1 ЛЕТАПІСАЎ 19 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

1 Лет 19

1 І сталася пасьля гэтага, і памёр Нахаш, валадар сыноў Амона, і заваладарыў сын ягоны пасьля яго.

2 І сказаў Давід: «Зьяўлю міласэрнасьць Хануну, сыну Нахаша, бо бацька ягоны зьявіў мне міласэрнасьць». І паслаў Давід пасланцоў пацешыць яго па бацьку ягоным. І прыйшлі слугі Давіда ў зямлю сыноў Амона да Хануна, каб пацешыць яго.

3 І сказалі князі сыноў Амона Хануну: «Ці Давід шануе бацьку твайго ў вачах тваіх, што ён прыслаў пацяшыцеляў да цябе? Ці ня дзеля таго, каб высачыць і зьнішчыць, і выведаць зямлю прыйшлі слугі ягоныя да цябе?»

4 І ўзяў Ханун слугаў Давіда, і пагаліў іх, і абрэзаў адзеньне іхняе напалову, да азадкаў, і адпусьціў іх.

5 І прыйшлі яны, і паведамілі Давіду пра людзей гэтых. І ён паслаў ім насустрач, бо яны былі вельмі асаромленыя. І сказаў валадар: «Застаньцеся ў Ерыхоне, пакуль адрастуць бароды вашыя, і тады вернецеся».

6 І ўбачылі сыны Амона, што яны сталі ненавісныя Давіду, і паслаў Ханун і сыны Амона тысячу талентаў срэбра, каб наняць сабе калясьніцы і вершнікаў з Арам-Нагараіму, і з Арам-Маахі, і з Цовы.

7 І яны нанялі сабе трыццаць дзьве тысячы калясьнічнікаў і валадара Маахі, і народ ягоны. І яны прыйшлі, і паставілі перад абліччам Мэдэвы. І сыны Амона сабраліся з гарадоў сваіх, і прыйшлі на бітву.

8 І пачуў Давід, і паслаў Ёава з усім войскам волатаў.

9 І вырушылі сыны Амона, і пашыхтаваліся на бітву каля брамы гораду, а валадары, якія прыйшлі, асобна ў полі.

10 І ўбачыў Ёаў, што будзе ў яго бітва сьпераду і ззаду, і выбраў усіх выбранцоў Ізраіля, і выставіў іх у шыхт супраць Араму.

11 А рэшту народу даў пад руку Абішая, брата свайго, і яны сталі ў шыхце супраць сыноў Амона.

12 І сказаў ён: «Калі Арам будзе мацнейшы за мяне, ты прый­дзеш на дапамогу мне; а калі сыны Амона будуць мацнейшыя за цябе, я дапамагу табе.

13 Будзь моцны, і будзем цьвёрда стаяць за народ наш і за гарады Бога нашага. А ГОСПАД няхай зробіць, што добра ў вачах Ягоных».

14 І вырушыў Ёаў і народ, які з ім, на бітву з Арамам; і тыя ўцяклі перад абліччам ягоным.

15 А сыны Амона ўбачылі, што ўцёк Арам, і самі ўцяклі ад Абішая, брата ягонага, і ўвайшлі ў горад, а Ёаў пайшоў у Ерусалім.

16 І ўбачыў Арам, што яны пабітыя перад абліччам Ізраіля, і паслаў пасланцоў, і прывялі Арамлянаў, якія былі з таго боку ракі, і Шафах, князь войска Гададэзэра, на чале іх.

17 І паведамілі Давіду, і ён сабраў усяго Ізраіля, і перайшоў Ярдан, і прыйшоў да іх, і паставіў шыхт супраць іх, і паставіў шыхт Давід для бітвы супраць Арама, і біліся з ім.

18 І ўцёк Арам перад абліччам Ізраіля, і забіў Давід у Арама сем тысячаў калясьнічнікаў, і сорак тысячаў пяхотнікаў, і Шафаха, князя войска, усьмерціў.

19 І ўбачылі слугі Гададэзэра, што яны пабітыя перад абліччам Ізраіля, і замірыліся з Давідам, і служылі яму. І не хацеў Арам больш ратаваць сыноў Амона.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help