ПСАЛЬМЫ 81 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Пс 81

1 Кіраўніку хору: на лад Гітыт. Асафа.

2 Весяліцеся перад Богам моцы нашай; радасна гукайце Богу Якуба!

3 Пачніце сьпяваньне, вазьміце бубны, гусьлі мілагучныя і псалтыр.

4 Дзьміце ў трубу ў маладзік, у поўню, у дзень сьвята нашага,

5 бо гэткая пастанова ў Ізраілі, закон Бога Якубавага.

6 Ён паставіў гэта на сьведчаньне для Язэпа, калі выводзіў з зямлі Эгіпецкай, і мы пачулі мову, якой ня ведалі:

7 «Я прыбраў цяжар з плячэй ягоных, рукі ягоныя вольныя ад кашоў.

8 У бядзе ты паклікаў Мяне, і Я выратаваў цябе; адказаў табе з-за заслоны грымотаў, выспрабаваў цябе пры водах Мэрывы. (Сэлях)

9 Слухай, народзе Мой! Я буду сьведчыць супраць цябе, Ізраіль. Каб ты паслухаў Мяне,

10 і не было ў цябе бога чужога, і не пакланяўся ты богу чужынцаў!

11 Я — ГОСПАД, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай! Расчыні шырока вусны твае, і Я напоўню іх.

12 Але народ Мой не паслухаў голасу Майго, і Ізраіль ня быў паслухмяны Мне.

13 Дык Я пакінуў іх у закамянеласьці сэрца іхняга, і яны хадзілі паводле намераў сваіх.

14 О, калі б народ Мой паслухаў Мяне, калі б Ізраіль хадзіў шляхамі Маімі,

15 Я б неўзабаве ўпакорыў ворагаў іхніх, і супраць прыгнятальнікаў іхніх павярнулася б рука Мая.

16 Тыя, што ГОСПАДА ненавідзяць, падпарадкаваліся б ім, а шчасьце іхняе трывала б на вякі.

17 І Я карміў бы іх з тлустасьці пшаніцы, мёдам са скалы насычаў бы іх».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help