СУДЗЬДЗЯЎ 6 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Суд 6

1 І сыны Ізраіля чынілі зло ў вачах ГОСПАДА, і ГОСПАД аддаў іх на сем гадоў у рукі Мадыянцаў.

2 І рука Мадыянцаў цяжэла над Ізраілем. І сыны Ізраіля перад Мадыянцамі парабілі сабе сховішчы і пячоры ў гарах і ўмацаваныя месцы.

3 Калі Ізраільцяне сеялі, прыходзілі Мадыянцы, і Амалек, і сыны Усходу, і хадзілі сярод іх,

4 і раскладаліся ў іх табарам, і нішчылі плады зямлі аж да Газы, не пакідаючы для Ізраіля ніякіх сродкаў для жыцьця: ані авечак, ані валоў, ані аслоў.

5 Яны прыходзілі разам са статкамі сваімі і намётамі сваімі, і прыходзілі як мноства саранчы. І іх, і вярблюдаў іхніх нельга было палічыць. І хадзілі яны па зямлі Ізраіля, каб пустошыць яе.

6 Вельмі зьбяднеў Ізраіль ад Мадыянцаў. І клікалі сыны Ізраіля да ГОСПАДА.

7 І клікалі сыны Ізраіля да ГОСПАДА з прычыны Мадыянцаў,

8 і ГОСПАД паслаў да сыноў Ізраіля прарока, і ён сказаў ім: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я вывеў вас з Эгіпту, вывеў вас з дому няволі,

9 і вызваліў вас з рук Эгіпцянаў і з рук усіх прыгнятальнікаў вашых, і выгнаў іх перад абліччам вашым, і аддаў вам зямлю іхнюю.

10 І Я вам сказаў: "Я — ГОСПАД, Бог ваш, ня бойцеся багоў Амарэйцаў, на зямлі якіх вы жывеце". Але вы ня слухалі голас Мой”»

11 І прыйшоў анёл ГОСПАДА, і сеў пад дубам у Офры, якая Ёашу з Абіезэра. Гідэон, сын ягоны, малаціў у тоўчні збожжа, каб схаваць ад Мадыянцаў.

12 І зьявіўся яму анёл ГОСПАДА, і сказаў яму: «ГОСПАД з табою, ваяр мужны!»

13 Гідэон сказаў яму: «Прабач, гаспадару мой, калі ГОСПАД з намі, адкуль прыйшло ўсё гэта? Дзе ўсе цуды Ягоныя, пра якія расказвалі нам бацькі нашыя, кажучы: “З Эгіпту вывеў нас ГОСПАД”. А цяпер пакінуў нас ГОСПАД і аддаў нас у рукі Мадыянцаў».

14 І зьвярнуўся да яго ГОСПАД, і сказаў: «Ідзі з гэтай сілаю тваёй і збаў Ізраіля з рукі Мадыянцаў. Я пасылаю цябе».

15 І адказаў: «Госпадзе! Якім чынам я вызвалю Ізраіля? Род мой найбяднейшы ў Манасы, а я — апошні ў доме бацькі майго».

16 І ГОСПАД сказаў яму: «Я буду з табою, і ты паб’еш Мадыянцаў як аднаго чалавека».

17 І адказаў ён Яму: «Калі я знайшоў ласку ў вачах Тваіх, дай мне нейкі знак, што гэта Ты гаворыш са мною.

18 Не адыходзься адгэтуль, пакуль я прыйду да Цябе і прынясу ахвяру маю, і складу яе Табе». І сказаў: «Пачакаю, пакуль вернешся».

19 І Гідэон пайшоў, і падрыхтаваў казьляня і праснакоў з эфы мукі, і мяса палажыў у кош, а страву — у гаршчок, і прынёс гэта ўсё пад дуб, і ахвяраваў Яму.

20 І сказаў яму анёл Божы: «Вазьмі мяса і праснакі, і палажы іх на скале гэтай, а страву вылі наверх». І ён зрабіў гэта.

21 І анёл ГОСПАДА працягнуў канец кія, які у руцэ Сваёй, і дакрануўся ім да мяса і праснакоў, і выйшаў агонь са скалы, і спаліў мяса і праснакі. І анёл ГОСПАДА зьнік з вачэй ягоных.

22 І ўбачыў Гідэон, што гэта быў анёл ГОСПАДА, і сказаў Гідэон: «Гора мне, Госпадзе, ГОСПАДЗЕ, бо я бачыў анёла ГОСПАДА тварам у твар!»

23 І сказаў яму ГОСПАД: «Супакой табе, ня бойся, не памрэш!»

24 І пабудаваў там Гідэон ахвярнік ГОСПАДУ і назваў яго: “Ягвэ-Шалом”. Аж па сёньняшні дзень гэты ў Офры Абіезэравай.

25 У тую ноч сказаў ГОСПАД: «Вазьмі бычка са бацькі твайго і другога бычка, сямігадовага, і развалі ахвярнік Баала, які ў бацькі твайго, і сьсячы сьвятое дрэва, якое каля,

26 і пастаў ахвярнік ГОСПАДУ, Богу твайму, на версе гэтай скалы ў адпаведны спосаб. І вазьмі другога бычка, і скла­дзі цэласпаленьне на дровах са сьвятога дрэва, якое сьсячэш».

27 І ўзяў Гідэон дзесяць чалавек слугаў сваіх, і зрабіў, як прамовіў яму ГОСПАД. Але баяўся ён дому бацькі свайго і жыхароў таго гораду, і не зрабіў гэтага ўдзень, але зрабіў уначы.

28 І раніцаю ўсталі людзі таго гораду, і вось, развалены ахвярнік Баала і сьсечанае сьвятое дрэва, якое пры ім, і другі бычок складзены ў ахвяру цэласпаленьня на пабудаваным ахвярніку.

29 І казалі яны адзін аднаму: «Хто гэта зрабіў?» І шукалі, і даведваліся, і сказалі: «Гідэон, сын Ёаша, зрабіў гэта».

30 І людзі гораду таго сказалі Ёашу: «Выведзі сына твайго, і няхай ён памрэ, бо ён разваліў ахвярнік Баала і сьсек сьвятое дрэва, якое пры ім».

31 А Ёаш сказаў усім, што стаялі каля яго: «Ці ж вы хочаце бараніць Баала і дапамагаць яму? Хто будзе заступацца за Баала, будзе забіты да раніцы. Калі ён — бог, няхай сам заступаецца за сябе супраць таго, хто разваліў ахвярнік ягоны».

32 З таго дня Гідэона назвалі Еруббаал, кажучы: «Няхай Баал змагаецца з ім, бо ён разваліў ахвярнік ягоны».

33 А ўсе Мадыянцы, Амалек і сыны Усходу сабраліся разам і пераправіліся, і разлажыліся табарам у лагчыне Езрээль.

34 І Дух ГОСПАДА ахапіў Гідэона, і ён затрубіў у рог, і сабраў пры сабе Абіезэра.

35 І паслаў ён пасланцоў да ўсяго Манасы, і яны сабралася пры ім, і паслаў пасланцоў да Асэра, Завулёна і Нэфталі, і яны пайшлі, каб з ім злучыцца.

36 І сказаў Гідэон Богу: «Калі сапраўды хочаш выратаваць Ізраіля рукою маёй, як Ты прамовіў,

37 вось, я расьцялю на таку стрыжаную воўну. Калі раса будзе толькі на воўне, а на ўсёй зямлі будзе суха, я буду ве­даць, што рукою маёй Ты вызваліш Ізраіль, як Ты прамовіў».

38 І так сталася. І ён устаў раніцаю, і сьціснуў воўну, і выціснуў поўны куфаль вады.

39 І сказаў Гідэон Богу: «Ня гневайся на мяне, калі яшчэ раз прамоўлю да Цябе. Дазволь яшчэ раз выпрабаваць праз воўну. Няхай будзе сухой толькі воўна, а кругом на зямлі будзе росна».

40 І зрабіў гэта Бог уначы, і толькі воўна засталася сухой, а ўся зямля была роснай.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help