ЛІКІ 22 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Лікі 22

1 І выйшлі сыны Ізраіля, і сталі табарам на раўнінах Мааву на другім баку Ярдану, насупраць Ерыхону.

2 І ўбачыў Балак, сын Цыпора, усё, што зрабіў Ізраіль Амарэйцам.

3 І Мааў вельмі спалохаўся гэтага народу, бо ён быў шматлікі, і баяўся Мааў сыноў Ізраіля.

4 І сказаў Мааў старшыням Мадыяну: «Цяпер гэтая супольнасьць паесьць усё кругом, як вол саскубае траву на полі». У той час валадаром Мааву быў Балак, сын Цыпора.

5 І паслаў ён пасланцоў да Білеама, сына Бэора, у Пэтор, які над ракой зямлі сыноў народу ягонага, каб паклікаць яго, кажучы: «Вось, выйшаў народ з Эгіпту. Вось, ён пакрыў аблічча зямлі і пасяліўся насупраць мяне.

6 І цяпер прыйдзі, прашу, і пракляні мне народ гэты, бо ён дужэйшы за мяне. Можа, я здолею перамагчы яго і выгнаць з зямлі, бо ведаю, што каго ты дабраславіш, будзе дабраслаўлёны, а каго ты праклянеш, будзе пракляты».

7 І прыйшлі старшыні Мааву са старшынямі Мадыяну, і за прадказаньне была ў руцэ іхняй, і прыйшлі да Білеама, і перадалі яму словы Балака.

8 І ён сказаў ім: «Застаньцеся тут на ноч, і я прынясу вам слова, якое скажа мне ГОСПАД». І засталіся князі Мааву ў Білеама.

9 І прыйшоў Бог да Білеама, і сказаў: «Што гэта за людзі ў цябе?»

10 І Білеам сказаў Богу: «Балак, сын Цыпора, валадар Мааву, прыслаў да мяне

11: “Вось, народ выйшаў з Эгіпту і пакрыў паверхню зямлі. Цяпер прыйдзі і пракляні мне яго, каб мог я перамагчы яго і выгнаць яго”».

12 І сказаў Бог Білеаму: «Ты ня пойдзеш з імі, не праклянеш народ, бо ён дабраслаўлёны».

13 І ўстаў Білеам раніцаю, і сказаў князям Балака: «Варочайцеся ў зямлю вашую, бо ГОСПАД не дазволіў мне ісьці з вамі».

14 І ўсталі князі Мааву, і прыйшлі да Балака, і сказалі яму: «Білеам не згадзіўся ісьці з намі».

15 І Балак паслаў яшчэ раз князёў, больш лікам і больш паважаных, чым тыя.

16 І прыйшлі яны да Білеама, і сказалі яму: «Так кажа Балак, сын Цыпора: “Не адмаўляйся, прашу, прыйсьці да мяне.

17 Бо, ушаноўваючы, вельмі ўшаную цябе і ўсё, што скажаш мне, зраблю. Прыйдзі і пракляні мне народ гэты”».

18 І адказаў Білеам, і сказаў слугам Балака: «Калі дасьць мне Балак поўны дом свой срэбра і золата, не магу парушыць з вуснаў ГОСПАДА, Бога майго, каб зрабіць што малое, або вялікае.

19 А цяпер, прашу, застаньцеся таксама ў гэтую ноч, а я даведаюся, што зноў прамовіць да мяне ГОСПАД».

20 І прыйшоў Бог да Білеама ўначы, і сказаў яму: «Калі прыйшлі гэтыя людзі паклікаць цябе, устань і ідзі з імі, але слова, якое Я прамоўлю да цябе, выканаеш».

21 І ўстаў Білеам раніцаю, і асядлаў асьліцу сваю і вырушыў разам з князямі Мааву.

22 І ўзгарэўся гнеў Бога, што ён паехаў. І стаў анёл ГОСПАДА на шляху як супраціўнік ягоны. А ён ехаў на асьліцы сваёй, і два юнакі ягоныя з ім.

23 І ўбачыла асьліца анёла ГОСПАДА, які стаяў на шляху, і меч ягоны выцягнуты ў руцэ ягонай, і зыйшла асьліца з дарогі, і пайшла ў поле. І Білеам ударыў асьліцу, каб яна завярнула на дарогу.

24 І стаў анёл ГОСПАДА на сьцеж­цы паміж вінаграднікамі, і мур быў з таго і з гэтага боку.

25 І ўбачыла асьліца анёла ГОС­ПАДА, і прыціснулася да му­ру, і прыціснула нагу Білеама да муру, і ён зноў пачаў біць яе.

26 І анёл ГОСПАДА перайшоў і стаў у месцы такім вузкім, што не было дарогі, каб абмінуць яго ані з правага, ані з левага боку.

27 І ўбачыла асьліца анёла ГОСПАДА, і лягла пад Білеамам. І ўзлаваўся Білеам, і біў асьліцу кіем.

28 І адкрыў ГОСПАД вусны асьліцы, і яна сказала Білеаму: «Што я табе зрабіла? Чаму ты б’еш мяне ўжо трэці раз?»

29 І сказаў Білеам асьліцы: «Бо ты глумішся з мяне. Каб меў я меч у руцэ маёй, я забіў бы цябе!»

30 І сказала асьліца Білеаму: «Ці ж я не твая асьліца, на якой ты езьдзіш ад пачатку да сёньняшняга дня? Ці ж я мела звычку так рабіць з табой?» І ён сказаў: «Не».

31 І адкрыў ГОСПАД вочы Білеама, і ён угледзеў анёла ГОСПАДА, які стаяў на шляху, і меч выцягнуты ў руцэ ягонай. І пакланіўся ён, і схіліў аблічча сваё.

32 І сказаў яму анёл ГОСПАДА: «Навошта тры разы ты біў асьліцу сваю? Вось, я прыйшоў як супраціўнік твой, бо нядобрая дарога перад табою.

33 І ўбачыла мяне асьліца, і тры разы ўхілялася ад мяне, і каб яна не ўхілялася ад мяне, я забіў бы цябе, а яе пакінуў бы жывую».

34 І сказаў Білеам анёлу ГОСПАДА: «Саграшыў я, бо ня ведаў, што ты стаіш супраць мяне на шляху; а цяпер, калі гэта кепска ў вачах тваіх, я вярнуся назад».

35 І сказаў анёл ГОСПАДА Білеаму: «Ідзі з тымі людзьмі, але сьцеражыся, бо слова, якое Я прамоўлю да цябе, прамовіш». І пайшоў Білеам з князямі Балака.

36 І пачуў Балак, што Білеам прыйшоў, і выйшаў яму на спатканьне аж да Ір-Мааву, які на мяжы пры Арноне.

37 І сказаў Балак Білеаму: «Ці ж, пасылаючы, я не пасылаў да цябе, каб паклікалі цябе? Чаму ты не прыйшоў да мяне? Няўжо я не магу ўшанаваць цябе?»

38 І сказаў Білеам Балаку: «Вось, я прыйшоў да цябе цяпер. Ці ж я магу што іншае прамовіць? Слова, якое ўложыць Бог у вусны мае, я прамоўлю».

39 І пайшлі Балак разам з Білеамам, і прыйшлі ў Кірыят-Хуцот.

40 І Балак склаў у ахвяру валоў і авечак, і паслаў Білеаму і князям, якія з ім.

41 І сталася раніцаю, і ўзяў Балак Білеама, і завёў яго на ўзгорышча Баала, і адтуль убачыў ён частку народу.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help