ЛІКІ 10 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Лікі 10

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Зрабі сабе дзьве трубы срэбныя, кутыя, і будуць яны склікаць усю грамаду, каб рыхтаваць табар.

3 І затрубяць, і зьбя­рэцца да цябе ўся грамада да ўваходу ў Намёт Спатканьня.

4 А калі ў адну затрубяць, зьбяруцца да цябе князі і начальнікі дружынаў Ізраіля.

5 Калі затрубіш працягла, выйдзе табар, які з усходняга боку.

6 Калі другі раз працягла затрубіш, выйдзе табар, які з паўднёвага боку. Знакам на вырушаньне табару будзе працяглае трубеньне.

7 На зьбіраньне царквы затрубіце, але не працягла.

8 Трубіць у трубы будуць сыны Аарона, сьвятары. Будзе гэта вам і нашчадкам вашым пастанова вечная.

9 Калі будзеш ісьці на вайну ў зямлі вашай супраць ворага, які наступае на вас, будзеце трубіць у трубы. Гэта будзе кліч ваш перад абліччам ГОСПАДА, Бога вашага, і Ён збавіць вас ад ворагаў вашых.

10 У дзень радасьці вашай, у сьвяты і ў маладзікі, пры вашых цэласпаленьнях і ахвярах мірных, будзеце тру­біць у трубы; і яны будуць нагадваньнем перад абліччам Бога вашага пра вас. Я — ГОСПАД, Бог ваш!»

11 І сталася ў другі год, у другі месяц, у дваццаты месяца, паднялося воблака з-над Сялібы Сьведчаньня.

12 І вырушылі сыны Ізраіля ў дарогу сваю з пустыні Сынай, і спынілася воблака ў пустыні Паран.

13 Першы раз паводле з вуснаў ГОСПАДА, праз Майсея, вырушылі ў дарогу.

14 Першым вырушыў сьцяг табару сыноў Юды з дружынамі сваімі, а над дружынамі ягонымі Нахшон, сын Амінадава.

15 А над дружынамі пакаленьня сыноў Ісахара Натанаэль, сын Цуара.

16 А над дружынамі пакаленьня сыноў Завулёна Эліяў, сын Хэлёна.

17 І разабралі Сялібу, і вырушылі сыны Гершона і сыны Мэрары, несучы Сялібу.

18 І выйшаў сьцяг табару сыноў Рубэна з дружынамі сваімі, а над дружынамі ягонымі Эліцур, сын Шэдэура.

19 А над дружынамі пакаленьня сыноў Сымона Шэлюміэль, сын Цурышадая.

20 Над дружынамі пакаленьня сыноў Гада Эліясаф, сын Дэўэля.

21 І выйшлі сыны Кегата, несучы сьвятыя, і пакуль яны прыйшлі, Сяліба была ўжо пастаўлена.

22 І выйшаў сьцяг табару сыноў Эфраіма з дружынамі сваімі, а над дружынамі ягонымі Элішама, сын Амігуда.

23 А над дружынай пакаленьня сыноў Манасы Гамаліэль, сын Пэдагсура.

24 А над дружынамі пакаленьня сыноў Бэн’яміна Абідан, сын Гідэоні.

25 І выйшаў сьцяг табару сыноў Дана з дружынамі сваімі, а над дружынамі ягонымі Ахіезэр, сын Амішадая.

26 А над дружынамі пакаленьня сыноў Асэра Пагіэль, сын Акрана.

27 А над дружынамі сыноў Нэфталі Ахіра, сын Энана.

28 Вось такі быў паходу сыноў Ізраіля з дружынамі сваімі, калі выходзілі.

29 І сказаў Майсей Хававу, сыну Рэгуэля, Мадыянца, цесьця свайго: «Мы выходзім у месца, пра якое сказаў ГОСПАД: "Я дам вам". Хадзі з намі, і будзе табе добра, бо ГОСПАД абяцаў дабро Ізраілю».

30 Той сказаў яму: «Не пайду, але пайду ў зямлю маю і да сваякоў маіх».

31 І сказаў: «Не пакідай нас, бо ты ведаеш, як мы маем раскладацца табарам у пустыні, і будзеш для нас вачыма.

32 Калі пойдзеш з намі, тады калі будзе нешта добрае, што дасьць нам ГОСПАД, мы дамо табе».

33 І вырушылі яны з гары ГОСПАДА, і ішлі на працягу трох дзён. Каўчэг Запавету ГОСПАДА ішоў наперадзе іх на працягу трох дзён, каб знайсьці месца на табар.

34 І воблака ГОСПАДА над імі ўдзень, калі яны выхо­дзілі з табару.

35 І было, калі вырушаў Каўчэг, Майсей казаў: «Паўстань, ГОСПАДЗЕ, і няхай разьбягуцца ворагі Твае, і няхай паўцякаюць тыя, што ненавідзяць Цябе, перад абліччам Тваім».

36 А калі ставілі, казаў: «Вярніся, ГОСПАДЗЕ, да шматлікага войска Ізраіля!»

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help