ЛІКІ 23 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Лікі 23

1 І сказаў Білеам Балаку: «Пастаў мне тут сем ахвярнікаў і падрыхтуй мне сем бычкоў і сем бараноў».

2 І Балак зрабіў так, як прамовіў Білеам, і склалі ў ахвяру Балак і Білеам бычка і барана на ахвярніку.

3 І сказаў Білеам Балаку: «Застанься каля цэласпаленьня твайго, а я пайду, можа, мяне спаткае ГОСПАД, і слова, якое Ён мне зьявіць, я паведамлю табе». І ён узыйшоў на лысы ўзгорак.

4 І сустрэў Бог Білеама, і той сказаў Яму: «Паставіў я сем ахвярнікаў, і на кожным ахвярніку склалі ў ахвяру бычка і барана».

5 І ўлажыў ГОСПАД слова ў вусны Білеама, і сказаў: «Вярніся да Балака і гэта скажы».

6 І вярнуўся, і вось, стаіць каля цэласпаленьня свайго, ён і ўсе князі Мааву.

7 І абвясьціў ён прароцтва сваё, і сказаў: «З Араму прывёў мяне Балак, валадар Мааву, з гор усходніх,: “Прыйдзі і пракляні мне Якуба! Прыйдзі і навядзі няшчасьце на Ізраіля!”

8 Як магу я праклінаць таго, каго не праклінае Бог? Як магу навесьці на каго няшчасьце, калі ГОСПАД не наводзіць яго?

9 Бо я бачу яго з вяршыні скалаў і з узгорышчаў гляджу на яго. Вось, народ, які жыве асобна і сярод народаў ня лічыцца.

10 Хто можа палічыць пыл Якуба, і лік чацьвёртай часткі Ізраіля? Няхай памрэ душа мая сьмерцю справядлівых, і няхай будзе канец мой падобны іхняму».

11 І сказаў Балак Білеаму: «Што ты робіш? Я цябе паклікаў праклінаць ворагаў маіх, а ты, вось, дабраслаўляючы, дабраслаўляеш іх!»

12 І адказаў, і сказаў: «Хіба ня тое, што ўложыць ГОСПАД у вусны мае, я павінен прамаўляць?»

13 І сказаў яму Балак: «Ха­дзі са мной на іншае месца, з якога толькі частку ўбачыш, а ўсяго ня будзеш бачыць, і адтуль яго пракляні».

14 І завёў ён яго на Поле Вартаўнікоў, на вяршыню Пісгі, і пабудаваў сем ахвярнікаў, і ахвяраваў на ахвярніку бычка і барана.

15 І сказаў Балаку: «Застанься тут каля цэласпаленьня твайго, а я спаткаюся».

16 І сустрэў ГОСПАД Білеама, і ўлажыў словы ў вусны ягоныя, і сказаў: «Вяртайся да Балака і гэта прамовіш».

17 І вярнуўся, і вось, стаіць каля цэласпаленьня свайго, і князі Мааву з ім, і сказаў яму Балак: «Што прамовіў ГОСПАД?»

18 І ён абвясьціў прароцтва сваё, і сказаў: «Устань, Балак, і слухай, і прыхілі вуха, сыне Цыпора!

19 Бог — гэта не чалавек, каб Ён падманваў, і ня сын чалавечы, каб памыляўся. Ці ж Ён кажа і ня робіць? Ці ж Ён прамовіў і ня споўніў?

20 Вось, дабраслаўляць прывёў Ён мяне, і Ён дабраславіў, і я не стрымаю гэтага.

21 Не заўважна беззаконьня ў Якуба і ня бачна гора ў Ізраіля. ГОСПАД, Бог ягоны, з ім, і гоман у яго валадара ягонага.

22 Бог вывеў яго з Эгіпту. Ён для іх — як рог аднарога.

23 Няма варажбы ў Якуба, ані прадказаньняў у Ізраіля. У свой час будзе сказана Якубу і Ізраілю, што ўчыніць Бог.

24 Вось, народ, як ільвіца, падымаецца і, як леў, становіцца; ён ня ляжа, пакуль ня зьесьць здабычы і пакуль не нап’ецца крыві забітых».

25 І сказаў Балак Білеаму: «Калі ты праклёнам не праклянеш яго, дык не дабраслаўляй яго, дабраслаўляючы!»

26 І адказаў Білеам, і сказаў Балаку: «Ці ж я табе не прамаўляў, кажучы: "Усё тое, што мне ГОСПАД прамовіць, я зраблю"?»

27 І сказаў Балак Білеаму: «Хадзі, я завяду цябе на іншае месца. Можа, спадабаецца ў вачах Бога, і ты адтуль праклянеш яго?»

28 І завёў Балак Білеама на вяршыню Пэор, што ўзвышаецца перад абліччам бязьлюднай.

29 І сказаў Білеам Балаку: «Пабудуй мне тут сем ахвярнікаў і падрыхтуй мне тут сем бычкоў і сем бараноў».

30 І зрабіў Балак, як яму сказаў Білеам, і ахвяраваў бычка і барана на ахвярніку.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help