ДРУГАЗАКОНЬНЕ 30 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Друг 30

1 І станецца, што прыйдуць на цябе ўсе словы гэтыя дабраславенства і праклёну, якія я абвясьціў перад абліччам тваім, і ты возьмеш іх у сэрца сваё сярод усіх народаў, да якіх выгнаў цябе ГОСПАД, Бог твой.

2 І ты вернешся да ГОСПАДА, Бога твайго, і будзеш слухаць голас Ягоны ў-ва ўсім, што я сёньня загадваю табе, ты і сыны твае, усім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй.

3 І адменіць ГОСПАД, Бог твой, няволю тваю і зьлітуецца над табою, і верне цябе, і зьбя­рэ цябе з усіх народаў, у якіх расьцярушыў цябе ГОСПАД, Бог твой.

4 Хоць бы ты быў выгнаны на канец неба, адтуль сьцягне і адтуль зьбярэ цябе ГОСПАД, Бог твой, і зграмадзіць цябе.

5 І ўвядзе цябе ГОСПАД, Бог твой, у зямлю, якую мелі бацькі твае, і возьмеш яе на ўласнасьць і Ён дасьць дабрабыт табе, і павялічыць цябе больш за бацькоў тваіх.

6 І абрэжа ГОСПАД, Бог твой, сэрца тваё і сэрца насеньня твайго, каб любіў ты ГОСПАДА, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёй, каб ты жыў.

7 І зьверне ГОСПАД, Бог твой, усе гэтыя праклёны на ворагаў тваіх і на тых, якія ненавідзяць цябе і перасьледуюць цябе.

8 А ты навернешся, і будзеш слухаць голас ГОСПАДА, і будзеш выконваць усе прыказаньні Ягоныя, якія я загадваю табе сёньня.

9 І ГОСПАД, Бог твой, дасьць табе посьпех у-ва ўсіх працах рук тваіх, у пладах улоньня твайго, і ў прыплодзе жывёлы тваёй, і ў плодзе зямлі тваёй табе на дабро. Бо вернецца ГОСПАД, каб цешыцца з цябе, даброцьці, як цешыўся Ён з бацькоў тваіх,

10 калі будзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і захоўваць прыказаньні Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія запісаныя ў кнізе Закону гэтага, і калі навернешся да ГОСПАДА, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй.

11 Бо прыказаньне гэтае, якое я загадваю табе сёньня даю, не зацяжкае для цябе і не далёкае.

12 Ня ў небе яно, каб ты казаў: “Хто ўзыйдзе ў неба і прынясе яго нам, каб мы маглі пачуць яго і выканаць яго?”

13 І не за морам яно, каб ты казаў: “Хто пераплыве мора і прынясе яго да нас, каб мы маглі пачуць яго і выканаць яго?”

14 Але вельмі блізка да цябе слова гэтае, яно ў вуснах тваіх і ў сэрцы тваім, каб ты мог выканаць яго.

15 Глядзі, я кладу сёньня перад абліччам тваім жыцьцё і дабро, сьмерць і зло.

16 Бо я загадваю табе сёньня, каб любіў ты ГОСПАДА, Бога твайго, і хадзіў шляхамі Ягонымі, і захоўваў прыказаньні Ягоныя, і пастановы Ягоныя, і прысуды Ягоныя, будзеш жыць, і памножышся, і бу­дзе дабраслаўляць цябе ГОСПАД, Бог твой, у зямлі, якую ідзеш атрымаць на ўласнасьць.

17 А калі адвернецца сэрца тваё і ня будзеш слухаць, і будзеш зьведзены, і будзеш пакланяцца багам чужым, і будзеш ім служыць,

18 я паведамляю вам сёньня, што, гінучы, вы загінеце і ня будуць доўгія дні ў зямлі, у якую ты пераходзіш праз Ярдан і ідзеш туды, каб атрымаць яе на ўласнасьць.

19 За сьведкаў супраць вас сёньня клічу неба і зямлю, што я кладу перад абліччам тваім жыцьцё і сьмерць, дабраславенства і праклён. Выбірай жыцьцё, каб жыў ты і насеньне тваё,

20 і любі ГОСПАДА, Бога твайго, і слухай голас Ягоны, і туліся да Яго, бо Ён — жыцьцё тваё і доўгасьць дзён твіх, каб ты жыў на зямлі, якую абяцаў ГОСПАД бацькам тваім, Абрагаму, Ісааку і Якубу, што дасьць ім яе».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help