2 ВАЛАДАРОЎ 15 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

2 Вал 15

1 У дваццаць сёмым годзе Ерабаама, валадара Ізраіля, Азарыя, сын Амазіі, стаў валадаром Юды.

2 Меў ён шаснаццаць гадоў, калі стаў валадаром, і валадарыў у Ерусаліме пяцьдзясят два гады. Імя маці ягонай — Ехолія з Ерусаліму.

3 І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, усё, як рабіў Амазія, бацька ягоны.

4 Толькі ўзгоркі не былі зьнішчаныя, і народ складаў ахвяры, і кадзіў на ўзгорках.

5 І наведаў ГОСПАД валадара, і ён быў пракажоны аж да дня сьмерці сваёй, і жыў у доме самотна, а Ёатам, сын валадара, быў над домам і судзіў народ зямлі.

6 А іншыя дзеяньні Азарыі і ўсё, што ён рабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.

7 І супачыў Азарыя з бацькамі сваімі, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Давіда. І стаў валадаром пасьля яго Ёатам, сын ягоны.

8 У трыццаць восьмым годзе Азарыі, валадара Юды, Захарыя, сын Ерабаама, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на шэсьць месяцаў.

9 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, як рабілі бацькі ягоныя, і не адступіў ад грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля.

10 І Шальлюм, сын Ябэша, змовіўся супраць яго, і напаў на яго ў Іблеаме, і забіў, і заваладарыў на месцы ягоным.

11 А іншыя дзеяньні Захарыі запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.

12 Бо такое слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў да Егу, кажучы: «Сыны твае аж да чацьвёртага пакаленьня будуць сядзець на пасадзе Ізраіля». І так сталася.

13 Шальлюм, сын Ябэша, стаў валадаром у трыццаць дзявятым годзе Узіі, валадара Юды, і валадарыў адзін месяц у Самарыі.

14 І выйшаў Мэнахэм, сын Гадзі, з Тырцы, і прыйшоў у Самарыю, і напаў на Шальлюма, сына Ябэша, у Самарыі, і забіў яго, і стаў валадаром замест яго.

15 А іншыя дзеяньні Шальлюма і змова ягоная, якую ён учыніў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.

16 І спустошыў Мэнахэм Тыфсах і ўсё, што ў ім было, і ваколіцы ягоныя, ад Тырцы, бо не адчыніў яму. І ён выбіў яго, і ўсіх цяжарных жанчынаў пасек.

17 У трыццаць дзявятым годзе Азарыі, валадара Юды, Мэнахэм, сын Гадзі, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на дзесяць гадоў.

18 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і не адступаў ад грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля, у-ва ўсе дні свае.

19 І прыйшоў Пул, валадар Асірыі, у зямлю Ізраіля. І Мэнахэм даў Пулу тысячу талентаў срэбра, каб былі рукі ягоныя з ім і каб умацаваць валадарства ў руках сваіх.

20 І Мэнахэм гэтае срэбра разлажыў на Ізраільцянаў, на ўсіх людзей багатых, па пяцьдзясят сыкляў срэбра на кожнага чалавека, каб аддаць валадару Асірыі. І валадар Асірыі вярнуўся назад, і не застаўся ў зямлі Ізраіля.

21 А іншыя дзеяньні Мэнахэма і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.

22 І супачыў Мэнахэм з бацькамі сваімі, а пасьля яго стаў валадаром Пэкахія, сын ягоны.

23 У пяцідзясятым годзе Азарыі, валадара Юды, Пэкахія, сын Мэнахэма, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на два гады.

24 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і не адступаў ад грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля.

25 І змовіўся супраць яго Пэках, сын Рэмаліі, збраяносец ягоны, і забіў яго ў Самарыі ў вежы дому валадара з Аргобам і Арыяй, і з ім пяцьдзясят сыноў Гілеаду. І ён забіў яго, і стаў валадаром замест яго.

26 А іншыя дзеяньні Пэкахіі і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.

27 У пяцьдзясят другім годзе Азарыі, валадара Юды, Пэках, сын Рэмаліі, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на дваццаць гадоў.

28 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і не адступаў ад грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля.

29 У дні Пэкаха, валадара Ізраіля, прыйшоў Тыглят-Пілесэр, валадар Асірыі, і здабыў Абэль-Бэт-Мааху, Янаах, Кэдэш, Хацор, Гілеад, Галілею і ўсю зямлю Нэфталі, і перасяліў іх у Асірыю.

30 А Осія, сын Элы, змовіўся супраць Пэкаха, сына Рэмаліі, і напаў на яго, і забіў яго, і стаў валадаром замест яго ў дваццатым годзе Ётама, сына Узіі.

31 А іншыя дзеяньні Пэкаха і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.

32 У другім годзе Пэкаха, сына Рэмаліі, валадара Ізраіля, стаў валадаром Ётам, сын Узіі, валадара Юды.

33 Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі стаў валадаром, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Еруша, дачка Цадока.

34 І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА; паводле ўсяго, што рабіў Узія, бацька ягоны, ён рабіў.

35 Толькі ўзгоркі не былі зьнішчаныя, і народ складаў ахвяры, і кадзіў на ўзгорках. І пабудаваў ён верхнюю браму Дому ГОСПАДА.

36 А іншыя дзеяньні Ётама і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.

37 У дні ягоныя ГОСПАД пачаў пасылаць на Юду Рэцына, валадара Сірыі, і Пэкаха, сына Рэмаліі.

38 І супачыў Ётам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда, бацькі свайго. І стаў валадаром пасьля яго Ахаз, сын ягоны.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help