2 ВАЛАДАРОЎ 8 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

2 Вал 8

1 І Элісэй прамовіў да той жанчыны, сына якой уваскрасіў, кажучы: «Устань і ідзі ты і дом твой, і абжывіся на чужыне, бо ГОСПАД вырашыў пра голад, які прыхо­дзіць на зямлю гэтую на сем гадоў».

2 І ўстала жанчына, і зрабіла, як сказаў чалавек Божы. І пайшла яна і дом ейны, і абжылася ў зямлі Філістынцаў на сем гадоў.

3 І сталася праз сем гадоў, што жанчына вярнулася з зямлі Філістынцаў, і пайшла яна да валадара прасіць пра дому свайго і поля свайго.

4 А валадар размаўляў з Гехазіем, слугою чалавека Божага, кажучы: «Раскажы мне пра ўсе вялікія справы, якія ўчыніў Элісэй».

5 І калі ён расказваў валадару пра тое, як уваскрасіў мёртвага, вось, жанчына, сына якой ён уваскрасіў, прасіла валадара пра дому свайго і поля свайго. І сказаў Гехазі: «Гаспадару мой, валадар, гэта тая жанчына і гэта той сын ейны, якога ўваскрасіў Элісэй».

6 І спытаўся валадар жанчыну пра гэта, і яна расказала яму. І валадар даў ёй аднаго ўрадоўца, кажучы: «Вярні ёй усё, што яе, і ўсе прыбыткі з поля ад дня, у які пакінула яна зямлю, і аж да цяпер».

7 І прыйшоў Элісэй у Дамаск, а ў той час хварэў Бэн-Гадад, валадар Сірыі. І паведамілі яму, кажучы: «Прыйшоў сюды чалавек Божы».

8 І сказаў валадар Хазаэлю: «Вазьмі ў рукі твае дары і ідзі насустрач чалавеку Божаму, і спытайся ГОСПАДА пра знак, кажучы: "Ці я ачуняю з хваробы гэтай?"»

9 І пайшоў Хазаэль на спатканьне, і ўзяў дары ў рукі свае, і ўсе багацьці Дамаску наладаваў на сорак вярблюдаў. І прыйшоў ён, і стаў перад абліччам ягоным, і сказаў: «Сын твой Бэн-Гадад, валадар Сірыі, паслаў мяне да цябе, кажучы: “Ці я ачуняю з хваробы гэтай?”»

10 І Элісэй сказаў яму: «Ідзі і скажы яму: “Ачуняеш”. Але ГОСПАД паказаў мне, што ён сьмерцю памрэ».

11 І наставіў Элісэй вочы свае на яго, і доўга ўглядаўся, аж той засмуціўся. І пачаў плакаць чалавек Божы.

12 І сказаў Хазаэль: «Чаму плача гаспадар мой?» А ён сказаў: «Бо я ведаю, якое ліха ты зробіш сынам Ізраіля: умацаваньні іхнія спаліш агнём, юнакоў іхніх выб’еш мячом, дзяцей іхніх разьдзярэш і цяжарных жанчынаў іхніх пасячэш».

13 І сказаў Хазаэль: «Хто такі слуга твой, гэты сабака, каб рабіў такія вялікія рэчы?» І сказаў Элісэй: «ГОСПАД паказаў мне цябе як валадара Сірыі».

14 І пайшоў ён ад Элісэя, і прыйшоў да гаспадара свайго. А той сказаў яму: «Што сказаў табе Элісэй?» І ён сказаў: «Ён сказаў мне, што ачуняеш».

15 І сталася на наступны дзень, узяў посьцілку, і намачыў у вадзе, і палажыў на твар ягоны, і ён памёр. І Хазаэль стаў валадаром замест яго.

16 У пяты год Ярама, сына Ахава, валадара Ізраіля, Егарам, сын Язафата, валадара Юды, стаў валадаром Юды.

17 Меў ён трыццаць два гады, калі пачаў валадарыць і восем гадоў валадарыў у Ерусаліме.

18 І хадзіў ён шляхам валадароў Ізраіля, як рабіў дом Ахава, бо дачка Ахава была жонкай ягонай, і рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА.

19 Але ГОСПАД не хацеў зьнішчыць Юды дзеля Давіда, слугі Свайго, бо Ён казаў яму, што дасьць сьветач яму і сынам ягоным у-ва ўсе дні.

20 У дні ягоныя збунтаваўся Эдом, каб пад рукой Юды, і паставіў сабе валадара.

21 І пайшоў Егарам у Цаір, і ўсе калясьніцы ягоныя з ім. І ўстаў ён уначы, і ўдарыў Эдомцаў, якія атачылі яго і начальнікаў калясьніцаў, і ўцёк народ у намёты свае.

22 Але Эдом узбунтаваўся і з-пад рукі Юды па сёньняшні дзень. У той час узбунтавалася Лібна.

23 А іншыя дзеяньні Егарама, і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.,

24 І супачыў Егарам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда. І заваладарыў Ахазія, сын ягоны, пасьля яго.

25 У дванаццатым годзе Ярама, сына Ахава, валадара Ізраіля, пачаў валадарыць Ахазія, сын Егарама, валадара Юды.

26 Ахазія меў дваццаць два гады, калі стаў валадаром, і адзін год валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Аталія, дачка Омры, валадара Ізраіля.

27 І ён хадзіў шляхамі дому Ахава, і рабіў ліхоту ў вачах ГОСПАДА, як дом Ахава, бо быў ён сваяком дому Ахава.

28 І пайшоў ён з Ярамам, сынам Ахава, ваяваць супраць Хазаэля, валадара Сірыі, у Рамот Гілеадзкі, і Сірыйцы паранілі Ярама.

29 І вярнуўся валадар Ярам у Езрээль, каб лячыцца ад ранаў, якімі паранілі яго Сірыйцы ў Рамоце, калі ён ваяваў супраць Хазаэля, валадара Сірыі. І Ахазія, сын Егарама, валадар Юды, пайшоў адведаць Ярама, сына Ахава, у Езрээль, бо той быў хворы.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help