2 ВАЛАДАРОЎ 5 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

2 Вал 5

1 Нааман, начальнік войска валадара Сірыі, быў чалавек вялікі перад абліччам гаспадара свайго і быў вельмі паважаны, бо праз яго ГОСПАД даў перамогу Сірыі. І быў ён волат мужны, але пракажоны.

2 І вырушылі войскі Сірыйцаў, і ўзялі ў палон з зямлі Ізраіля малую дзяўчынку, і была яна перад абліччам жонкі Наамана.

3 І сказала яна гаспадыні сваёй: «О, каб гаспадар мой перад абліччам прарока, які ў Самарыі! Ён аздаравіў бы яго ад праказы ягонай!»

4 І пайшоў Нааман, і паведаміў гаспадару свайму, кажучы: «Вось так і так сказала дзяўчынка з зямлі Ізраіля».

5 І валадар Сірыі сказаў: «Ідзі, а я пашлю ліст да валадара Ізраіля». І ён пайшоў, і ўзяў у руку сваю дзесяць талентаў срэбра, і шэсьць тысячаў золата, і дзесяць зьменаў адзеньня.

6 І прынёс ён валадару Ізраіля ліст, які казаў: «Калі прыйшоў ліст гэты да цябе, вось, я пасылаю да цябе Наамана, слугу майго, каб ты аздаравіў яго ад праказы ягонай».

7 І сталася, калі валадар Ізраіля прачытаў ліст гэты, ён разьдзёр шаты свае і сказаў: «Ці ж я — Бог, каб забіваць і вяртаць жыцьцё, што ён прысылае да мяне, каб я аздаравіў чалавека ад праказы ягонай? Падумайце і паглядзіце, ці ён не зачэпкі шукае супраць мяне?»

8 І сталася, калі пачуў Элісэй, чалавек Божы, што валадар Ізраіля разьдзёр шаты свае, ён паслаў да валадара, кажучы: «Навошта разьдзёр ты шаты свае? Няхай ён прыйдзе да мяне і даведаецца, што ёсьць прарок у Ізраілі».

9 І прыйшоў Нааман з коньмі сваімі і калясьніцаю сваёй, і затрымаўся каля дзьвярэй дому Элісэя.

10 І Элісэй паслаў да яго пасланца, кажучы: «Ідзі і памыйся сем разоў у Ярдане, і цела тваё станецца, і ты будзеш ачышчаны».

11 І загневаўся Нааман, і адыйшоў, і сказаў: «Вось, я казаў сабе, што ён выйдзе, і стане, і будзе клікаць імя ГОСПАДА, Бога свайго, і дакранецца рукой сваёй месца, і аздаровіць ад праказы.

12 Ці ня лепшыя Абана і Фарпар, рэкі Дамаску, за ўсе рэкі Ізраіля? Ці ж ня мог я памыцца ў іх і быць ачышчаным?» І павярнуўся, і пайшоў у гневе.

13 І наблізіліся слугі ягоныя, і прамовілі да яго: «Бацька мой, калі б пра рэчы вялікія прамовіў да цябе прарок, ці ты не зрабіў бы? А тым больш, калі ён сказаў табе: “Памыйся і будзеш ачышчаны”».

14 І зыйшоў Нааман, і сем разоў занурыўся ў Ярдан паводле слова чалавека Божага. І аднавілася цела ягонае, як цела малога хлопца, і быў ён ачышчаны.

15 І вярнуўся да чалавека Божага ён і ўся дружына ягоная, і стаў перад абліччам ягоным, і сказаў: «Вось, я даведаўся, што на ўсёй зямлі няма Бога, але толькі ў Ізраілі! І цяпер, калі ласка, прымі дар ад слугі твайго».

16 І сказаў: «Як жывы ГОСПАД, перад абліччам Якога я стаю, не вазьму». А той моцна прасіў яго ўзяць, але ён не згадзіўся.

17 І сказаў Нааман: «Калі не, няхай слузе твайму да­дуць зямлі, колькі пара мулаў можа несьці, бо слуга твой ужо ня будзе складаць цэласпаленьні і ахвяры крывавыя іншым багам, але толькі ГОСПАДУ!

18 Адно толькі няхай прабачыць ГОСПАД слузе твайму: калі гаспадар мой уваходзіць у дом Рымона, каб пакланіцца там, ён абапіраецца на руку маю, і тады я мушу пакланіцца ў доме Рымона. Калі я буду пакланяцца ў доме Рымона, няхай даруе ГОСПАД слузе твайму гэта».

19 І сказаў яму: «Ідзі ў супакоі». І ён адыйшоў ад яго кавалак дарогі.

20 І сказаў Гехазі, слуга чалавека Божага: «Вось, гаспадар мой пашкадаваў Наамана Сірыйца, не прыняў ад яго таго, што ён прынёс. Як жывы ГОСПАД, пабягу за ім і нешта атрымаю ад яго».

21 І пабег Гехазі за Нааманам. І ўбачыў Нааман, што нехта бяжыць за ім, і зыйшоў з калясьніцы насустрач яму, і сказаў: «Ці з мірам?»

22 Ён сказаў: «З мірам. Гаспадар мой паслаў мяне, кажучы: “Вось, цяпер прыйшлі да мяне з гары Эфраіма два юнакі з сыноў прарокаў. Дай ім талент срэбра і дзьве зьмены адзеньня”».

23 І сказаў Нааман: «Лепш вазьмі два таленты». І ўпрошваў яго, і завязаў два таленты срэбра ў дзьве кайстры, і дзьве зьмены адзеньня, і даў двум слугам сваім, і яны панесьлі іх перад абліччам ягоным.

24 І прыйшоў ён у Афэль, і забраў з рук іхніх, і палажыў у доме, а людзей тых выправіў, і яны пайшлі.

25 І ён пайшоў, і стаў перад гаспадаром сваім. І сказаў яму Элісэй: «Адкуль ты, Гехазі?» Ён сказаў: «Слуга твой не хадзіў нікуды».

26 А ён сказаў яму: «Ці ж сэрца маё не ішло, калі насустрач табе зыйшоў чалавек той з калясьніцы сваёй? Цічас браць срэбра і адзеньне, або аліўкавыя дрэвы, вінаграднікі, авечак і валоў, нявольнікаў і нявольніцаў?

27 Няхай праказа Наамана прылепіцца да цябе і да насеньня твайго на вякі». І выйшаў ад яго, як сьнег, ад праказы.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help