СУДЗЬДЗЯЎ 5 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Суд 5

1 У той дзень засьпявалі Дэбора і Барак, сын Абінаама, кажучы:

2 «Адпомшчаны Ізраіль, бо народ выступіў дабраахвотна! Дабраславіце ГОСПАДА!

3 Слухайце, валадары, прыхіліце вушы, начальнікі. Я ГОСПАДУ буду сьпяваць, буду граць хвалу ГОСПАДУ, Богу Ізраіля!

4 ГОСПАДЗЕ, калі Ты выходзіў з Сэіру, калі Ты выходзіў з ваколіцаў Эдому, тады трэслася зямля, і неба плакала, і хмары лілі вады.

5 Горы таялі перад абліччам ГОСПАДА з Сынаю, перад абліччам ГОСПАДА, Бога Ізраіля.

6 У дні Шамгара, сына Аната, у дні Яэлі апусьцелі дарогі; а тыя, што хадзілі па іх, абыходзілі іх сьцежкамі бочнымі.

7 Зьніклі мужныя ў Ізраілі, іх ня стала, пакуль не паўстала я, Дэбора, і паднялася як маці ў Ізраілі.

8 Выбралі яны сабе багоў новых, і тады вайна ў брамы, але не відаць ані шчыта, ані дзіды ў сарака тысячаў Ізраіля.

9 Сэрца маё да князёў Ізраіля, якія дабраахвотна ахвяраваліся за народ, дабраславіце ГОСПАДА!

10 Вы, што едзеце на асьліцах белых, і вы, што сядзіце на кілімах і вы, што ідзіцё дарогамі, сьпявайце!

11 Галасы тых, якія дзеляць пры вадапоях, няхай расказваюць пра праведнасьць ГОСПАДА, пра праведнасьць магуцьця Яго ў Ізраілі; тады зьбярэцца народ ГОСПАДА каля брамаў.

12 Устань, устань, Дэбора! Устань, устань і засьпявай сьпеў! Устань, Барак, вазьмі палонных тваіх, сын Абінаама!

13 Тады запануе рэшта правадыроў народу; ГОСПАД зыйдзе сярод волатаў.

14 Ад Эфраіма прыйшлі князі ў даліну, за ім Бэн’ямін з народам сваім. Ад Махіра князі прыйшлі, і ад Завулёна тыя, што трымаюць скіпетр.

15 Князі Ісахара былі з Дэбораю; і Ісахар разам з Баракам пасланы быў у даліну. А ў ваколіцах Рубэна вялікая нарада.

16 Чаму ты сядзіш паміж аборамі, каб слухаць мэканьне статку? У ваколіцах Рубэна вялікая нарада.

17 Гілеад адпачывае за Ярданам, а Дан як вандроўнік узыйшоў на караблі. Асэр жыве на беразе мора і пры затоках сваіх застаўся.

18 Завулён ахвяраваў душу сваю на сьмерць, а Нэфталі — у гарыстых мясцовасьцях.

19 Прыйшлі валадары і ваявалі, ваявалі валадары Ханаану ў Таанаху каля водаў Мэгіддо, але здабычы срэбра не атрымалі!

20 З неба змагаліся зоркі, з шляхоў сваіх супраць Сісэры ваявалі.

21 Ручай Кішон панёс іх, ручай старадаўні, ручай Кішон; трымайся моцна, душа мая.

22 Тады гучаў тупат капытоў коней, калі імчалі дужыя іхнія.

23 “Праклінайце Мэроз, — сказаў анёл ГОСПАДА, — праклінайце праклёнам жыхароў ягоных, бо не прыйшлі яны на дапамогу ГОСПАДУ, на дапамогу ГОСПАДУ з волатамі”.

24 Няхай будзе дабраслаўлёная між жанчынамі Яэль, жонка Хэвэра Кенэяніна, няхай будзе яна дабраслаўлёная між жанчынамі ў намётах!

25 Таму, хто прасіў вады, яна дала малака, і ў куфлі князёў прынесла яму малако.

26 Левай рукой узяла калок, а правай — кавальскі молат. І ўдарыла Сісэру, і прабіла галаву яму, скроні яго разьбіла.

27 Каля ног яе ён зваліўся, упаў і ляжаў, каля ног яе ўпаў, паваліўся. Дзе ўпаў, там і ляжаў забіты.

28 Праз акно глядзіць маці Сісэры і галосіць праз ваконныя краты: “Чаму марудзіць калясьніца ягоная вярнуцца? Чаму не сьпяшаецца грукат калясьніцаў ягоных?”

29 Разумнейшыя з жанчынаў ейных адказваюць ёй, і сама сабе паўтарае яна словы іхнія:

30 “Дык жа зьбіраюць здабычу і разьдзяляюць па паланянцы ці па дзьве кожнаму ваяру, а шаты каляровыя — для Сісэры, шаты каляровыя, гафтаваныя, а на шыю той, здабычу — каляровыя хусткі”.

31 Няхай гэтак, ГОСПАДЗЕ, зьнікнуць усе ворагі Твае! А тыя, што любяць Цябе, няхай ясьнеюць як сонца, якое ўзыходзіць!» І зямля жыла ў супакоі сорак гадоў.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help