НЭЭМІЯ 5 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Нээм 5

1 І быў вялікі крык народу і жонак іхніх на братоў сваіх Юдэяў.

2 І былі, якія казалі: «Нас, сыноў нашых і дочак нашых шмат; і мы мусім браць збожжа, каб есьці і жыць».

3 І былі тыя, якія казалі: «Палі свае, вінаграднікі свае і дамы свае мы закладаем, каб купіць збожжа ў часе голаду».

4 І былі тыя, якія казалі: «Мы бяром у пазыку на падаткі валадару, палі нашыя і вінаграднікі нашыя.

5 І цяпер, целы нашыя такія, як целы братоў нашых, і сыны нашыя такія, як сыны іхнія; а вось, мы мусім аддаваць у няволю сыноў сваіх і дачок сваіх, і некаторыя з дачок нашых зьняволеныя; і мы ня маем сілы ў руках нашых, бо палі нашыя і вінаграднікі нашыя — у іншых».

6 І я моцна загневаўся, калі пачуў крык іхні і словы гэтыя.

7 І дало раду ў-ва мне сэрца маё, і я спрачаўся са шляхтай і кіраўнікамі, і сказаў ім: «Вы бярэце вялікі адсотак кожны з брата свайго». І я сабраў вялікую грамаду супраць іх,

8 і сказаў ім: «Мы паводле магчымасьцяў нашых выкупляем братоў нашых, Юдэяў, якія прададзены паганам, а вы прадаяцё братоў вашых, і яны прадаваныя вам». І яны маўчалі, і не знаходзілі слова,.

9 І я сказаў: «Нядобрая рэч, якую вы робіце. Ці ж ня ў страху Бога нашага павінны вы хадзіць, каб пазьбегнуць ганьбаваньня ад паганаў, ворагаў нашых?

10 І таксама я, браты мае і юнакі мае пазычалі для іх срэбра і збожжа. Даруйма, прашу, адсоткі гэтыя!

11 Вярніце ім, прашу, яшчэ сёньня палі іхнія, аліўнікі іхнія і дамы іхнія, і таксама адсоткі за срэбра і збожжа, віно і алей, якія вы ўзялі ад іх».

12 І яны сказалі: «Вернем і ня будзем ад іх вымагаць; зробім так, як ты кажаш». І я паклікаў сьвятароў, і запрысягнуў іх, што яны так зробяць.

13 Таксама заўлоньне сваё я вытрас і сказаў: «Гэтак няхай вытрасе Бог кожнага чалавека, які ня будзе стаяць пры слове гэтым, з дому ягонага і з таго, што належыць яму, і гэтак няхай ён будзе вытрасены і пусты!» І сказала ўся царква: «Амэн!», і ўславілі ГОСПАДА. І зрабіў народ паводле слова гэтага.

14 Таксама ад дня, калі загадаў мне быць ваяводам іхнім у зямлі Юды, ад дваццатага году да трыццаць другога году валадара Артарксэркса, дванаццаць гадоў, я і браты мае ня елі хлеба ваяводы.

15 А ранейшыя ваяводы, якія былі да мяне, абцяжарвалі народ і бралі з яго хлеб і віно, і яшчэ сорак сыкляў срэбра. Таксама юнакі іхнія панавалі над народам. А я так не рабіў дзеля страху Божага.

16 І таксама я працаваў, адбудоўваючы мур гэты; і палёў мы не куплялі; і ўсе юнакі мае зьбіраліся там на працу.

17 І Юдэі, і кіраўнікоў сто пяцьдзясят чалавек, і тыя, што прыходзілі да нас з народаў, якія вакол нас, за сталом маім.

18 І вось тое, што было гатавана на адзін дзень: аднаго вала, шэсьць выборных авечак і птушак гатавалі ў мяне; і за дзесяць дзён шмат выходзіла ўсялякага віна. І пры гэтым хлеба ваяводы я не патрабаваў, бо цяжкая праца народу гэтага.

19 Памятай пра мяне, Божа мой, на дабро мне, пра ўсё, што я зрабіў для народу гэтага!

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help