ЯРЭМІЯ 48 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Яр 48

1 Адносна Мааву. «Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Гора Нэво, бо ён зьнішчаны, і Кірыятаім асаромлены і здабыты, асаромлены замак і напалоханы.

2 Няма больш славы ў Мааве! У Хешбоне задумляюць ліхоту супраць яго: “Хадзем, выгубім яго спаміж народаў”. Таксама ты, Мадмэн, замоўкнеш, за табою прыйдзе меч.

3 Голас крыку з Харанаіму: “Спусташэньне і бяда вялікая”.

4 Мааў пераможаны! Чуваць крык аж да Цаару.

5 Праз вандол у Люхіт узыходзяць, плачучы, на схіле Харанаіму чутна галашэньне пра загубу:

6 “Уцякайце! Ратуйце душы вашыя і будзеце як той верас у пустыні”.

7 За тое, што ты спадзяваўся на справы твае і на скарбы твае, ты таксама будзеш здабыты, і Кемош пойдзе на выгнаньне, і разам сьвятары ягоныя і князі ягоныя.

8 І прыйдзе руйнаваньне ў кожны горад, і горад не ўратуецца, і загіне даліна, і будзе зьнішчана раўніна, бо сказаў ГОСПАД.

9 Дайце крылы Мааву, і ён паляціць, і гарады ягоныя стануцца пустэчаю, і ня будзе жыхароў у іх.

10 Пракляты, хто выконвае справу ГОСПАДА нядбала! Пракляты, хто меч Ягоны стрымлівае ад крыві!

11 Мааў цешыўся супакоем ад юнацтва свайго і адпачываў спакойна на дражджах сваіх, і ня быў пераліваны з пасудзіны ў пасудзіну, і не ішоў на выгнаньне. Таму захаваў ён смак свой, і пах ягоны не зьмяніўся.

12 Дзеля гэтага вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я пашлю да яго тых, якія наліваюць, і яны перальюць яго, і посуд ягоны спустошаць, і збаны ягоныя патаўкуць.

13 І будзе саромецца Мааў дзеля Кемоша, як дом Ізраіля саромеўся дзеля Бэтэлю, на які спадзяваўся.

14 Як вы казаць: “Мы — волаты і ваяры ў бітве”?

15 Той, хто зьнішчыць Мааў і гарады ягоныя, прыходзіць, і найлепшыя юнакі ягоныя пойдуць на зарэз, кажа Валадар, ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.

16 Набліжаецца загуба Мааву, вельмі сьпяшаецца бяда ягоная.

17 Спачувайце яму, усе, хто навокал яго, і ўсе, якія ведаеце імя ягонае, і кажыце: “Як зламаны скіпетр моцны, кій слаўны!”

18 Зыйдзі са славы сваёй і сядзь у сухой, дачка Дыбону, бо прыйшоў да цябе нішчыцель Мааву, і ён зруйнуе цьвярдыні твае.

19 Стань каля дарогі і глядзі, жыхарка Араэру, і пытайся таго, хто ўцёк, і таго, хто ўратаваўся, і кажы: “Што сталася?”

20 Мааў асаромлены, бо зламаны. Крычыце і галасіце, і паведамце ў Арноне, што спустошаны Мааў.

21 Прыходзіць суд на зямлю раўнінную, на Халён, на Ягцу, на Мэфаат,

22 на Дыбон, на Нэво, на Бэт-Дыблатаім,

23 на Кірыятаім, на Бэт-Гамуль, на Бэт-Мэон,

24 на Керыёт, на Боцру і на ўсе гарады зямлі Мааў, далёкія і блізкія.

25 Адсечаны рог Мааву, і зломлена рамяно ягонае, кажа ГОСПАД.

26 Напаіце яго, бо ён узьвялічваўся супраць ГОСПАДА, і няхай паваліцца Мааў у ванітаваньні свае і станецца пасьмешышчам.

27 Ці ня быў для цябе пасьмешышчам Ізраіль? Хіба ён знойдзены сярод злодзеяў, што ты ківаеш галавою, калі пра яго гаворыш?

28 Пакідайце гарады і жывіце сярод скалаў, жыхары Мааву, і будзьце як голуб, які віе гняздо на збоччах на краі стромы.

29 Мы чулі пра пыхлівасьць Мааву, ганарыстасьць вялікую, пра фанабэрыстасьць ягоную і пра зухвальства ягонае, пра пыхлівасьць ягоную і надзьмутасьць сэрца ягонага.

30 Я ведаю, кажа ГОСПАД, дзёрзкасьць ягоную, і што пустая пахвальба ягоная, і нявартае тое, што робяць яны.

31 Дзеля таго Я галашу дзеля Мааву, і дзеля ўсяго Мааву лямантую, і бядую дзеля людзей Кір-Хэрэсу.

32 Больш, чым дзеля Язэру, Я плачу дзеля цябе, вінаграднік Сібмы! Парасткі твае дайшлі аж да мора і сягаюць аж да мора Язэру, але напаў нішчыцель на сьпелы плод твой і на вінаград твой.

33 І забраныя радасьць і пацеха з вінаградніку і з зямлі Мааў, і Я скончу віно ў тоўчнях, яго не выціскае з радаснай песьняй, і радасная песьня ня радасная песьня.

34 Ад крыку з Хешбону аж да Элеале, аж да Ягацу даходзіць голас іхні, ад Цаару да Харанаіму і да Эглят-Шэлішыі, бо нават воды Німрыму стануць сухой.

35 Я выгублю ў Мааве, кажа ГОСПАД, таго, хто ўзыходзіць на ўзгоркі і кадзіць багам сваім.

36 Дзеля гэтага сэрца Маё дзеля Мааву як жалейка стогне, і дзеля людзей Кір-Хэрэсу як жалейка стогне, бо ўсё, што яны сабралі, прапала.

37 Бо кожная галава аблысела, і кожная барада абголена, на ўсіх руках — нарэзы, і на сьцёгнах — зрэбніца.

38 На ўсіх дахах Мааву і на плошчах ягоных лямант вялікі, бо Я раструшчыў Мааў, як посуд, які не падабаецца, кажа ГОСПАД.

39 Які ён раструшчаны! Галасіце! Як Мааў уцякаў асаромлены! І стаўся Мааў пасьмешышчам і страхоцьцем для ўсіх навокал.

40 Бо гэта кажа ГОСПАД. Вось, ён прыляціць, як арол, і раскіне крылы свае над Маавам.

41 Керыёт будзе здабыты, і крэпасьці захопленыя. І будзе сэрца волатаў Мааву ў той дзень, як сэрца жанчыны, якая нараджае.

42 І будзе зьнішчаны Мааў як народ, бо ўзьвялічваўся супраць ГОСПАДА.

43 Жах, яма і пастка для цябе, жыхар Мааву, кажа ГОСПАД.

44 Хто ўцячэ ад жаху, упадзе ў яму, а хто вылезе з ямы, будзе схоплены ў пастку, бо Я прывяду на Мааў год наведваньня іхняга, кажа ГОСПАД.

45 У ценю Хешбону стануць зьнясіленыя ўцекачы, але агонь выйдзе з Хешбону, і полымя — з сярэдзіны Сыгону, і праглыне бакі Мааву і цемя сыноў бунту.

46 Гора табе, Мааў! Загінуў народ Кемоша, бо сыны твае ўзятыя ў палон, і дочкі твае — у няволі.

47 Але Я вярну палонных Мааву ў будучыя дні, кажа ГОС­ПАД. Аж дасюль суд над Маавам».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help