ЕГОШУА 18 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Ег 18

1 І сабралася ўся грамада сыноў Ізраіля ў Шыло, і там паставілі Намёт Спатканьня, а ўжо ўся зямля была імі здабытая.

2 І засталіся яшчэ з сыноў Ізраіля сем каленаў, якія не атрымалі спадчыны сваёй.

3 І сказаў Егошуа сынам Ізраіля: «Як доўга вы будзеце марудзіць у тым, каб пайсьці і ўзяць на ўласнасьць зямлю, якую ГОСПАД, Бог бацькоў вашых, даў вам?

4 Выбярыце з кожнага калена па тры чалавекі, і я пашлю іх, і яны ўстануць, і абыйдуць зямлю, і апішуць яе, як разь­дзя­ліць яе ў спадчыну, і прый­дуць да мяне.

5 Разьдзяліце між сабой зямлю на сем частак; Юда няхай застаецца ў межах сваіх на поўдні, а дом Язэпа застанецца ў межах сваіх на поўначы.

6 А вы падзяліце зямлю на сем частак і прынясіце сюды да мяне, і я перад абліччам ГОСПАДА, Бога нашага, кіну дзеля вас жэрабя.

7 Лявіты ня маюць часткі між вамі, бо сьвятарства ГОСПАДА спадчынай іхняй. А Гад, Рубэн і палова калена Манасы атрымалі спадчыну сваю на ўсходнім баку Ярдану, якую даў ім Майсей, слуга ГОСПАДА».

8 І ўсталі мужчыны, і пайшлі. І загадаў Егошуа тым, якія пайшлі апісваць зямлю, кажучы: «Абыйдзіце зямлю і апішыце яе, і вярніцеся да мяне, каб тут, у Шыло перад абліччам ГОСПАДА я кінуў дзеля вас жэрабя».

9 І пайшлі мужчыны, і агледзелі зямлю, і апісалі яе і гарады ейныя ў кнізе, дзелячы на сем частак. І вярнуліся да Егошуа ў табар у Шыло.

10 І Егошуа кінуў жэрабя перад абліччам ГОСПАДА ў Шыло, і падзяліў там Егошуа зямлю паміж сынамі Ізраіля паводле частак іхніх.

11 І выпала першае жэрабя на калена сыноў Бэн’яміна паводле сем'яў іхніх. І былі межы часткі іхняй між сынамі Юды і сынамі Язэпа.

12 Мяжа іхняя на поўначы пачыналася ад Ярдану, і ўзьнімалася на паўночны бок Ерыхону, і ішла праз горы на захад, і спынялася ў пустыні Бэт-Авэн.

13 Адтуль цягнулася мяжа да Люзу, на поўдзень ад горнага перавалу Люзу або Бэтэлю, і зыходзіла мяжа да Атарот-Адару праз гару, якая на поўдні ад ніжняга Бэт-Харону.

14 І паварочвала мяжа на захад, і на поўдзень ад гары, якая на поўдні перад Бэт-Харонам, і спынялася пры Кірыят-Баале, гэта Кірыят-Ярым, горад сыноў Юды. Гэта бок заходні.

15 Паўднёвы бок ад скраю Кірыят-Ярыму, і мяжа ішла на захад, і дахо­дзіла да крыніцы Мэ-Нэфтааху.

16 І зыходзіла мяжа да скраю гары, якая насупраць лагчыны Бэн-Гінном, што на поўначы даліны Рэфаімаў, і зыходзіла ў лагчыну Гінном праз схіл Евусэяў на поўдзень, і даходзіла да Эн-Рагелю,

17 і паварочвала на поўнач, і даходзіла да Эн-Шэмэшу, і ішла да Гэлілоту, які насупраць Маале-Адумім, і цягнулася да Эвэн-Баган-Бэн-Рэўбэн.

18 І праходзіла мяжа да схілу насупраць Арабы з паўночнага боку, і зыходзіла да Арабы.

19 І праходзіла мяжа на поўнач каля схілу Бэт-Хоглі, і спынялася каля паўночнай затокі Мора Салёнага, на паўднёвым канцы Ярдану. Гэта мяжа паўднёвая.

20 А Ярдан быў мяжой з усходняга боку. Гэта спадчына сыноў Бэн’яміна і межы ягоныя навокал паводле сем'яў іхніх.

21 Гарады сыноў Бэн’яміна паводле сем'яў іхніх былі: Ерыхон, Бэт-Хогла, Эмэк-Кецыц,

22 Бэт-Араба, Цэмараім, Бэтэль,

23 Авім, Пара, Офра,

24 Кефар-Амоні, Офні і Геба — дванаццаць гарадоў і вёскі іхнія.

25 Гібэон, Рама, Бэерот,

26 Міцпа, Кефіра, Моца,

27 Рэкем, Ірпээль, Тараля,

28 Цэля, Элеф, Евус, іначай Ерусалім, Гібэат, Кірыят — чатырнаццаць гарадоў і вёскі іхнія. Гэта спадчына сыноў Бэн’яміна паводле сем'яў іхніх.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help