ЯРЭМІЯ 1 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Яр 1

1 Словы Ярэміі, сына Хэлькіі, са сьвятароў, якія ў Анатоце ў зямлі Бэн’яміна.

2 Да яго было слова ГОСПАДА ў дні Ёсіі, сына Амона, валадара Юды, у трынаццатым годзе валадараньня ягонага,

3 і ў дні Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, аж да канца адзінаццатага году Сэдэкіі, сына Ёсіі, валадара Юды, аж да няволі Ерусаліму ў пятым месяцы.

4 І было да мяне слова ГОС­ПАДА, кажучы:

5 «Перш, чым Я ўфармаваў цябе ва ўлоньні, Я ведаў цябе; перш, чым ты выйшаў з чэрава, Я пасьвяціў цябе, прарокам для народаў Я паставіў цябе».

6 А я сказаў: «Госпадзе ГОС­ПАДЗЕ! Вось, я ня ўмею гаварыць, бо я яшчэ юнак!»

7 І сказаў ГОСПАД мне: «Не кажы: “Я юнак”, бо да ўсіх, да каго Я цябе пашлю, ты пойдзеш, і ўсё, што Я табе загадаю, будзеш казаць.

8 Ня бойся абліччаў іхніх, бо Я з табою, каб цябе захоўваць, кажа ГОСПАД».

9 І выцягнуў ГОСПАД руку Сваю, і дакрануўся да вуснаў маіх, і сказаў ГОСПАД мне: «Вось, Я кладу слова Маё ў вусны твае.

10 Глядзі, Я стаўлю цябе сёньня над народамі і валадарствамі, каб вырываў і разбураў, каб нішчыў і руйнаваў, каб садзіў і будаваў».

11 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы: «Што ты бачыш, Ярэмія?» І я сказаў: «Бачу галінку дрэва мігдалёвага».

12 І сказаў ГОСПАД мне: «Добра бачыш, бо Я пільную слова Маё, каб споўніць яго».

13 І было слова ГОСПАДА да мяне другі раз, кажучы: «Што ты бачыш?» Я адказаў: «Бачу кацёл, які кіпіць, і аблічча ягонае з паўночнага боку».

14 І сказаў мне ГОСПАД: «З поўначы прыйдзе загуба на ўсіх жыхароў зямлі.

15 Бо вось, Я паклічу плямёны валадарстваў поўначы, кажа ГОСПАД, і яны прыйдуць, і паставяць кожны пасад свой каля ўваходу ў брамы Ерусаліму і супраць усіх муроў ягоных навокал, і супраць усіх гарадоў Юды.

16 І Я выдам прысуд на іх за ўсю ліхоту іхнюю, што пакінулі Мяне, і кадзілі багам чужым, і пакланяліся творам рук сваіх.

17 А ты падперажы сьцёгны твае і ўстань, і прамоў да іх усё, што Я табе загадаю. Ня бойся абліччаў іхніх, каб Я не напоўніў цябе страхам перад абліччам іхнім.

18 І вось, сёньня Я раблю цябе горадам умацаваным, слупом жалезным і мурам мядзяным супраць усёй зямлі гэтай, супраць валадароў Юды, супраць князёў іхніх, супраць сьвятароў іхніх і супраць народу зямлі гэтай.

19 І яны будуць ваяваць супраць цябе, але не перамогуць цябе, бо Я з табою, кажа ГОС­ПАД, каб ратаваць цябе».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help