2 САМУЭЛЯ 11 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

2 Сам 11

1 І сталася праз год, у час, калі валадары выходзяць, Давід выправіў Ёава і слугаў сваіх з ім, і ўсяго Ізраіля, і яны спустошылі сыноў Амона і абляглі Раббу. А Давід застаўся ў Ерусаліме.

2 І сталася вечарам, што Давід падняўся з ложку свайго і шпацыраваў на даху дома валадарскага. І ўбачыў ён з даху жанчыну, якая мылася, а жанчына была вельмі прыгожая.

3 І валадар паслаў выведаць, што гэта за жанчына. І сказалі яму, што гэта Батшэва, дачка Эліяма, жонка Урыі Хета.

4 І паслаў Давід пасланцоў, і ўзяў яе. І яна пайшла да яго, і ён спаў з ёю. І яна ачысьцілася ад нячыстасьці сваёй, і вярнулася ў дом свой.

5 І зачала тая жанчына, і па­слала яна, і паведаміла валадару, і сказала: «Я цяжарная».

6 І паслаў Давід да Ёава: «Пашлі да мяне Урыю Хета». І паслаў Ёаў Урыю Хета да Давіда.

7 І прыйшоў Урыя да, і Давід спытаўся пра справы Ёава і народу, і пра падзеі вайны.

8 І сказаў Давід Урыі: «Ідзі ў дом свой, і памый ногі твае». І выйшаў Урыя з дому валадарскага, а за ім панесьлі яму стравы ад валадара.

9 Але Урыя лёг спаць пры дзьвярах дому валадара з усімі слугамі гаспадара свайго і не пайшоў у дом свой.

10 І паведамілі Давіду, кажучы: «Урыя не пайшоў у дом свой». І сказаў Давід Урыі: «Ці ж ты не прыйшоў з дарогі? Чаму ж не заходзіш у дом твой?»

11 І сказаў Урыя Давіду: «Каўчэг, Ізраіль і Юда жывуць у буданах, і гаспадар мой Ёаў, і слугі гаспадара майго разлажыліся табарам на абліччы поля, а я пайду ў дом свой есьці і піць, і спаць з жонкай? Як жывы ты і як жывая душа твая, гэтага я не зраблю»

12 І сказаў Давід Урыі: «Застанься тут сёньня, а заўтра я адпушчу цябе». І застаўся Урыя ў Ерусаліме на той дзень, і на другі.

13 І паклікаў яго Давід, і ён еў перад абліччам ягоным, і піў, і напаіў яго. І выйшаў ён увечары, і спаў на посьцілцы сваёй між слугаў гаспадара свайго, а ў дом свой не пайшоў.

14 І раніцаю напісаў Давід ліст да Ёава, і паслаў праз Урыю.

15 А ў лісьце ён напісаў, кажучы: «Пастаўце Урыю там, дзе будзе найцяжэйшы бой, і адыйдзіцеся ад яго, каб быў ён паранены і загінуў».

16 І Ёаў агледзеў горад, і па­ставіў Урыю ў месцы, пра якое ведаў, што там ваяры адважныя.

17 І выйшлі з гораду людзі, і ваявалі супраць Ёава. І былі забітыя ў народзе слугі Давіда, і загінуў таксама Урыя Хет.

18 І паслаў Ёаў паведаміць Давіду ўсе падзеі бою гэтага.

19 І загадаў ён весьніку, кажучы: «Калі ты скончыш расказваць валадару пра ўсе падзеі бою гэтага,

20 і ўбачыш, што валадар разгневаўся, і ён скажа табе: “Чаму вы так блізка пад горад падыходзілі ваяваць? Ці вы ня ведалі, што з муроў будуць страляць у вас?

21 Хто забіў Абімэлеха, сына Еруббаала? Ці ж не жанчына, якая скінула на яго з муру камень млынавы, і ён памёр у Тэбэцы? Чаму вы падыходзілі пад мур?” І ты скажы: “Слуга твой Урыя Хет згінуў таксама”».

22 І пайшоў пасланец, і прыйшоў, і паведаміў Давіду ўсё, з чым паслаў яго Ёаў.

23 І сказаў пасланец Давіду: «Яны мелі перавагу над намі, і яны выйшлі супраць нас у поле, але мы змагаліся з імі аж да брамы.

24 І лучнікі стралялі ў слугаў тваіх стрэламі з муру, і загінулі слугі валадара, і слуга твой Урыя Хет загінуў таксама».

25 І сказаў Давід пасланцу: «Так скажы Ёаву: “Няхай ня будзе ў вачах тваіх тое, што сталася, бо меч дасягае раз таго, другі раз іншага. Будзь мужны ў вайне супраць гораду і зьнішчы яго”. І ты падбадзёр яго».

26 І пачула жонка Урыі, што загінуў Урыя, муж ейны, і плакала па чалавеку сваім.

27 Пасьля заканчэньня жалобы паслаў Давід, і ўзяў яе ў дом свой, і сталася яна жонкай ягонай, і нарадзіла яму сына. Але была кепскай у вачах ГОСПАДА справа гэтая, якую ўчыніў Давід.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help