ЯРЭМІЯ 14 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Яр 14

1 Слова ГОСПАДА, якое было да Ярэміі ў справе засухі:

2 «Галосіць Юда, і брамы ягоныя саслабелі, хіляцца да зямлі, і ўзьнімаецца крык Ерусаліму.

3 Магнаты ягоныя пасылаюць слугаў сваіх па ваду; яны прыходзяць да сажалак і не знаходзяць вады, вяртаюцца, пасудзіны іхнія пустыя, яны асаромленыя і зьбянтэжаныя, і закрываюць галовы свае.

4 Ад таго, што глеба сьпечаная, бо не было дажджу на зямлі, саромеюцца земляробы, закрываюць галовы свае.

5 Нават ланя нараджае ў полі і пакідае, бо няма травы.

6 Дзікія аслы стаяць на ўзгорках, хапаюць паветра, як цмокі; вочы іхнія мутнеюць, бо няма пашы.

7 Хоць беззаконьні нашыя сьведчаць супраць нас, ГОС­ПАДЗЕ, Ты ўчыні дзеля імя Твайго, бо павялічыліся адступніцтвы нашыя, мы саграшылі супраць Цябе.

8 Надзея Ізраіля, ГОСПАД, Збаўца ягоны ў часе трывогі! Чаму Ты быццам чужынец у зямлі і як падарожнік, які расьцягвае, каб пераночыць?

9 Чаму Ты быццам чалавек разгублены, як волат, які ня можа ратаваць? Ты ж сярод нас, ГОСПАДЗЕ, і імя Тваё ў нас заклікаюць. Не пакідай нас!

10 Гэта кажа ГОСПАД народу гэтаму: “Яны любяць блукаць, ног сваіх не шкадуючы. Але ГОСПАДУ не даспадобы гэта”. Цяпер Ён узгадаў беззаконьні іхнія і грахі іхнія карае».

11 І сказаў ГОСПАД мне: «Не прасі дабра для народу гэтага.

12 Калі яны будуць пось­ціць, Я ня выслухаю маленьняў іхніх; і калі яны будуць складаць цэласпаленьні і ахвяры хлебныя, Я ня буду мець упадабаньня ў іх, але вынішчу іх мячом, голадам і пошасьцю».

13 А я сказаў: «О, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, вось, прарокі кажуць ім: “Ня ўбачыце мяча, ня будзе ў вас голаду, бо праўдзівы мір дам вам на месцы гэтым”».

14 І сказаў ГОСПАД мне: «Прарокі гэтыя хлусьню абвяшчаюць у імя Маё. Я не пасылаў іх, і не загадваў ім, і не прамаўляў да іх. Відзежы хлусьлівыя, прадказаньні пустыя, мары сэрцаў сваіх — вось што яны прарочаць вам.

15 Дзеля гэтага так кажа ГОС­ПАД пра прарокаў, якія прарочаць у імя Маё, але Я не пасылаў іх. Яны кажуць: “Мяча і голаду ня будзе ў зямлі гэтай”. Ад мяча і голаду загінуць прарокі гэтыя,

16 а народ, якому яны прарочылі, будзе выкінуты на вуліцы Ерусаліму перад абліччам голаду і мяча, і ніхто ня будзе хаваць іх, жонак іхніх, сыноў іхніх, дочак іхніх; і Я выльлю на іх злачыннасьць іхнюю.

17 І ты скажаш ім слова гэтае: “Няхай вочы мае выліваюць сьлёзы ўначы і ўдзень, і няхай не спыняюцца, бо біцьцём вялікім пабітая дзяўчына, дачка народу майго, ударам вельмі вялікім.

18 Калі я выйду ў поле, вось, забітыя мячом! Калі я пайду ў горад, вось, замучаныя голадам! Нават прарок і сьвятар бадзяюцца па зямлі і нічога ня ведаюць”».

19 Ці адкінуўшы, адкінуў Ты Юду, або абрыдзіў Сыён душы Тваёй? Чаму Ты ўдарыў нас плягаю і няма аздараўленьня? Мы чакалі міру, але няма добрага; часу аздараўленьня, і вось, трывога!

20 Прызнаем, ГОСПАДЗЕ, бязбожнасьць сваю, беззаконьні бацькоў нашых, бо саграшылі мы супраць Цябе!

21 Не адкідай Ты дзеля імя Твайго! Не выстаўляй на ганьбу пасад славы Тваёй! Памятай, не разрывай запавет Твой з намі!

22 Ці ёсьць сярод марных паганскіх такія, што маглі спасылаць дождж? Ці неба дае залевы? Ці ж ня Ты, ГОСПАДЗЕ, Божа наш? У Табе мы маем надзею, бо Ты ўчыніў усё гэта.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help