярсьцёнкі, завушніцы і нашыйнікі, каб перапрасіць за душы нашыя перад абліччам ГОСПАДА».

51 І ўзялі Майсей і Элеазар сьвятар золата і ўсе вырабы з яго.

52 І было золата, аддадзенага тысячнікамі і сотнікамі ў ахвяру ГОСПАДУ, шаснац­цаць тысячаў семсот пяцьдзясят сыкляў.

53 А кожны з ваяроў меў яшчэ сваю здабычу.

54 І ўзялі Майсей і Элеазар сьвятар золата ад тысячнікаў і сотнікаў, і занесьлі ў Намёт Спатканьня як памятны дар сыноў Ізраіля перад абліччам ГОСПАДА.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help