ЛІКІ 30 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Лікі 30

1 І сказаў Майсей сынам Ізраіля ўсё, што загадаў ГОСПАД Майсею.

2 І прамовіў Майсей да пакаленьняў Ізраіля, кажучы: «Вось слова, якое загадаў ГОСПАД.

3 Калі паабяцае нешта ГОСПАДУ або зьвяжа сябе прысягай, забавязаўшы душу сваю, няхай не парушыць словы свае, але ўсё, што выйшла з вуснаў ягоных, зробіць.

4 Калі жанчына паабяцае нешта ГОСПАДУ, або зьвяжа сябе прысягай у доме бацькі свайго і ў маладосьці сваёй,

5 і пачуе бацька ейны абяцаньне яе і забавязаньне, якім яна зьвязала душу сваю, і не запярэчыць бацька ейны, усе яе абяцаньні і ўсе яе забавязаньні, якімі яна зьвязала душу сваю, застануцца.

6 Калі ў той дзень, калі пачуе бацька ейны, ён забароніць ёй гэта, усе абяцаньні яе і ўсе забавязаньні, якімі яна зьвязала душу сваю, будуць няважныя. ГОСПАД даруе ёй, бо бацька ейны забараніў ёй.

7 Калі станецца, што вый­дзе яна замуж, і яна зьвязаная абяцаньнем або прысягай вуснаў сваіх, якімі яна зьвязала душу сваю,

8 і калі пачуе муж ейны і, пачуўшы, не запярэчыць, яе абяцаньні і яе забавязаньні, якімі яна зьвязала душу сваю, застануцца.

9 А калі пачуе муж ейны і забароніць ёй, тады абяцаньні яе, якія на ёй, і прысягі вуснаў яе, якімі яна зьвязала душу сваю, будуць няважныя; і ГОСПАД даруе ёй.

10 Але абяцаньне ўдавы або разьведзенай, кожнае, якім яна зьвязала душу сваю, застанецца на ёй.

11 Калі жонка ў доме мужа свайго зьвязала душу сваю абяцаньнем або прысягаю,

12 і пачуе муж, і будзе маўчаць, і не запярэ­чыць, тады ўсе абяцаньні і ўсе забавязаньні, якімі яна зьвязала душу сваю, застануцца на ёй.

13 А калі муж ейны, забараняючы, забароніць ёй, пачуўшы пра гэта, усё, што выйшла вуснаў яе, яе абяцаньні, якімі яна зьвязала душу сваю, будуць няважныя, бо муж забараніў; і ГОСПАД даруе ёй.

14 Усе абяцаньні і ўсе прысягі, якімі яна зьвязала душу сваю, муж ейны можа пакінуць і можа забараніць.

15 А калі муж моўчкі маўчаў з дня на дзень, усе яе абяцаньні і ўсе прысягі застаюцца на ёй, павінна споўніць, бо маўчаў, калі пачуў.

16 А калі ён забароніць праз нейкі час пасьля таго, як пачуў, ён сам панясе правіну сваю».

17 Гэта пастановы, якія загадаў ГОСПАД Майсею адносна мужа і жонкі, бацькі і дачкі, калі яна яшчэ ў юнацтве жыве ў доме бацькі свайго».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help