БЫЦЬЦЁ 46 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Бц 46

1 I вырушыў Ізраіль у дарогу, і ўсё, што ў яго, і прыйшоў у Бээр-Шэву, і ахвяраваў ахвяры Богу бацькі свайго Ісаака.

2 I сказаў Бог Ізраілю ў відзежы начным, і сказаў: «Якубе! Якубе!» А ён сказаў: «Вось я».

3 I сказаў: «Я — Бог, Бог бацькі твайго! Ня бойся зыйсьці ў Эгіпет, бо Я зраблю цябе там народам вялікім.

4 Я зыйду з табою ў Эгіпет, і Я, выводзячы, таксама выведу цябе. I Язэп паложыць руку сваю на вочы твае».

5 I падняўся Якуб з Бээр-Шэвы; і павезьлі сыны Ізраіля Якуба, бацьку свайго, і дзяцей сваіх, і жонак сваіх на вазах, якія паслаў фараон, каб прывезьці яго.

6 I ўзялі яны статак свой і маёмасьць сваю, якую прыдбалі ў зямлі Ханаан, і прыйшлі ў Эгіпет Якуб і ўсё насеньне ягонае з ім.

7 Сыноў сваіх і сыноў сыноў сваіх з сабою, і дочак сваіх і дочак сыноў сваіх, і ўсё насеньне сваё прывёў ён з сабою ў Эгіпет.

8 I вось імёны сыноў Ізраіля, што прыйшлі ў Эгіпет: Якуб і сыны ягоныя. Першародны Якуба Рубэн.

9 I сыны Рубэна: Ханох і Пальлю, і Хецрон, і Кармі.

10 I сыны Сымона: Емуэль і Ямін, і Агад, і Якін, і Цахар, і Шаўль, сын Хананейкі.

11 I сыны Левія: Гершон, Кегат і Мэрары.

12 А сыны Юды: Ер, і Анан, і Шэля, і Пэрэс, і Зарах. І памерлі Ер і Анан у зямлі Ханаан. I былі сыны Пэрэса: Хецрон і Хамуль.

13 I сыны Ісахара: Тола і Пува, і Ёў, і Шымрон.

14 I сыны Завулёна: Сэрэд, і Элён, і Яхлеэль.

15 Гэта сыны Леі, якіх яна нарадзіла Якубу ў Падан-Араме, і Дзіну, дачку ягоную. Усіх душаў сыноў ягоных і дочак ягоных — трыццаць тры.

16 I сыны Гада: Цыф’ён і Хагі, Шуні і Эцбон, Еры і Ароды, і Ар’элі.

17 А сыны Асэра: Імна, і Ішва, і Ішві і Бэрыя, і Сэрах, сястра іхняя. А сыны Бэрыі: Хевер і Малхіэль.

18 Гэта сыны Зільпы, якую даў Ляван Леі, дачцэ сваёй. Яна нарадзіла іх Якубу шаснаццаць душаў.

19 Сыны Рахелі, жонкі Якуба: Язэп і Бэн’ямін.

20 I нарадзіліся ў Язэпа ў зямлі Эгіпецкай Манаса і Эфраім, якіх нарадзіла яму Аснат, дачка Паты-Пэра, сьвятара з Ону.

21 А сыны Бэн’яміна: Бэла і Бэкер, і Ашбэль, Гера і Нааман, Эхі і Рош, Мупім і Хупім, і Ард.

22 Гэта сыны Рахелі, якіх яна нарадзіла Якубу, усіх душаў — чатырнаццаць.

23 А сыны Дана: Хушым.

24 Сыны Нэфталі: Яхцээль і Гуні, і Ецэр, і Шылем.

25 Гэта сыны Більгі, якую даў Ляван дачцэ сваёй Рахелі. Яна нарадзіла іх Якубу, усіх душаў — сем.

26 Усяго душаў, што прыйшлі з Якубам у Эгіпет, якія выйшлі са сьцёгнаў ягоных, акрамя жонак сыноў Якуба, усіх душаў — шэсьцьдзясят шэсьць.

27 А сыноў Язэпа, якія нарадзіліся яму ў Эгіпце, — дзьве душы. Усяго душаў з дому Якуба прыйшло ў Эгіпет семдзясят.

28 I паслаў ён Юду перад сабою да Язэпа, каб той скіраваў аблічча яго на Гашэн. I прыйшлі ў зямлю Гашэн.

29 I запрог Язэп калясьніцу сваю, і ўзыйшоў насустрач Ізраілю, бацьку свайму, у Гашэн, і паказаўся яму, і ўпаў на шыю ягоную, і плакаў на шыі ягонай зноў.

30 I сказаў Ізраіль Язэпу: «Магу паміраць я гэтым разам, як убачыў аблічча тваё, бо ты яшчэ жывы».

31 I сказаў Язэп братам сваім і дому бацькі свайго: «Я пайду і паведамлю фараону, і скажу яму: “Браты мае і дом бацькі майго, якія былі ў зямлі Ханаан, прыйшлі да мяне.

32 Гэтыя людзі — пастухі авечак, бо яны гадавалі статак. І авечак сваіх, і валоў сваіх, і ўсё, што ў іх, яны прывялі”.

33 I станецца, калі фараон пакліча вас і скажа: “Які занятак ваш?”,

34 вы скажаце: “Гадавалі статак слугі твае з маленства нашага і дагэтуль, і мы, і бацькі нашыя”, каб вы пасяліліся ў зямлі Гашэн, бо брыдзяцца Эгіпцяне кожным пастухом авечак».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help