ЭСТЭР 4 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Эст 4

1 А Мардэхай даведаўся пра ўсё, што зрабілася, і разьдзёр Мардэхай шаты свае, і апрануў на сябе зрэбніцу і попел; і выйшаў на сярэдзіну гораду, і крычаў крыкам вялікім і голасным.

2 І прыйшоў аж да брамы валадарскай, бо нельга было ўваходзіць у браму валадарскую ў зрэбніцы.

3 І ў кожнай акрузе і месцы, куды дайшло слова валадара і закон ягоны, была вялікая жалоба ў Юдэяў, і пост, і плач, і галашэньне; і зрэбніца і попел сталіся ложкам для мноства.

4 І прыйшлі дзяўчаты Эстэр і эўнухі ейныя, і паведамілі ёй, і вельмі захвалявалася валадарка, і паслала шаты, каб Мардэхай апрануў і зьняў з сябе зрэбніцу сваю, але ён не прыняў.

5 І паклікала Эстэр Гатаха, з эўнухаў валадара, якога ён прыставіў да яе, і загадала даведацца пра Мардэхая, што гэта і чаму гэта.

6 І пайшоў Гатах да Мардэхая на гарадзкую плошчу, якая перад брамай валадарскай.

7 І паведаміў яму Мардэхай пра ўсё, што адбылося з ім, і пра вызначаную срэбра, якое абяцаў Аман адважыць у скарбніцу валадарскую за Юдэяў, каб выгубіць іх.

8 І даў яму водпіс ліста закону, выдадзенага ў Шушане на вынішчэньне, каб паказаў Эстэр і паведаміў ёй, і загадаў ёй, каб яна пайшла да валадара маліць яго і прасіць яго за народ свой.

9 І прыйшоў Гатах, і паведаміў Эстэр словы Мардэхая.

10 І сказала Эстэр Гатаху, і загадала Мардэхаю:

11 «Усе слугі валадара і народ акругаў валадарскіх ведаюць, што для кожнага мужчыны і жанчыны, хто ўвойдзе да валадара на ўнутраны панадворак, калі яго ня клікалі, адзін закон — мае быць забіты. І толькі той, да каго выцягне валадар скіпетр свой залаты, будзе жыць. А мяне ня клікалі, каб прыйсьці да валадара, вось ужо трыццаць дзён».

12 І ён паведаміў Мардэхаю словы Эстэр.

13 І сказаў Мардэхай, каб адказалі Эстэр: «Ня думай у душы тваёй, што ты з усіх Юдэяў уцячэш у доме валадарскім.

14 Бо калі моўчкі прамаўчыш у гэты час, палёгка і выратаваньне прыйдзе для Юдэяў з іншага месца, а ты і дом бацькі твайго загінеце. І хто ведае, ці ня дзеля такога часу, як гэты, ты дасягнула валадарства?»

15 І сказала Эстэр, каб адказалі Мардэхаю:

16 «Ідзі, зьбяры ўсіх Юдэяў, якія знаходзяцца ў Шушане, і посьціце за мяне, і ня ешце і ня піце тры дні, ані ўдзень, ані ўначы; і я, і дзяўчаты мае будзем таксама посьціць, і тады я пайду да валадара, хоць гэта не паводле закону, і калі маю загінуць, дык загіну».

17 І адыйшоў Мардэхай, і зрабіў усё, як загадала яму Эстэр.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help