ЛЯВІТ 8 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Ляв 8

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Вазьмі Аарона і сыноў ягоных, адзеньне, алей памазаньня, бычка на ахвяру за грэх, два бараны і кош прэсных хлябоў.

3 Пасьля зьбяры ўсю грамаду каля ўваходу ў Намёт Спатканьня».

4 Майсей зрабіў так, як яму ГОСПАД загадаў, і грамада сабралася каля ўваходу ў Намёт Спатканьня.

5 І сказаў Майсей грамадзе: «Вось слова, якое загадаў ГОСПАД выканаць!»

6 І прывёў Майсей Аарона і сыноў ягоных, і абмыў іх вадою.

7 І ўсклаў на яго шату льняную, і падперазаў яго паясом, і апрануў на яго верхнюю шату, і наверх усклаў эфод, і апаясаў яго пасам эфоду, і прымацаваў на ім эфод.

8 І ўсклаў на яго нагруднік, на якім разьмясьціў урым і тумім,

9 і ўсклаў яму на галаву мітру і на ёй залатую дыядэму, сьвяты вянок, як загадаў Майсею ГОСПАД.

10 Потым узяў Майсей алей памазаньня, і памазаў Сялібу разам з усім, што ў ёй было, і асьвяціў гэта.

11 І пакрапіў ён ахвярнік сем разоў, і памазаў ахвярнік разам з яго прыналежнасьцямі, і мыцельнік, і яго падставу, каб асьвяціць іх.

12 І паліў ім галаву Аарона, і памазаў яго, каб асьвяціць яго.

13 І наблізіў сыноў Аарона, і апрануў іх у шаты, і падперазаў іх паясамі, і ўсклаў на іх галовы турбаны, як загадаў ГОСПАД Майсею.

14 І прывёў бычка ў ахвяру за грэх. І Аарон і сыны ягоныя ўсклалі рукі свае на галаву ахвяры за грэх.

15 І Майсей забіў яго, і, узяўшы крыві яго, пальцам памазаў рагі ахвярніка кругом, і ачысьціў ахвярнік. А рэшту крыві выліў на падставу ахвярніка, і асьвяціў яго, ачышчаючы яго.

16 І ўзяў ён увесь тлушч, які на нутры, і тлушч на вантробе, і абедзьве ныркі разам з тлушчам, і спаліў іх на ахвярніку,

17 а бычка і скуру ягоную, і мяса ягонае, і нячыстасьці ягоныя спаліў у агні па-за табарам, як загадаў ГОСПАД Майсею.

18 І прывёў барана ў ахвяру цэласпаленьня. І Аарон і сыны ягоныя ўсклалі на галаву ягоную рукі свае.

19 І Майсей забіў яго, і пакрапіў кругом ахвярніка крывёю,

20 і пасек барана на часткі, і спаліў галаву, і кавалкі, і тлушч,

21 а нутро і ногі памыў вадой. І спаліў Майсей усяго барана ў агні на ахвярніку. Гэта цэласпаленьне, мілы пах, ахвяра агнявая для ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею.

22 І прывялі другога барана, барана асьвячэньня. І Аарон і сыны ягоныя ўсклалі рукі свае на галаву ягоную.

23 І Майсей забіў яго, і ўзяў крыві ягонай, і памазаў ёю верх правага вуха Аарона, вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.

24 І прывёў Майсей сыноў Аарона, і памазаў крывёй верх правага вуха іхняга, і вялікі палец правай рукі іхняй, і вялікі палец правай нагі іхняй, і пакрапіў Майсей крывёю ахвярнік з усіх бакоў.

25 Потым узяў тлушч, хвост і ўвесь тлушч, які на нутры, разам з тлушчам на вантробе, абедзьве ныркі і іхні тлушч, і правую лапатку,

26 і з каша праснакоў, які стаяў перад абліччам ГОСПАДА, узяў адзін праснак, адну аладку на алеі і адзін сухарык, і палажыў на тлушч і на правую лапатку.

27 І палажыў усё гэта на рукі Аарона і сыноў яго, і патрос гэтым перад абліччам ГОСПАДА.

28 І ўзяў усё гэта Майсей з рук іхніх, і спаліў на ахвярніку разам з цэласпаленьнем. Гэта ахвяра асьвячэньня на мілы пах, ахвяра агнявая для ГОСПАДА.

29 І ўзяў Майсей грудзіну, і патрос яе перад абліччам ГОСПАДА. Гэта была частка Майсею з барана ахвяры асьвячэньня, як загадаў ГОСПАД Майсею.

30 І ўзяў Майсей крыху алею памазаньня і крыху крыві з ахвярніка, і пакрапіў Аарона і шаты ягоныя, а таксама сыноў ягоных і шаты іхнія. І асьвяціў Аарона і шаты ягоныя, а таксама сыноў ягоных і шаты іхнія.

31 І сказаў Майсей Аарону і сынам ягоным: «Зварыце мяса каля ўваходу ў Намёт Спатканьня і там ешце яго і хлеб, які ў кашы ахвяры асьвячэньня, як мне было загадана: “Аарон і сыны ягоныя будуць есьці яго”.

32 А што застанецца з мяса і хлябоў, спаліце агнём.

33 Ад уваходу ў Намёт Спатканьня не адыходзьцеся сем дзён, аж да дня заканчэньня асьвячэньня вашага, бо сем дзён будзе працягвацца асьвячэньне.

34 І што я зрабіў сёньня, так загадаў ГОСПАД рабіць, каб ачысьціць вас.

35 Каля ўваходу ў Намёт Спатканьня заставайцеся днём і ноччу сем дзён на варце ГОСПАДА, каб не паўміралі, бо гэтак мне было загадана».

36 І зрабілі Аарон і сыны ягоныя ўсё, што загадаў ім ГОСПАД праз Майсея.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help