БЫЦЬЦЁ 25 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Бц 25

1 I зноў узяў Абрагам жонку, а імя ейнае — Кетура.

2 I нарадзіла яна яму Зімрана, і Ёкшана, і Мэдана, і Мадыяна, і Ішбака, і Шуаха.

3 А Ёкшан нарадзіў Шэву і Дэдана. Сынамі Дэдана былі Ашурым, і Летушым, і Леўмім.

4 А сынамі Мадыяна — Эфа, і Эфэр, і Ханох, і Авіда, і Эльдаа. Усе яны — сыны Кетуры.

5 I аддаў Абрагам усё, што было ў яго, Ісааку.

6 А сынам наложніцаў, якія былі ў Абрагама, даў Абрагам дары, і адаслаў іх ад Ісаака, сына свайго, яшчэ за жыцьця свайго, на ўсход, у зямлю ўсходнюю.

7 I вось дні гадоў жыцьця Абрагама, якія ён пражыў — сто семдзясят пяць гадоў.

8 I супачыў, і памёр Абрагам у старасьці добрай, стары і насычаны, і быў далучаны да народу свайго.

9 I пахавалі яго Ісаак і Ізмаэль, сыны ягоныя, у пячоры Махпэля, што насупраць Мамрэ, на полі Эфрона Хета, сына Цахара.

10 Гэта тое поле, якое купіў Абрагам у сыноў Хета. Там пахаваныя Абрагам і Сара, жонка ягоная.

11 I сталася пасьля сьмерці Абрагама, дабраславіў Бог Ісаака, сына ягонага, і жыў Ісаак каля Бэер-Ляхай-Рой.

12 Вось радавод Ізмаэля, сына Абрагама, якога нарадзіла Абрагаму Агар Эгіпцянка, нявольніца Сары.

13 I вось імёны сыноў Ізмаэля, паводле імёнаў іхніх, паводле родаў іхніх: першародны Ізмаэля Наваёт, Кедар, Адбээль, Міўсам,

14 Мішма, Дума, Маса,

15 Хадад, Тэма, Етур, Нафіш і Кедма.

16 Гэта сыны Ізмаэля, і гэта імёны іхнія ў паселішчах іхніх і ў табарах іхніх, дванаццаць князёў плямёнаў сваіх.

17 А гадоў жыцьця Ізмаэля — сто трыццаць сем гадоў. І ён супачыў, і памёр, і быў далучаны да народу свайго.

18 І жылі яны ад Хавілі да Шура, які насупраць Эгіпту, калі ідзеш у Асірыю. Перад абліччам усіх братоў сваіх пасяліўся ён.

19 А гэта радавод Ісаака, сына Абрагама. Абрагам нарадзіў Ісаака.

20 I было Ісааку сорак гадоў, калі ён узяў Рэбэку, дачку Бэтуэля Арамейца з Падан-Араму, сястру Лявана Арамейца, сабе за жонку.

21 I прасіў Ісаак ГОСПАДА пра жонку сваю, бо яна была бясплодная; і ГОСПАД быў упрошаны ім, і зачала Рэбэка, жонка ягоная.

22 I штурхаліся сыны ў нутры ейным, і яна сказала: «Калі так, дык чаму ў мяне?» I пайшла спытацца ў ГОСПАДА.

23 I сказаў ГОСПАД ёй: «Два народы ў жываце тваім, і два народы выйдуць з нутра твайго; і адзін народ будзе мацнейшым за другі, і старэйшы будзе служыць малодшаму».

24 I споўніліся дні ейныя, каб нарадзіць, і вось, двайняты ў жываце ейным.

25 I выйшаў першы, чырвоны, увесь, як кажух, касматы; і назвалі імя ягонае Эзаў.

26 Потым выйшаў брат ягоны, і рука ягоная трымала пяту Эзава, і назвалі імя ягонае Якуб. А Ісааку было шэсьцьдзясят гадоў, калі яны нарадзіліся.

27 I вырасьлі хлопчыкі, і быў Эзаў спрытным паляўнічым, чалавекам поля, а Якуб быў чалавекам рахманым, які жыў у намётах.

28 I любіў Ісаак Эзава, бо ўпаляванае ім ў вуснах ягоных; а Рэбэка любіла Якуба.

29 I варыў Якуб страву, і Эзаў прыйшоў з поля, і быў ён стомлены.

30 I сказаў Эзаў Якубу: «Дай мне крыху чырвонай, гэтай чырвонай, бо я стомлены». Дзеля гэтага названае імя ягонае Эдом.

31 I сказаў Якуб: «Прадай мне сёньня першародзтва тваё».

32 I сказаў Эзаў: «Вось, я ледзь не паміраю, і на што мне гэта першародзтва?»

33 I сказаў Якуб: «Прысягні мне сёньня». І той прысягнуў яму, і прадаў першародзтва сваё Якубу.

34 I Якуб даў Эзаву хлеб і страву з сачэвіцы, і ён еў, і піў, і ўстаў, і пайшоў; і пагрэбаваў Эзаў першародзтвам.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help