СУДЗЬДЗЯЎ 14 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Суд 14

1 І зыйшоў Самсон у Тымну, і ўбачыў там жанчыну з дачок Філістынскіх.

2 І вярнуўся, і паведаміў бацьку свайму і маці: «У Тымне бачыў я жанчыну з дачок Філістынскіх. Цяпер вазьміце мне яе за жонку».

3 Бацька і маці сказалі яму: «Ці ж няма жынчыны між дачок братоў тваіх і ў-ва ўсім народзе маім, што захацеў ты ўзяць сабе жонку ў Філістынцаў неабрэзаных?» Сказаў Самсон бацьку свайму: «Вазьмі яе мне, бо ўпадабалі яе вочы мае».

4 Бацькі ж яго ня ведалі, што гэта справа ГОСПАДА і што Ён шукае прычыны выступіць суп­раць Філістынцаў, бо ў той час Філістынцы панавалі над Ізраілем.

5 І пайшоў Самсон з бацькам і маці ў Тымну. І калі падыхо­дзілі яны да вінаграднікаў гораду, выскачыў малады леў і стаў насупраць яго.

6 І зыйшоў тады на Самсона Дух ГОСПАДА, і ён разьдзёр маладого ільва як казьляня, бо нічога ня меў у руках. Але бацьку і маці не сказаў, што зрабіў.

7 І ён прыйшоў, і размаўляў з жанчынай, якую ўпадабалі вочы ягоныя.

8 Праз нейкі час, калі ён вяртаўся, каб забраць яе, калі зыйшоў у бок, убачыў парэшткі ільва, і рой пчолаў на целеягоным, і плястар мёду.

9 І ўзяў яго ў рукі, і еў мёд у дарозе. І вярнуўся да бацькі і маці, і даў ім частку, і яны пакаштавалі. Але не хацеў ім казаць, што мёд узяў з цела ільва.

10 І бацька ягоны пайшоў да той жынчыны, і справіў там Самсон банкет, які звычайна спраўляюць нарачоныя.

11 А калі там убачылі яго, далі яму трыццаць вясельных сяброў, якія былі пры ім.

12 І зьвярнуўся да іх Самсон: «Загадаю я вам загадку. Калі разгадаеце мне яе за сем дзён банкету, я дам вам трыццаць шатаў ільняных і трыццаць зьме­наў вопратак.

13 А калі ня зможаце разгадаць, вы дасьцё мне трыццаць шатаў ільняных і трыццаць зьме­наў вопратак». Яны адказалі яму: «Загадвай загадку сваю, а мы будзем слухаць».

14 І ён сказаў ім: «З таго, хто есьць, выйшла тое, што зьесьці, а з дужага выйшла слодыч». І тры дні не маглі яны адгадаць загадкі.

15 Калі надыйшоў чацьвёрты дзень, сказалі яны жонцы Самсона: «Угавары мужа твайго, каб ён разгадаў нам загадку, а іначай спалім цябе і дом бацькі твайго. Ці вы на тое запрасілі нас сюды, каб абрабаваць нас?»

16 І плакала жонка Самсона перад ім, і казала: «Ненавідзіш ты мяне і не кахаеш, і таму загадкі, якую загадаў сынам народу майго, ня хочаш мне разгадаць». А ён сказаў: «Нават бацьку свайму і маці я не разгадаў бы яе. А як магу табе выявіць?»

17 І яна плакала перад ім сем тых дзён, калі спраўлялі банкет. У сёмы дзень нарэшце разгадаў ёй, бо яна вельмі дакучала яму. А яна як найхутчэй перадала гэта сынам народу свайго.

18 І яны ў сёмы дзень перад заходам сонца сказалі яму: «Што саладзейшае за мёд, і хто дужэйшы за льва». Ён жа ім сказаў: «Калі б вы не аралі ялаўкай маёй, не разгадалі б загадкі маёй».

19 І зыйшоў на яго Дух ГОСПАДА, і ён пайшоў у Ашкелён, і забіў там трыццаць чалавек, зьняў з іх адзеньне і аддаў тым, якія разгадалі загадку. І, разгневаны вельмі, вярнуўся ў дом бацькі свайго.

20 А жонка Самсона выйшла за вясельнага сябра ягонага, які быў пры ім.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help