ПСАЛЬМЫ 31 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Пс 31

1 Кіраўніку хору. Псальм Давіда.

2 У Табе, ГОСПАДЗЕ, я маю надзею, ня дай мне асароміцца на вякі, у праведнасьці Тваёй выратуй Ты мяне!

3 Прыхілі да мяне вуха Тваё, хутчэй выратуй мяне! Будзь для мяне скалою, каб абаперціся, домам умацаваным, каб збавіць мяне!

4 Бо Ты — скала мая і замчышча маё, дзеля імя Твайго Ты будзеш весьці мяне і накіроўваць мяне.

5 Ты мяне выцягнеш з сеці, якую таемна супраць мяне, бо Ты — апора мая.

6 У рукі Твае аддаю я дух мой; Ты выбавіў мяне, ГОСПАДЗЕ, Бог праўды.

7 Ненавіджу я тых, што захоўваюць ілжывую марнасьць, бо я на ГОСПАДА спадзяюся.

8 Я буду радавацца і весяліцца праз міласэрнасьць Тваю, бо Ты глянуў на пакуты мае, спазнаў трывогі душы маёй,

9 і не аддаў мяне ў рукі ворага, паставіў ногі мае на вольны прастор.

10 Зьлітуйся нада мною, ГОСПАДЗЕ, бо я — прыгнечаны. Ад тугі высахла вока маё, і душа мая, і нутро маё.

11 Бо зьнікае ў смутку жыцьцё маё, і гады мае — ва ўздыханьні. Спатыкнулася ў беззаконьні маім сіла мая, і высахлі косткі мае.

12 Я стаўся ганьбаю для ўсіх, што ўціскаюць мяне, і нават для суседзяў маіх, страхоцьцем — для знаёмых маіх; хто бачыць мяне на вуліцы, уцякае ад мяне.

13 Я забыты ў сэрцах, як мёртвы; я стаўся як посуд разьбіты.

14 Бо я чуў зласлоўе ад многіх, жах наўкола! Яны сабраліся разам супраць мяне, яны задумалі ліхое, каб забраць душу маю.

15 Але я на Цябе спадзяюся, ГОСПАДЗЕ! Я кажу: «Ты — мой Бог!»

16 У руцэ Тваёй час мой; выратуй мяне з рукі ворагаў маіх і тых, якія перасьледуюць мяне.

17 Няхай сьвеціць аблічча Тваё над слугою Тваім; збаў мяне праз міласэрнасьць Тваю!

18 ГОСПАДЗЕ, ня дай Ты мне асароміцца, бо да Цябе я клічу! Няхай асаромяцца бязбожнікі, няхай яны змоўкнуць у пекле,

19 няхай занямеюць вусны хлусьлівыя, якія кажуць дзёрзка супраць праведніка з пыхлівасьцю і пагардай!

20 Якая вялікая добрасьць Твая, якую Ты захоўваеш для тых, што баяцца Цябе, і якую ўчыняеш тым, што маюць надзею ў Табе насуперак сынам чалавечым!

21 Пад заслонай аблічча Твайго Ты хаваеш іх ад закалотаў людзкіх, Ты засланяеш іх, як у намёце, ад языкоў, якія звадку.

22 Дабраслаўлёны ГОСПАД, бо Ён учыніў мне цуды міласэр­насьці ў горадзе ўмацаваным.

23 А я сказаў у зьбянтэжанасьці маёй: «Я адкінуты ад вачэй Тваіх!» Але Ты пачуў голас маленьня майго, калі я галасіў да Цябе!

24 Любіце ГОСПАДА, усе багабойныя Ягоныя! Верных захоўвае ГОСПАД, але тым, якія дзейнічаюць пыхліва, Ён адплочвае з лішкам.

25 Будзьце цьвёрдыя і ўмацуйце сэрца вашае, вы, якія спадзяецеся на ГОСПАДА!

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help