ЛІКІ 32 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Лікі 32

1 А ў сыноў Рубэна і сыноў Гада былі шматлікія статкі, вельмі шматлікія. І яны ўбачылі зямлю Язэр і зямлю Гілеад, і вось, гэта на гадоўлю быдла.

2 І прыйшлі сыны Рубэна і сыны Гада, і сказалі Майсею, і Элеазару сьвятару, і князям грамады, кажучы:

3 «Атарот, Дыбон, Язэр, Німра, Хешбон, Элеале, Сэвам, Нэво і Вэон,

4 зямля, якую здабыў ГОСПАД перад абліччам грамады Ізраіля, зямля для гадоўлі быдла, а слугі твае маюць статкі».

5 І сказалі: «Калі мы знайшлі ласку ў вачах тваіх, дай гэтую зямлю слугам тваім на ўласнасьць, не пераводзь нас праз Ярдан».

6 І сказаў Майсей сынам Гада і сынам Рубэна: «Браты вашыя пойдуць ваяваць, а вы тут бу­дзеце сядзець?

7 Навошта вы стрымліваеце сэрца сыноў Ізраіля, каб яны не перайшлі ў зямлю, якую даў ім ГОСПАД?

8 Так зрабілі бацькі вашыя, калі я паслаў іх з Кадэш-Барнэа выведаць зямлю.

9 І дайшлі яны да даліны Эшколь, і ўбачылі яны зямлю, і збунтавалі яны сэрцы сыноў Ізраіля, каб не ішлі яны ў зямлю, якую даў ім ГОСПАД.

10 І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА ў той дзень і Ён прысягнуў, кажучы:

11 “Ня ўбачаць гэтыя людзі, якія выйшлі з Эгіпту ў дваццаць гадоў і вышэй, зямлі, якую Я пад прысягай абяцаў Абрагаму, Ісааку і Якубу, бо яны ня слухаліся Мяне,

12 акрамя Халева, сына Ефунны, Кенэзеяніна, і Егошуа, сына Нуна, бо яны слухаліся ГОСПАДА!”

13 І гневаўся ГОСПАД на Ізраіля, і вадзіў яго па пустыні сорак гадоў, пакуль не памерла ўсё пакаленьне, якое рабіла зло перад вачыма ГОСПАДА.

14 І вось, вы сталі замест бацькоў вашых, людзей грэшных, каб павялічыць лютасьць гневу ГОСПАДА на Ізраіля.

15 Калі зноў адвернецеся ад Яго, зноў Ён будзе вадзіць вас па пустыні, і вы загубіце ўвесь народ гэты».

16 І яны падыйшлі бліжэй да яго, і сказалі: «Мы пабудуем загарадкі для авечак і для статкаў нашых і гарады для дзяцей нашых,

17 а самі, узброеныя, пойдзем хутка перад абліччам сыноў Ізраіля, пакуль не ўвядзём іх у месцы, дзе яны будуць жыць. Дзеці нашыя будуць жыць у гарадах мураваных дзеля ад жыхароў зямлі гэтай.

18 Ня вернемся мы ў дамы нашыя, пакуль не авалодаюць сыны Ізраіля спадчынай сваёй.

19 Мы ня будзем шукаць спадчыны з імі на тым баку Ярдану або далей, бо ўжо маем спадчыну сваю на ўсходнім беразе Ярдану».

20 І Майсей сказаў ім: «Калі ўчыніце паводле слова гэтага, калі ўзброеныя пойдзеце перад абліччам ГОСПАДА на бітву,

21 і калі кожны з вас, узброены, пяройдзе Ярдан перад абліччам ГОСПАДА, аж пакуль Ён ня выганіць ворагаў Сваіх перад абліччам Сваім,

22 і будзе здабытая зямля перад абліччам ГОСПАДА, а потым вернецеся, тады ня будзеце вінаватыя перад ГОСПАДАМ і перад Ізраілем і возьмеце зямлю гэтую на ўласнасьць перад абліччам ГОСПАДА.

23 А калі ня зробіце так, вы дапусьціцеся грэху перад ГОСПАДАМ, і ведайце, што грэх ваш знойдзе вас.

24 Дык будуйце гарады дзецям вашым і загарадкі для авечак вашых, і тое, што выйшла з вуснаў вашых, зрабіце».

25 І сказалі сыны Гада і сыны Рубэна Майсею, кажучы: «Слугі твае зробяць так, як загадаў гаспадар наш.

26 Дзеці нашыя, жонкі нашыя, статкі нашыя і ўсё быдла нашае застануцца ў гарадах Гілеаду,

27 а слугі твае, усе ўзброеныя, пойдуць перад абліччам ГОСПАДА на вайну, як прамовіў гаспадар наш».

28 І загадаў Майсей Элеазару сьвятару і Егошуа, сыну Нуна, і галовам дамоў бацькоў сыноў Ізраіля,

29 і сказаў ім Майсей: «Калі сыны Гада і сыны Рубэна разам з вамі пяройдуць Ярдан, усе ўзброеныя на бітву перад абліччам ГОСПАДА, і вы завалодаеце зямлёю, дайце ім зямлю Гілеад на ўласнасьць.

30 А калі ня пойдуць разам з вамі, узброеныя, атрымаюць пасяленьні паміж вас у зямлі Ханаан».

31 І адказалі сыны Гада і сыны Рубэна, кажучы: «Як прамовіў ГОСПАД да слугаў тваіх, так і зробім.

32 Мы пойдзем, узброеныя, перад абліччам ГОСПАДА ў зямлю Ханаан, а ўласнасьць нашая, спадчына нашая з гэтага боку Ярдану».

33 І даў Майсей сынам Гада і Рубэна і палове пакаленьня Манасы, сына Язэпа, валадарства Сыгона, валадара Амарэйцаў, і валадарства Ога, валадара Башану, зямлю з гарадамі і гарады зямлі навокал.

34 І адбудавалі сыны Гада Дыбон, Атарот, Араэр,

35 Атрот-Шафан, Язэр і Ёгбэгу,

36 Бэт-Німру і Бэт-Гаран, мураваныя гарады і загарадкі для авечак.

37 А сыны Рубэна адбудавалі Хешбон, Элеале, Кірыятаім,

38 Нэво, Баал-Мэон, зьмяніўшы іх назвы, Сібму, і назвалі імёны гарадоў, якія адбудавалі.

39 І пайшлі сыны Махіра, сына Манасы, у Гілеад, і занялі яго, і выгналі Амарэйцаў, што ў ім.

40 І даў Майсей Гілеад Махіру, сыну Манасы, і ён абжыўся ў ім.

41 А Яір, сын Манасы, пайшоў і заняў мястэчкі, якія назваў Хават-Яір.

42 А Нобах пайшоў і заняў Кенат з ваколіцамі ягонымі, і назваў яго імем сваім, Нобах.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help