ЕГОШУА 6 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Ег 6

1 Ерыхон быў абкружаны мурам і замкнуўся перад сынамі Ізраіля. Ніхто не выходзіў з яго і ніхто не ўваходзіў.

2 І сказаў ГОСПАД да Егошуа: «Вось, Я аддаю ў рукі твае Ерыхон, валадара яго і ўсіх моц­ных ваяроў.

3 Усе вы, узброеныя ваяры, абыходзьце вакол гораду раз у дзень. Так рабіце шэсьць дзён.

4 Сем сьвятароў будзе несьці перад Каўчэгам сем трубаў з бараніх рагоў. У сёмы дзень абыйдзіце вакол гораду сем разоў, а сьвятары будуць трубіць у трубы.

5 І станецца, калі загудзіць працягла рог барані і вы пачуеце гук трубы, няхай увесь народ узвысіць гучны крык, і мур гораду разваліцца на месцы, і народ увойдзе, кожны перад сабою».

6 Егошуа, сын Нуна, паклікаў сьвятароў і сказаў ім: «Нясіце Каўчэг Запавету, а сем сьвятароў няхай нясуць сем трубаў з рагоў бараніх перад Каўчэгам ГОСПАДА».

7 А потым загадаў народу: «Ідзі­це і абыходзьце горад, а ўзброеныя няхай ідуць перад Каўчэгам ГОСПАДА».

8 Як толькі Егошуа скончыў гаварыць, сем сьвятароў затрубілі ў сем трубаў з рагоў бараніх і пайшлі, а Каўчэг Запавету ГОСПАДА пайшоў за імі.

9 І ўсё ўзброенае войска ішло перад сьвятарамі, што трубілі, а рэшта войска ішла за Каўчэгам, і трубы штораз мацней трубілі.

10 А Егошуа загадаў людзям: «Не гаманіце, каб ня чуўся гоман ваш, і каб нават слова не выходзіла з вуснаў вашых, але калі настане дзень, у які скажу вам: “Крычыце”, тады будзеце крычаць».

11 І вось Каўчэг ГОСПАДА за дзень абыйшоў горад, і ўсе вярнуліся ў табар, і там пераначавалі.

12 І ўстаў Егошуа рана, і сьвятары ўзялі Каўчэг Запавету.

13 Сем з іх узялі сем трубаў з рагоў бараніх, і пайшлі перад Каўчэгам ГОСПАДА, ідучы і трубячы, а ўзброеныя дружыны ішлі перад імі, а рэшта войска ішла за Каўчэгам і, ідучы, трубілі.

14 І ў другі дзень абыйшлі горад адзін раз, і вярнуліся ў табар свой. Так рабілі шэсьць дзён.

15 У сёмы дзень, на сьвітаньні ўстаўшы, абыйшлі горад такім самым спосабам сем разоў. Толькі ў той дзень абыйшлі горад сем разоў.

16 Калі сьвятары за сёмым разам затрубілі ў трубы, Егошуа крыкнуў народу: «Крычыце! ГОСПАД аддаў вам гэты горад.

17 Няхай будзе горад пад закляцьцем! Ён і ўсё, што ў ім — для ГОСПАДА. Адна толькі Рахаў распусьніца будзе жыць разам з усімі, якія будуць з ёй у доме, бо яна схавала выведчыкаў, якіх мы паслалі.

18 Вы ж сьцеражыцеся, каб нічога абложанага закляцьцем ня бралі, каб і самім не падпасьці пад закляцьце, калі возьмеце, бо тады вы зробіце праклятым увесь табар і прынесяцё яму няшчасьце.

19 Усё, што залатое або срэбнае, і посуд мядзяны, і жалеза — гэта сьвятыня для ГОСПАДА, і зьмешчаны яны будуць у скарбніцах Ягоных».

20 І народ падняў гармідар ваенны, і затрубілі ў трубы. Як толькі пачуў народ гук трубаў, закрычаў гучным крыкам ваенным, і муры разваліся на месцы, і народ увайшоў у горад, кожны напрасткі. І так занялі горад.

21 Сілай закляцьця ўсё прызначалі на сьмерць, і выбілі ўсіх, хто ў ім быў, ад мужчыны да жанчыны, ад дзіцяці да старога, і валоў, авечак і аслоў забілі мячом.

22 А двум мужчынам, якія былі выведчыкамі, Егошуа сказаў: «Ідзіце ў дом той жанчыны распусьніцы і прывядзіце яе і ўсё, што ейнае, як ёй пад прысягай абяцалі».

23 Юнакі пайшлі і прывялі Рахаў і бацькоў ейных, братоў ейных і ўсе рэчы, і сваякоў яе, і пакінулі па-за табарам.

24 А горад і ўсё, што ў ім было, спалілі, апрача срэбра, золата, мядзянага посуду і жалеза, якія аддалі ў скарбніцу Дому ГОСПАДА.

25 А Рахаў распусьніцу, і сям’ю бацькі ейнага, і ўсё, што мела, пакінуў Егошуа пры жыцьці. І абжылася яна сярод Ізраіля па сёньняшні дзень, бо яна схавала выведчыкаў, якіх паслаў Егошуа для выведваньня Ерыхону.

26 У той час Егошуа пакляўся і сказаў: «Няхай будзе пракляты перад абліччам ГОСПАДА чалавек, які ўзяўся б адбудаваць горад Ерыхон. За цану жыцьця першароднага свайго закладзе падваліны ягоныя, за цану жыцьця наймалодшага сына паставіць брамы».

27 І ГОСПАД быў з Егошуа, і слава ягоная разыйшлася па ўсёй зямлі.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help