1 Слова, якое было Ярэміі пра ўвесь народ Юды ў чацьвёртым годзе Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, гэта значыць, у першым годзе Навухаданосара, валадара Бабілону,
2 якое Ярэмія прамовіў пра ўвесь народ Юды і пра ўсіх жыхароў Ерусаліму, кажучы:
3 «Ад трынаццатага году Ёсіі, сына Амона, валадара Юды, аж да дня гэтага, гэта значыць дваццаць тры гады, было слова ГОСПАДА да мяне, і я прамаўляў да вас, устаючы ноччу, прамаўляў, а вы ня слухалі.
4 І паслаў ГОСПАД да вас усіх слугаў Сваіх, прарокаў, устаючы ноччу і пасылаючы, але вы ня слухалі, і не прыхілялі вушэй вашых, каб пачуць.
5 І яны казалі: “Адвярніцеся кожны ад шляху свайго ліхога і ад ліхоты ўчынкаў вашых, і жывіце ў зямлі, якую даў ГОСПАД вам і бацькам вашым адвеку і на вякі.
6 І не хадзіце за багамі чужымі, каб служыць ім і пакланяцца ім, і не гнявіце Мяне справамі рук вашых, і Я не прывяду на вас няшчасьце.
7 Але вы не паслухалі Мяне, кажа ГОСПАД, каб не гнявіць Мяне справамі рук вашых на ліха для вас.
8 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “За тое, што вы не паслухалі словаў Маіх,
9 вось, Я пашлю і зьбяру ўсе плямёны поўначы, кажа ГОСПАД, і Навухаданосара, валадара Бабілону, слугу Майго. І Я прывяду іх на зямлю гэтую, і на жыхароў ейных, і на ўсе народы навокал, і зраблю іх закляцьцем, і ўчыню іх страхоцьцем, і пасьмешышчам, і руінай вечнай.
10 І Я зьнішчу ў іх голас вясёласьці і гоман радасьці, голас жаніха і голас нявесты, грукат жорнаў і сьвятло лямпы.
11 І станецца ўся зямля гэтая руінаю і пусткаю, і будзе пакінутая, і будуць служыць народы гэтыя валадару Бабілонскаму семдзясят гадоў.
12 І станецца, калі споўніцца семдзясят гадоў, Я пакараю валадара Бабілонскага і народ гэты, кажа ГОСПАД, за беззаконьні іхнія, і зямлю Халдэйцаў, і зраблю яе пустэчай вечнай.
13 І, выконваючы, выканаю на зямлі гэтай усе словы Мае, якія Я прамовіў супраць яе; усё, што напісана ў кнізе гэтай, што прарочыў Ярэмія адносна ўсіх народаў.
14 Бо зьняволяць іх народы шматлікія і валадары вялікія, і Я аднагароджу ім паводле ўчынкаў іхніх, паводле справаў рук іхніх”.
15 Бо гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля да мяне: “Вазьмі з рукі Маёй келіх віна гневу гэтага і дай яго піць усім народам, да якіх Я пасылаю цябе.
16 І яны будуць піць, і будуць хістацца, і ашалеюць перад абліччам мяча, які Я пашлю супраць іх”.
17 І я ўзяў келіх з рукі ГОСПАДА, і напаіў усе народы, да якіх паслаў мяне ГОСПАД,
18 Ерусалім і гарады Юды, валадароў іхніх і князёў іхніх, каб зрабіць іх руінамі, на аслупяненьне, на пасьмешышча і на праклён, як гэта ёсьць сёньня;
19 фараона, валадара Эгіпецкага, і слугаў ягоных, князёў ягоных і ўвесь народ ягоны,
20 і ўсе разнастайныя і ўсіх валадароў зямлі Уц, усіх валадароў зямлі Філістынскай, Ашкелён, Газу, Экрон, і рэшту Ашдоду,
21 Эдом, Мааў і сыноў Амона,
22 усіх валадароў Тыру і ўсіх валадароў Сідону, усіх валадароў астравоў, якія на тым баку мора,
23 Дэдана і Тэму, Буза і ўсіх, якія стрыгуць валасы на скронях;
24 усіх валадароў Арабіі, усіх валадароў разнастайных народаў, якія жывуць у пустыні;
25 усіх валадароў Зімры, усіх валадароў Эляму і ўсіх валадароў Мадаю,
26 усіх валадароў поўначы, блізкіх і далёкіх, адных за другім; і ўсе валадарствы, якія на абліччы зямлі, а валадар Шэшаху будзе піць пасьля іх.
27 І ты скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Піце, і напівайцеся, і ванітуйце, і падайце, і не ўставайце перад абліччам мяча, які Я пашлю супраць вас”.
28 І станецца, калі яны ня будуць хацець узяць келіх з рукі тваёй, каб піць, ты скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. П’ючы, піць будзеце!
29 Бо вось, у горадзе, над якім клікалі імя Маё, Я пачынаю чыніць зло, а вы мелі б застацца без пакараньня? Не застанецеся без пакараньня, бо Я клічу меч супраць усіх жыхароў зямлі, кажа ГОСПАД Магуцьцяў”.
30 А ты будзеш прарочыць ім усе словы гэтыя і скажаш ім: “ГОСПАД грыміць з вышыняў, з Сялібы Сваёй сьвятой дае голас Свой, грымотамі грыміць супраць паселішчаў Сваіх, падымае крык, як выціскачы, адказвае да ўсіх жыхароў зямлі.
31 Даходзіць гармідар аж да канцоў зямлі, бо ГОСПАД вядзе спрэчку з народамі, кліча на суд кожнае цела, злачынцаў аддае пад меч, кажа ГОСПАД”.
32 Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Вось, гора пераходзіць з народу да народу, і бура вялікая прачынаецца з канцоў зямлі.
33 І будуць забітыя ГОСПАДАМ у дзень гэты ад канца зямлі да канца зямлі, ніхто ня будзе плакаць, ані зьбіраць іх, ані хаваць іх; і стануцца яны, як гной на абліччы зямлі.
34 Лямантуйце, пастыры, і галасіце! Качайцеся ў пыле, пастухі авечак, бо надыйшлі дні зарэзу вашага і расьцярушаньня вашага, і вы ўпадзеце, як начыньне каштоўнае.
35 І ня будзе схову для пастыраў, і ня будзе ратунку для пастухоў авечак.
36 голас крыку пастыраў і лямант пастухоў авечак, бо ГОСПАД пустошыць статак іхні.
37 І нішчацца пашы спакойныя перад абліччам полымя гневу ГОСПАДА.
38 Ён пакінуў як леў сховішча сваё, бо зямля Ягоная сталася пусткаю з прычыны ярасьці прыгнятальніка, з прычыны полымя гневу”».
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.