2 ЛЕТАПІСАЎ 1 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

2 Лет 1

1 І ўмацаваўся Салямон, сын Давіда, на валадарстве сваім; і ГОСПАД, Бог ягоны з ім, і ўзьвялічыў яго высока.

2 І сказаў Салямон усяму Ізраілю, начальнікам тысячаў і сотняў, і судзьдзям, і ўсім начальнікам у-ва ўсім Ізраілі, галовам бацькоў.

3 І пайшлі Салямон і ўся царква з ім на ўзвышша, якое ў Гібэоне, бо там быў Божы Намёт Спатканьня, які паставіў Майсей, слуга ГОСПАДА, у пустыні.

4 Каўчэг Божы перанёс Давід з Кірыят-Ярыму на, якое Давід падрыхтаваў для яго, бо ён паставіў для яго намёт у Ерусаліме.

5 А ахвярнік, які зрабіў Бэцалеэль, сын Урыі, сына Хура, застаўся там перад Сялібай ГОСПАДА; і шукалі яго Салямон і царква.

6 І ўзыйшоў Салямон перад аблічча ГОСПАДА туды да ахвярніка мядзянага, які ў Намёце Спатканьня, і ахвяраваў на ім тысячу цэласпаленьняў.

7 У тую ноч зьявіўся Бог Салямону і сказаў яму: «Прасі, што Мне даць табе».

8 І сказаў Салямон Богу: «Ты зрабіў Давіду, бацьку майму, вялікую ласку і паставіў мяне валадарыць замест яго.

9 Цяпер, ГОСПАДЗЕ Божа, няхай зьдзейсьніцца слова Тваё Давіду, бацьку майму, бо Ты паставіў мяне валадарыць над народам вялікім, як пыл зямлі.

10 Дай мне цяпер мудрасьць і веданьне, каб я мог выходзіць і ўваходзіць перад народам гэтым, бо хто можа судзіць гэты народ Твой такі вялікі?»

11 І сказаў Бог Салямону: «За тое, што было гэта ў сэрцы тваім, і ты не прасіў багацьця, маёмасьці, славы ці душы ворагаў тваіх, таксама не прасіў доўгіх дзён, але прасіў для сябе мудрасьці і веданьня, каб ты мог судзіць народ Мой, над якім Я паставіў цябе валадарыць,

12 мудрасьць і веданьне дадзены табе, а багацьці, маёмасьць і славу Я дам табе, якіх ніводзін з валадароў ня меў перад табою і ня будзе мець ніякі пасьля цябе».

13 І вярнуўся Салямон з узвышша, якое ў Гібэоне, у Ерусалім ад аблічча Намёту Спатканьня, і валадарыў у Ізраілі.

14 І сабраў Салямон калясьніцы і вершнікаў, і было ў яго тысяча чатырыста калясьніцаў і дваццаць тысячаў вершнікаў, якіх ён разьмясьціў у гарадах калясьнічных і пры валадары ў Ерусаліме.

15 І сабраў валадар срэбра і золата ў Ерусаліме, як камянёў, а кедраў так шмат, як сікамораў, якія ў Шэфэлі.

16 І прыводзілі для Салямона коней з Эгіпту і з Куэ, бо купцы валадарскія куплялі паводле цаны у Куэ.

17 І яны зыходзілі і прывозілі з Эгіпту калясьніцы за шэсьцьсот сыкляў срэбра і каня за сто пяцьдзясят. І гэтак праз рукі іхнія прывозілі іх для ўсіх валадароў Хетаў і валадароў Араму.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help