БЫЦЬЦЁ 38 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Бц 38

1 I сталася ў той час, і зыйшоў Юда ад братоў сваіх, і паставіў у аднаго Адулямца, імя якога — Хіра.

2 I ўбачыў там Юда дачку аднаго Хананейца, імя якога — Шуа, і ўзяў яе, і ўвайшоў да яе.

3 I яна зачала, і нарадзіла сына; і ён назваў імя ягонае Ер.

4 I зачала яна зноў, і нарадзіла сына, і назвала імя ягонае Анан.

5 I яшчэ дадала, і нарадзіла сына, і назвала імя ягонае Шэля. Яна была ў Хезіве, калі нарадзіла яго.

6 I ўзяў Юда жонку для Ера, першароднага свайго, імя якой — Тамар.

7 I быў Ер, першародны Юды, ліхі ў вачах ГОСПАДА, і ўсьмерціў яго ГОСПАД.

8 I сказаў Юда Анану: «Увайдзі да жонкі брата свайго, і споўні абавязак швагра з ёю, і ўзнаві насеньне брату свайму».

9 I ведаў Анан, што не яму будзе насеньне; і было, што калі ён уваходзіў да жонкі брата свайго, выліваў на зямлю, каб ня даць насеньня брату свайму.

10 I было ліхім у вачах ГОСПАДА тое, што ён рабіў; і Ён таксама ўсьмерціў яго.

11 I сказаў Юда Тамар, нявестцы сваёй: «Застанься ўдавою ў доме бацькі свайго, пакуль вырасьце Шэля, сын мой». Бо ён сказаў: «Каб не памёр таксама ён, як браты ягоныя». I пайшла Тамар, і жыла ў доме бацькі свайго.

12 I прайшло шмат дзён, і памерла дачка Шуа, жонка Юды. I суцешыўся Юда, і ўзыйшоў у Тымну да стрыгачоў авечак сваіх, сам і Хіра Адулямец, таварыш ягоны.

13 І паведамілі Тамар, кажучы: «Вось, сьвёкар твой узыходзіць у Тымну стрыгчы авечак сваіх».

14 I яна скінула з сябе ўдовінае адзеньне сваё, і засланілася вэлюмам, і, захінуўшыся, села каля ўваходу ў Энаім, які на дарозе да Тымны, бо бачыла, што Шэля вырас, а яна ня дадзена яму за жонку.

15 I ўбачыў яе Юда, і падумаў, што яна — блудніца, бо яна закрыла аблічча сваё.

16 І ён павярнуў да яе з дарогі, і сказаў: «Дазволь, прашу, увайду да цябе». Бо ён ня ведаў, што яна — нявестка ягоная. А яна сказала: «Што ты дасі мне, калі ўвойдзеш да мяне?»

17 I ён сказаў: «Я прышлю табе казьляня з чарады». А яна сказала: «Ці дасі мне заруку, пакуль прышлеш».

18 I ён сказаў: «Якую заруку даць табе?» А яна сказала: «Пячатку тваю, і пас твой, і кій твой, які ў руцэ тваёй». I ён даў ёй, і ўвайшоў да яе; і яна зачала яму.

19 І ўстала, і пайшла, і зьняла вэлюм свой з сябе, і апранулася ва ўдовіны шаты.

20 I паслаў Юда казьляня праз рукі таварыша свайго Адулямца, каб узяць заруку з рукі жанчыны, але ён не знайшоў яе.

21 I пытаўся ён у людзей месца таго, кажучы: «Дзе блудніца, якая ў Энаіме пры дарозе?» А яны казалі: «Тут не было блудніцы».

22 I вярнуўся ён да Юды, і сказаў: «Я не знайшоў яе; і таксама людзі таго месца казалі: “Тут не было блудніцы”».

23 I сказаў Юда: «Няхай яна возьме сабе, каб толькі не было з нас кпінаў; вось, я паслаў казьляня гэтае, а ты не знайшоў яе».

24 І сталася, што праз тры месяцы паведамілі Юдзе, кажучы: «Чужаложыла Тамар, нявестка твая, і нават яна цяжарная ад распусты». I сказаў Юда: «Вывядзіце яе, і няхай будзе спаленая».

25 Яе павялі, а яна паслала да сьвёкра свайго, кажучы: «Ад чалавека, якога гэтыя, я цяжарная». I сказала: «Пазнавай, чыя пячатка, і пас, і кій вось гэтыя».

26 I пазнаў Юда, і сказаў: «Яна больш праведная, чым я, бо я ня даў яе Шэлі, сыну свайму». I больш не пазнаваў яе.

27 I сталася ў часе родаў ейных, і вось, блізьняты ў жываце ейным.

28 I сталася пры родах, і высунуў ручку; і ўзяла павітуха, і завязала на ручку яму чырвоную нітку, кажучы: «Гэты выйшаў першы».

29 I сталася, што схавалася рука ягоная, і вось, выйшаў брат ягоны. I яна сказала: «Як ты прарваў перагароду?». I назвала імя ягонае Пэрэс.

30 А потым выйшаў брат ягоны, у якога на руцэ чырвоная нітка. I назвала імя ягонае Зарах.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help